МУС распавяло сваю версію, за што пасадзілі пярэваратня ў пагонах Згірскага
Прэс-служба МУС выпусціла заяву наконт артыкула «Нашай Нівы». Сілавікі даводзяць, што 27-гадовага супрацоўніка крымінальнага вышуку Докшыцкага РАУС Міхаіла Згірскага пасадзілі зусім не за тое, што ён кіраваў бандай, якая ў балаклавах рабавала дальнабойшчыкаў.
Учора «Наша Ніва» напісала, што суд Нясвіжскага раёна паставіў прамежкавую кропку ў гісторыі супрацоўніка крымінальнага вышуку Докшыцкага РАУС Міхаіла Згірскага. Днямі яго асудзілі да 8 гадоў калоніі за вымагальніцтва і злоўжыванне ўладай.
У маі 2024 года сілавікі адрапартавалі аб затрыманні пяці чалавек, якія абкрадалі прыпаркаваныя фуры. Пакуль кіроўца спаў у кабіне, злачынцы ўзломвалі замок грузавога адсека, загружалі свой мікрааўтобус крадзеным таварам і з'язджалі з месца злачынства.
«Наша Ніва» тады назвала імя кіраўніка банды — супрацоўніка крымінальнага вышуку Докшыцкага РАУС Міхаіла Згірскага. Ён не толькі даводзіў удзельнікам банды інфармацыю пра ход расследаванняў крымінальных спраў па здзейсненых эпізодах і прымаў удзел у планаванні рабаванняў, але і сам удзельнічаў у гэтых налётах.
Але публічна кіраўніцтва МУС і тады рашуча абвергла гэту інфармацыю незалежных СМІ. Міністр Іван Кубракоў тады выступіў з відэазваротам: маўляў, банда была, але ніякі міліцыянер у яе не ўваходзіў. Пра лёс Міхаіла Згірскага ён тады прамаўчаў. Аказалася, сілавікі вырашылі выдзеліць справу Згірскага ў асобную вытворчасць — каб не пляміць ведамства.
Цяпер МУС вырашыў выступіць з заяваю менавіта пра Згірскага.
Паводле ведамства, інфармацыя пра ўдзел супрацоўніка крымінальнага вышуку Докшыцкага РАУС у здзяйсненні крадзяжоў з грузавога транспарту ў Аршанскім раёне, «не адпавядае рэчаіснасці».
«Супрацоўнік крымінальнага вышуку Докшыцкага РАУС Міхаіл Згірскі і яго саўдзельнік затрыманыя ў маі бягучага года за здзяйсненне махлярства і вымагальніцтва ў дачыненні да мінчаніна, які, на думку зламыснікаў, займаўся незаконнымі здзелкамі з крыптаваютай. Згірскі і яго саўдзельнік далі прызнальныя паказанні. Судом Нясвіжскага раёна названыя асобы прысуджаныя да пазбаўлення волі», — гаворыцца ў заяве МУС.
Цікава, што канкрэтны тэрмін Згірскаму — 8 гадоў калоніі — МУС не называе. Магчыма, каб не пацвердзіць тое, што «Наша Ніва» насамрэч валодае інфармацыяй. Прысуд не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны.
Каментары