Здарэнні

Самы маштабны зліў дакументаў «Pandora papers»: што гэта, што там пра Беларусь, пры чым тут Шэйман і яго сын

Міжнародны кансорцыум журналістаў-даследчыкаў (ICIJ) каля года таму атрымаў амаль 12 мільёнаў дакументаў афшорных рэгістратараў некалькіх краін. Пасля працяглай працы пачынаюць выходзіць матэрыялы, прысвечаныя таемным актывам прэзідэнтаў, міністраў, манархаў, якімі яны валодаюць праз афшоры. Выйшла і вялікае расследаванне беларускіх журналістаў, прысвечанае інтарэсам Віктара Шэймана ў Зімбабвэ. Пра што ідзе гаворка і чаму гэта важна, «Нашай Ніве» распавялі журналісты, якія працавалі над матэрыялам: Станіслаў Івашкевіч і Алесь Ярашэвіч (чальцы Беларускага расследавальніцкага цэнтру), якія робяць перадачу «Давайце Разбірацца» на тэлеканале, што беларускія ўлады прызналі экстрэмісцкім. А таксама літоўскі журналіст Шарунас Чарняўскас.

«Найбуйнейшы зліў у гісторыі»

«Злівы дакументаў былі і раней, але «Пандора» — гэта найбуйнейшы ў гісторыі. Дакументы трапілі ў міжнародны кансорцыум журналістаў-расследавальнікаў, на працягу апошняга года з імі працавалі каля 600 журналістаў больш чым з сотні краін, — кажа Стась Івашкевіч. — Усё рабілася, каб мінімізаваць любыя ўцечкі, прымалі ўсе магчымыя перасцярогі. 

Стась Івашкевіч

Я з’яўляюся кіраўніком Беларускага расследавальніцкага цэнтра, у маёй камандзе працуе Алесь Ярашэвіч. Нас запрасілі да працы з дакументамі «Пандоры», бо мы даўнія партнёры міжнароднага кансорцыуму расследавальнікаў. 

Таксама я быў у журы пітчынгу журналісцкіх расследаванняў у Кіеве, там журналіст Аляксей Карпека падаваўся з тэмай кампаніі «Zim Goldfields», хацеў адшукаць яе ўласнікаў. Мы абмяняліся інфармацыяй, і зразумелі, што гэтая кампанія — «наш кліент».

Журналісты працавалі над матэрыялам каля трох месяцаў, расказвае Алесь Ярашэвіч. Складалі храналогію падзей, шукалі ўсю магчымую інфармацыю пра стасункі Беларусі і Зімбабвэ.

Алесь Ярашэвіч

«Мы шукалі доказы не толькі ў архівах «Пандоры», але і ў іншых крыніцах, супрацоўнічалі з калегамі-журналістамі з Зімбабвэ», — расказвае Ярашэвіч.

Што ж высветлілі расследавальнікі?

Аказалася, што ў Зімбабвэ працуе кампанія пад назвай «Zim Goldfields», створаная ў 2018 годзе. Увагу на яе звярнулі ўвосень 2020 года, калі на ўчастку, які належаў кампаніі, выпадкова жыўцом засыпалі дзясятак чалавек.

З дапамогай дакументаў «Пандоры» журналісты высветлілі, што большай часткай «Zim Goldfields» валодае брытанская кампанія «Midlands Goldfields Limited», якой кіруе афшорная фірма «Midlands Goldfields Foundation».

Апошнюю фірму заснавалі ў 2017 годзе вядомы беларускі бізнэсмен Аляксандр Зінгман і Сяргей Шэйман — сын Віктара Шэймана, колішняга кіраўніка справамі Лукашэнкі. 

А працай на ўчастках займалася беларуская кампанія «Белгеапошук», якая належыць «Глобалкастам-менеджмент». Адзін з уладальнікаў «Глобалкастам-менеджмент» Яўген Жоўнер, былы супрацоўнік беларускага Упраўлення справамі прэзідэнта, кажуць, чалавек, блізкі да Шэймана.

Пытаннямі бяспекі «Белгеапошуку» займаецца нехта Яўген Чанаў, ён жа ўладальнік першага беларускага прыватнага ахоўнага прадпрыемства «Гардсэрвіс». Сам Чанаў мае пасаду і ў «Белгеапошук». Ён былы спецназавец, у службу бяспекі кампаніі наймае экс-сілавікоў.

Прычым Чанаў падпісваў дакументы і ад імя «Zim Goldfields».

Акрамя таго, стала вядома, што бізнэсмен Зінгман разам з беларускім алігархам Шакуціным («Амкадор») заснавалі кампанію Afex Company Limited у Ганконгу, пастаўлялі тэхніку ў Афрыку. Праўда, гэтая кампанія ўжо ліквідаваная.

Чаму гэта важна?

«Выглядае, што бізнэс сына Шэймана быў створаны для таго, каб атрымліваць прыбытак ад здзелак, якія Шэйман-старэйшы заключаў з уладамі Зімбабвэ ад імя беларускай дзяржавы, — кажа Івашкевіч. — Супадаюць тэрміны: Віктар Шэйман у 2018 годзе наносіць два візіты ў Зімбабвэ для паставак беларускай тэхнікі.

А за два месяцы да таго Шэйман-малодшы рэгіструе афшорную фірму, якая валодае кампаніяй, што здабывае золата. Праз два месяцы пасля рэгіструецца афшор у Ганконгу для паставак тэхнікі.

За ўсе гады незалежнасці Беларусі ўсплёск у супрацы з Афрыкай адбыўся менавіта якраз у тыя ж месяцы, калі былі зарэгістраваныя гэтыя афшоры і кампанія сына Шэймана.

Канфлікт інтарэсаў у тым, што чыноўнік, правая рука Лукашэнкі, заключае з афрыканскай краінай дамовы ад імя Беларусі, а бенефіцыярам гэтай дамовы становіцца не беларуская дзяржава, а сын гэтага чыноўніка і яго кампанія, зарэгістраваная ў падаткавым раі.

І гэта першы выпадак, калі мы бачым, як выгаду атрымліваюць непасрэдна топ-чыноўнікі праз найбліжэйшых сваякоў. Раней адсачыць падобныя дзеянні можна было за беларускімі бізнэсменамі, але не за чыноўніцтвам». 

«Беларускія чыноўнікі дамаўляюцца на пастаўкі тэхнікі. Там фігуруюць сумы ў сотні мільёнаў даляраў. Але Зімбабвэ лічыцца не вельмі плацежаздольнай краінай, таму, выглядае, што беларуская дзяржава проста замест грошай узяла бартэр і занялася здабычай золата», — кажа Алесь Ярашэвіч.

Ці гаварылі журналісты з героямі расследавання?

Па словах Алеся Ярашэвіча, гаварылі з бізнэсменамі Зінгманам і Шакуціным:«У мяне склалася ўражанне, што Зінгман усё ж пабойваецца персанальных санкцый». 

Ярашэвіч расказвае:

«Зінгман адказаў нам, што праз «Afex» не было здзейснена аперацый, хаця Шакуцін пацвердзіў, што праз гэтую кампанію ішлі пастаўкі. І мы знайшлі на сайце «Гомсельмаша» інфармацыю пра пастаўкі тэхнікі менавіта праз «Afex». 

Шакуцін таксама казаў, што ганконгская кампанія сапраўды была, але праз нейкі час еўрапейскія банкі перасталі абслугоўваць яе аперацыі, бо яшчэ ў 2017-18 гадах Шакуціна палічылі блізкай да Лукашэнкі і таксічнай асобай. 

Таксама Зінгман адказваў нам хітра: што ён не мае ніякага дачынення да кампаній «Zim Goldfields» і брытанскай «Midlands Goldfields Limited». І сапраўды, у паперах кампаній яго прозвішча няма, але яго подпіс стаіць пад дакументамі сейшэльскай фірмы «Midlands Goldfields Foundation», якая валодае брытанскай фірмай. 

Наконт сувязяў з Шэйманам ён адказаў так: «Спадар Зінгман не мае ніякіх дзейсных адносін са спадаром Шэйманам і кампаніямі, якія з ім звязаныя».

Ну зараз не мае, так, бо фірмы зачынілі ў 2020 годзе. А раней меў — пра гэта ён нічога не кажа».

Па словах Ярашэвіча, бізнэсмен Аляксандр Зінгман пасля даслаў журналістам ліст з папярэджаннем, што будзе падаваць на іх у суд, калі матэрыял будзе апублікаваны.

Ну напісалі, і што далей? Нікога ж не звольняць і не пасадзяць

«Я лічу, што людзі проста мусяць пра гэта ведаць, — адказвае Шарунас Чарняўскас. — Я не маю ілюзій, што гэты матэрыял нешта кардынальна зменіць, але міжнародная супольнасць зверне ўвагу, бо відавочны канфлікт інтарэсаў.

Выглядае, што сапраўды бенефіцыярамі былі набліжаныя да Лукашэнкі людзі, але ніяк не дзяржава. І рэакцыя міжнароднай супольнасці, думаю, на гэта яшчэ будзе». 

Шарунас Чарняўскас

«У нас, як у журналістаў, няма ніякіх палітычных мэтаў. Наша місія — паказаць праўду. Задача расследаванняў — накласці дадатковы кошт на карупцыю. Падобныя публікацыі і ў іншых краінах не заўсёды прыводзяць да таго, што фігурантаў саджаюць.

Але калі інфармацыя з’яўляецца, такі бізнэс становіцца менш выгадным, яго ўдзельнікі могуць трапіць пад санкцыі, на іх звяртаюць увагу міжнародныя органы і гэтак далей», — кажа Стась Івашкевіч.

Ці будуць яшчэ матэрыялы пра Беларусь?

«Мы рыхтуем як мінімум яшчэ адну гісторыю, — абяцае Алесь Ярашэвіч. — Пра кампанію бізнэсмена, які лічыцца «гаманцом Лукашэнкі» і трапіў пад санкцыі».

Чытайце таксама: Машэнскі, Алексін, Пракапеня. Невядомыя факты пра бізнэсменаў з ТОП-10 новага рэйтынга

Каментары

Брат удавы Зельцара: Кадэбісты ішлі ў кватэру па мяне1

Брат удавы Зельцара: Кадэбісты ішлі ў кватэру па мяне

Усе навіны →
Усе навіны

МУС Германіі: Няма прыкмет таго, што крушэнне самалёта DHL у Вільні звязана з самаўзгараннем пасылак

38 шахедаў зайшлі ў Беларусь за суткі — гэта абсалютны рэкорд1

Украінцы ўдарылі ракетамі ATACMS па C-400 у Курскай вобласці — загінулі пяць расійскіх афіцэраў7

Дзе знаходзіцца дом, які прадалі даражэй за ўсё ў кастрычніку1

Прагноз Шрайбмана: пасля выбараў рэпрэсіі зменшацца23

«А сэнс арандаваць кватэру?» Гісторыя беларускай пары, якая жыве ў аўтадоме і падарожнічае па Еўропе3

Каля берагоў Егіпта затанула судна з 31 турыстам. Ці былі там беларусы, невядома

«Мокры» фасад і перапланіроўка: як цяпер выглядае кінатэатр «Масква» ў цэнтры Мінска ФОТЫ

У планах Расіі — падзяліць Украіну на тры часткі. Вось карта з сакрэтнага расійскага дакумента21

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Брат удавы Зельцара: Кадэбісты ішлі ў кватэру па мяне1

Брат удавы Зельцара: Кадэбісты ішлі ў кватэру па мяне

Галоўнае
Усе навіны →