Спікер парламента Наталля Качанава разбіралася з ляхавіцкай маршруткай
Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава правяла прыём грамадзян. З якімі праблемамі да яе дайшлі людзі, якіх адфутболілі менш аўтарытэтныя ўстановы?
Напрыклад, спікерцы парламента давялося разбірацца з праблемай маршруткі Мінск — Ляхавічы, піша «Звязда».
Заснавальнік транспартнай кампаніі, якая ажыццяўляе пасажырскія перавозкі паміж Мінскам і Ляхавічамі, паскардзіўся, што яго маршруткам не дазваляюць рабіць прыпынкі ў гарадах, якія знаходзяцца па дарозе. Ён нават прынёс подпісы жыхароў Клецка і Нясвіжа, якія хацелі б мець магчымасць ездзіць на ляхавіцкай маршрутцы.
Дырэктар «Мінаблпасажыртранса» Аляксандр Кахно даводзіў, што забарона цалкам законная. Ён патлумачыў, што паколькі Ляхавічы знаходзяцца ў Брэсцкай вобласці, то трэба прайсці спецыяльную працэдуру, каб атрымаць дазвол рабіць дадатковыя прыпынкі яшчэ і ў Мінскай вобласці. Дый увогуле ў Нясвіжы і Клецку ёсць свае маршруткі. Таму, маўляў, калі сеў на ляхавіцкую маршрутку, то і едзь да сваіх Ляхавічаў.
Качанава запярэчыла — нельга забараняць людзям выйсці на тым прыпынку, дзе яны хочуць. Цяпер Міністэрства транспарту і камунікацый атрымае даручэнне змяніць абсурдную норму закона. У бюракратычнай беларускай сістэме для гэтага спатрэбіўся вокрык зверху.
Каментары