«Усе будуць хадзіць «качкай», пакуль у цябе мазгоў не дадасца». Беларусы расказалі, як яны ці іх дзеці падвяргаліся булінгу
Жахлівы выпадак адбыўся нядаўна ў Італіі: там 15-гадовы сын беларускі скончыў жыццё самагубствам, выкарыстоўваючы табельны пісталет свайго бацькі-паліцэйскага. Прычынай стаў булінг з боку аднагодкаў. Дыскусія па гэтай праблеме набыла ў Італіі нацыянальны маштаб, а ў горадзе, дзе ўсё адбылося, абвясцілі жалобу. Але, на жаль, праблема булінга актуальная і ў нашай краіне. «Моцныя навіны» сабралі гісторыі людзей, якія прайшлі праз здзекі.
«Класа да 7-га, акрамя Маўглі, мяне ніхто ніяк не называў»
Таццяне 30 гадоў. Яна даўно скончыла школу, універсітэт, працуе ў сферы продажаў і завяла сям'ю. У наступным годзе будзе 14 гадоў з моманту заканчэння школы, але яна ні разу не была на сустрэчы выпускнікоў — усё з-за аднакласнікаў, якія зладзілі ёй сапраўднае пекла ў школьныя гады.
«Я заўсёды трохі адрознівалася ад аднагодкаў — была смуглявай. У двары хлопчыкі мяне дражнілі. Прыходзіла дадому, плакала, пыталася ў мамы, чаму мяне нарадзілі такой. Цяпер разумею, што мае аднагодкі рабілі гэта не ад вялікага розуму, але тады гэта было сапраўднай трагедыяй.
У глыбіні душы я вельмі зайздросціла дзяўчынцы Ані, маёй аднагодцы, якая жыла паверхам вышэй — бландынцы з блакітнымі вачыма. Яе ніхто не дражніў, усе лічылі прыгажуняй. «Была б я такой, як Аня, як бы мне было выдатна жыць» — думала я», — успамінае Таццяна.
Кожнае лета бацькі адвозілі дзяўчынку на вёску. Так было напярэдадні першага класа. Усё бесклапотнае лета Таня бавіла на свежым паветры, хадзіла купацца, адпачывала. Вярнулася дадому з шыкоўным загарам. Дарослыя раздавалі кампліменты, казалі, што яна выглядае, быццам адпачывала на курорце.
«І вось 1 верасня я са сваім шыкоўным загарам, з велізарным бантам, святочным касцюмам прыйшла разам з мамай у школу. Урачыстая лінейка скончылася, а калі зайшла ў клас, аднакласнік параўнаў мяне з Маўглі з мульціка. І панеслася. Класа да 7-га, акрамя Маўглі, мяне ніхто ніяк не называў. З мяне хіхікалі, хавалі рэчы, я сядзела адна на задняй парце. Адзінае, за што я ўдзячная аднакласнікам, дык толькі за тое, што навучылі разлічваць толькі на сябе. Я ведала, што мне ніхто не дапаможа і не дасць спісаць, таму па-сапраўднаму працавала і добра рыхтавалася да кожнага прадмета», — кажа Таццяна.
Па словах дзяўчыны, так працягвалася прыкладна да восьмага класа. Потым да іх сталі пераводзіць дзяцей з іншых школ: адна дзяўчынка была з няшчаснай сям'і і апраналася прыкметна горш за астатніх, другой не давалася вучоба ад слова зусім, і яе разумовыя здольнасці былі прадметам насмешкі.
«Я не ўдзельнічала ў іх цкаванні, але і не заступалася. Проста не хацелася зноў стаць прадметам здзекаў. Настаўнікі рабілі выгляд, што нічога не заўважаюць, класная кіраўніца таксама асабліва не ўнікала ў праблемы нашага «калектыву» — ёй далі нас за год да пенсіі, таму яна проста «адбывала павіннасць». Мае бацькі таксама прытрымліваліся пасіўнай пазіцыі: так, шкадавалі, так, падтрымлівалі, але каб пайсці і разабрацца з маімі крыўдзіцелямі — такога не было.
Цяпер, ужо стаўшы мамай, я разумею, што на іх месцы я б разнесла ўсё, калі б маё дзіця цкавалі — пачынаючы ад дзяцей і іх бацькоў і заканчваючы дырэктарам», — разважае Таццяна.
Канчаткова ад дзяўчыны, па яе словах, адсталі ў дзявятым класе. Яна выцягнулася, папрыгажэла, на яе пачалі заглядацца хлопчыкі. Клас нават трохі згуртаваўся, разам хадзілі на школьныя дыскатэкі, у паходы. Але па самаацэнцы дзяўчыны папярэднія гады цкавання праехаліся катком: яна ніколі не адчувала сябе прыгожай, разумнай, вышуквала ў сабе недахопы.
«Я ні з кім не маю зносін са сваіх былых аднакласнікаў — няма жадання. Я не магу забыць сем гадоў бесперапыннага кашмару, слёз, рук, якія трасуцца перад школай, таму што ведаеш — як толькі адчыняцца дзверы ў кабінет, цябе чакае новая порцыя нянавісці», — кажа Таццяна.
Па яе словах, усе школьныя гады яна думала, што з ёй нешта не так, раз яна заслужыла такое стаўленне. Толькі з часам ёй стала зразумела, што ні знешняе адрозненне, ні адсутнасць грошай, ні нейкія разумовыя здольнасці не падстава ладзіць цкаванне іншага чалавека.
«Мару майго дзіцяці пра футбол растаптаў неадэкватны трэнер»
Калі сыну Вольгі споўнілася 10 гадоў, ён папрасіў аддаць яго ў секцыю па футболе. Мама пагадзілася: актыўнасць карысная дзіцяці, да таго ж хлапчук даўно фанацеў ад гульні, абвешваў пакой плакатамі з любімымі футбалістамі, бываў на некалькіх матчах у Мінску.
Спачатку, па словах Вольгі, усё ішло добра: хлапчук з ахвотай ездзіў на трэніроўкі, дадому вяртаўся змучаным, але задаволеным. Але ў нейкі момант усё змянілася. Запал у вачах дзіцяці знік, ён стаў часцей прапускаць спартыўныя заняткі, спасылаючыся на дрэннае самаадчуванне.
«Мы з мужам не разумелі, што адбываецца. Думалі, што, магчыма, стамляецца ў школе, адсюль і нежаданне трэніравацца, але потым высветлілася, што праблема трохі ў іншым», — успамінае жанчына.
Неяк хлопчык пасля трэніроўкі прызнаўся маме, што трэнер паводзіць сябе з ім, мякка кажучы, груба.
«Па словах дзіцяці, яны праводзілі нейкі матч падчас трэніроўкі, усе падзяліліся на дзве каманды. Сын дапусціў памылку падчас гульні. Пасля трэнер пастроіў усіх хлапчукоў і прымусіў іх хадзіць на сагнутых нагах са словамі «ўсе будуць хадзіць «качкай», пакуль у цябе мазгоў не дадасца». Пасля ў распранальні іншыя хлапчукі казалі сыну, што не збіраюцца праз яго «пакутаваць»», — расказала Вольга.
Праз некаторы час сітуацыя паўтарылася: трэнеру зноў нешта не спадабалася, і ён сказаў хлопчыку, што калі той не пойдзе з поля, ён паставіць усю каманду ў планку.
40 хвілін дзіця прасядзела ў слязах адно ў распранальні. З маўклівай згоды трэнера з яго сталі здзекавацца і астатнія: маглі штурхнуць або паставіць падножку, заплечнік заліць вадой або закінуць на шафу, выкінуць буцы ў акно.
Разабрацца, у чым справа, паехаў тата хлопчыка. Але трэнер сказаў, што ўсё ў парадку, дысцыпліны дзіця трымаецца, а ягоныя метады, якія здаюцца жорсткімі, толькі выхоўваюць характар.
«У мяне вочы на лоб палезлі пасля таго, як мне муж усё расказаў. Якія метады выхавання? Дарослы чалавек дае зялёнае святло на цкаванне 10-гадовага хлопчыка? Гэта павінна выхаваць характар?» — задаецца пытаннем мама.
У выніку сям'я прыняла рашэнне забраць сына з секцыі. Хлопчык і сам быў не супраць.
«Мару майго дзіцяці пра футбол растаптаў неадэкватны трэнер. Ён страціў да гульні ўсякую цікавасць, паздымаў са сценаў плакаты. Хоць у яго былі нядрэнныя задаткі і, магчыма, у іншых абставінах сын бы раскрыўся больш», — лічыць Вольга.
Пракаментаваць сітуацыі і даць парады «Моцныя навіны» папрасілі псіхолага Вольгу Лапахіну.
«Па-першае, мяне вельмі ўразіла гісторыя маленькага футбаліста. Я цалкам згодная з бацькамі, якія забралі яго з секцыі. Паводзіны трэнера — прыклад булінгу, а ніяк не выхаванне характару. Гэта цкаванне аднаго безабароннага дзіцяці з дазволу аднаго недалёкага дарослага. На месцы бацькоў я б не пакідала такія паводзіны беспакаранымі, а звярнулася б да кіраўніцтва секцыі, а можа нават і вышэй. Бо трэнер не спыніцца — ён знойдзе новую ахвяру і будзе таксама здзекавацца», — пракаментавала Вольга Лапахіна.
Паводле слоў спецыялісткі, цяпер існуе шмат рэкамендацый, якія даюць ахвярам булінгу, аднак не ўсе яны дапамагаюць.
Так, напрыклад, часта раяць пазбягаць крыўдзіцеля, не звяртаць на яго ўвагі. Але гэта не працуе адразу па некалькіх прычынах: па-першае, закладае ў галаве ўстаноўку, што калі табе дрэнна, то трэба проста не звяртаць увагі і трываць.
Па-другое, часцей за ўсё тыя, хто здзекуецца, «падсілкоўваюцца» рэакцыяй ахвяры, а калі не дамагаюцца гэтага, могуць падключыць больш вытанчаныя спосабы.
Яшчэ адна парада, якая не працуе, але якую можна атрымаць ад дарослага, — паспрабаваць даць адпор. Не трэба забывацца, што цкаванне часцей за ўсё арганізоўваюць тыя, хто мацнейшы за ахвяру, альбо нападкі робяцца калектыўна. Адзін, можа, у полі і воін, але ёсць сілы, з якімі, на жаль, справіцца нерэальна.
Што ж рабіць, калі трапіў у складаную сітуацыю?
- Звярнуцца па дапамогу да дарослых. Не маўчы! Маўчанне — гэта маўклівая згода на тое, што адбываецца. Бацькі, настаўнікі, знаёмыя … Не бойся расказаць ім, што з табой адбываецца.
- Запісвай усё, што з табой адбываецца, фіксуй абразы на дыктафон. Калі ўжываўся фізічны гвалт (у школе, напрыклад), фатаграфуй альбо ідзі да медсястры. Не выключана, што для разборак з крыўдзіцелем спатрэбяцца доказы.
- Звярніся да спецыяліста: ніводная ахвяра не заслугоўвае цкавання на свой адрас. Гэта трэба дакладна разумець.
Людзям, якія перажылі булінг, неабходная праца з псіхолагам, каб пасля перанесенага стрэсу жыць нармальна, пазбавіцца ад траўмаў і не закрывацца ад знешняга свету.
Падлеткі ў Баранавічах стварылі чат для булінгу аднагодкаў, але ён трапіўся на вочы сілавікам
У Італіі загінуў 15-гадовы сын беларускі. Магчыма, гэта праз булінг
З чым звязаны рост колькасці дэпрэсій у дзяцей і моладзі?
Пяць галоўных памылак бацькоў у камунікацыі з падлеткамі
Чацвера білі, а трое здымалі на тэлефон. Дзяўчынка з-пад Мінска стала ахвярай булінгу
Дзяўчынцы ў чэшскай школе плюнулі ў твар, бо яна ўкраінка. Прэзідэнт Чэхіі сустрэўся з ёй, каб падтрымаць
Публікацыя відэа са сцэнай збівання салігорскага сямікласніка выклікала рэзананс і прыцягнула ўвагу да праблемы
Каментары
Што у іх агульнага? Прымусовасць.
Ні зэк, ні салдат, ні вучань не можа памахаць ручкай і пайсці.
І з секцыі ён мабыць не мог сыйсці - бацькі ціснулі, можа грошы плацілі, надзеі цешылі.