Грамадства

Машэнскі, Алексін, Пракапеня. Невядомыя факты пра бізнэсменаў з ТОП-10 новага рэйтынга

Ej.by склаў спіс «100 самых уплывовых і паспяховых бізнэсменаў Беларусі». Хоць сам спіс спрэчны, як і методыка яго фарміравання, але нават у такім выглядзе рэйтынг шырока абмяркоўваюць. У першую дзясятку патрапілі і бізнэсмены, якія пастаянна на віду, і тыя, пра каго вядома не так шмат. Расказваем пра іх.

Віктар Кіслы №1

Афіцыйны мільярдэр, геніяльны прадпрымальнік, выхадзец з канструктарскай сям'і, які, захапіўшыся гульнямі, стварыў гіганцкую карпарацыю Варгеймінг. 

Кіслы даўно не жыве і не з'яўляецца ў Беларусі — ён асеў на Кіпры. Кіпрыётам, праўда, ён стаў, лічы, выпадкова. 

Неўзабаве пасля таго, як Кіслы перанёс рахункі кампаніі на льготны Кіпр, там здарыўся крызіс і ў банку Hellenic завісла гіганцкая сума грошай. Каб забраць яе, Кісламу давялося выкупаць банк. Так і прывязаўся — на Кіпры ўзнікла шмат актываў. 

Кантактаў з беларускімі бізнэс-коламі ён асабліва не падтрымлівае, сказаць пра яго штосьці звыш афіцыйных біяграфій і яго ўласных слоў цяжка.

У Беларусі ён ні на што, апроч лакальных справаў мінскага офіса, бадай што не ўплывае.

Улады рабілі спробы пасябраваць з мільярдэрам, робячы яму своеасаблівыя знакі ўвагі — узнагародзілі, напрыклад, медалём «За працоўныя дасягненні». Але адказваць на такія рэверансы Кіслы не стаў. 

У асобныя часы кампанія Кіслага мела па 100 мільёнаў даляраў чыстага гадавога прыбытку пры абаротах у амаль 600. 

Што датычыць палітычных поглядаў прадпрымальніка, то ён іх нідзе афіцыйна не афішуе. Але калегі па цэху часам абвінавачваюць яго ў сімпатыях, далёкіх ад нацыянальных беларускіх каштоўнасцяў. 

Адна з галоўных прэтэнзій — адсутнасць уцямнай рэакцыі на падзеі 2020-га і карпаратывы на «Лініі Сталіна». 

Аляксей Алексін №2

Дакладна невядома, ці ёсць ужо ў Алексіна мільярд, але яго смела можна называць самым уплывовым бізнэсменам краіны з інтарэсамі ў многіх сферах. Гэта агульнавядомы тытунь («Энерга-Ойл»), нафта («Белнафтагаз»), лагістыка («Брэміна») і праекты ў Латвіі. 

Пытанне ў тым, як мераць кошт яго бізнэсаў. Крайне сумнеўна, што ён можа гэта ўсё прадаць, бо актывы падсанкцыйнага Алексіна — таксічныя. 

Сваю кар'еру Аляксей Алексін пачынаў менеджарам у імперыі Юрыя Чыжа — кіраваў аддзелам, быў адказным за ўсё, што звязана з нафтай і Наваполацкім заводам. 

Чыжа ў «Трайпле» многія лічылі вясельным генералам, а асноўную мазгавую дзейнасць прыпісвалі Алексіну.

Дзеячы ранейшых часоў кажуць, што самае цяжкае для прыватніка ў адносінах з наваполацкім нафтазаводам было не завезці туды нафту — гэта тавар біржавы, таму ўсё проста — а атрымаць назад бензін, умоўна, не 76-ы, а 95-ы. Прыходзілася дамаўляцца, заводзіць кантакты, нараджаць ідэі. 

Менавіта Алексіна называюць адным з аўтараў схемы экспарту «растваральнікаў» і авантуры з «прысадкамі». Усё гэта скончылася ўвагай КДБ і затрыманнем Алексіна на пару з Чыжом.

Неўзабаве іх адпусцілі: Алексіна праз тры дні, Чыжа менш чым праз суткі. У многіх людзей пасля гэтага затрымання ўзніклі праблемы, але, як сцвярджаюць нашы крыніцы, Алексін потым апраўдваўся, што «яго абкалолі сывараткай праўды». 

Потым Алексін аказаўся спрытнейшым за свайго боса. Ён завалодаў многімі актывамі «Трайпла» пасля таго, як Чыж трапіў пад санкцыі і ў апалу. 

Алексін уклаў вялікія грошы ў чыжоўскі «Велес-Міт», былы «Трайпл-Велес», а да таго — маладзечанскі мясакамбінат. Праўда, пасля санкцый пытанне далейшай мадэрнізацыі, відаць, робіцца праблемным. 

Пасля аслаблення Чыжа Алексін кааперуецца з Мікалаем Вараб’ём.

Алексіна лічаць адказным за «табакеркізацыю» Беларусі, у яго шмат эксклюзіўных правоў, звязаных з рэалізацыяй і пастаўкамі тытуню.

Па нашай інфармацыі, цяпер Гродненская тытунёвая фабрыка фактычна падзелена на дзве часткі: адна дзяржаўная, другая Алексінава, дзе ён правёў шматмільённую мадэрнізацыю. 

Так супала, што з прыходам Алексіна на Гродзенскую тытунёвую фабрыку пачалося масавае выяўленне кантрабандных беларускіх цыгарэт у Еўропе.

Палякі і літоўцы пачалі лавіць не толькі «вярблюдаў» (абвязаных пачкамі кантрабандыстаў-прыватнікаў), але і цэлыя фуры, вагоны з сотнямі тысяч пачак цыгарэт. Пра месцы і спосабы маскіроўкі такой кантрабанды пісалі не адзін раз. 

Дарэчы, крыніцы кажуць, што былы памочнік Лукашэнкі па Гродзенскай вобласці Сяргей Раўнейка адправіўся ў турму на 12 год пасля вячэры з Алексіным пад Мінскам. Верагодна, справа нейкім чынам была звязаная з тытунёвым бізнэсам. Але суд быў закрыты і дэталі той гісторыі на публіку не выплылі. 

Можна чакаць, што тытунёвая фабрыка Паўла Тапузідзіса «Тытунь-Інвест» таксама ў хуткім часе стане прадметам гандлю.

Прынамсі, абараніць свае пазіцыі не вельмі актыўнаму Тапузідзісу, якому не прыслалі запрашэння на Усебеларускі народны сход, становіцца ўсё цяжэй. 

Таксама Алексін цікавіўся ІТ, спрабаваў супрацоўнічаць з «Сінезісам» і ўкладваўся ў іх інвестыцыямі, але ў пачатку 2021-га выйшаў з кампаніі.

Алексін за апошнія гады стаў адным з самым вялікіх інвестараў у Беларусі. Чаму? Бо іншыя не ідуць, а ў яго ёсць сувязі.

Замежныя інвестары асцерагаюцца Беларусі, бо пытанне інвестыцый нават у 10 мільёнаў даляраў — гэта пытанне гарантый і даверу.

Недзе за мяжой такім людзям налівае чай губернатар і пераконвае, чаму бізнэс трэба размяшчаць менавіта на яго тэрыторыі.

А ў Беларусі ні «мэр», ні «губернатар» ніякіх гарантый даць не могуць, іх можа даць толькі адзін чалавек, а структуры з трох літар толькі і чакаюць, пакуль інвестар зойдзе ў кабінет старшыні райвыканкама, а той яму нешта паабяцае.

Аркадзь Добкін №3

Трэцім у спісе паставілі стваральніка EPAM Аркадзя Добкіна. 

Добкін даўно не жыве ў Беларусі, ён з'ехаў яшчэ да эпохі Лукашэнкі ў Беларусі: ЕРАМ з'явіўся ў 93-м.

Старэйшы брат Аркадзя Сямён дапамагаў яму засноўваць кампанію-правобраз ЕРАМа.

«Тая кампанія не была EPAMам, і я там дырэктарам не быў, а так — «сматрашчым», бо я ўжо ведаў, як працуе бізнэс, меў свой», — казаў Сямён у інтэрв'ю «Нашай Ніве». — Далей Добкін арганізоўваў EPAM сам і пакрысе. Пачыналі яны, па-мойму, у падвале на вуліцы Кірава. Канечне, я радаваўся і радуюся за брата. Ён ужо тады разумеў і бачыў наперад, як гэта ўсё будзе працаваць, па-філасофску так. Таму ён такога калібру і атрымаўся». 

А вось сам Сямён прапановай з'ехаць не скарыстаўся, але і сусветнай карпарацыі не пабудаваў — узначальвае брэсцкае энергетычнае канструктарскае бюро ГСКБ.

Чытайце таксама: Бізнэсмен Сямён Добкін: Я праціўнік інтэграцыі. І трэба адміністрацыйна ўкараняць беларускую мову

Амерыканскія СМІ лічаць, што Добкін валодае як мінімум $1,03 мільярдамі, бо мае больш як 40 тысяч акцый EPAM на суму $790 млн, і ўжо прадаў іх на суму $234,6 млн, а таксама зарабляе ў год як мінімум $4,3 млн як старшыня праўлення, прэзідэнт і галоўны выканаўчы дырэктар EPAM Systems. 

Пачаўшы будаваць кампанію адначасова з прыходам Лукашэнкі, Добкін стварыў з яе гіганта, чыя капіталізацыя (рынкавы кошт) на 30 верасня 2021 складае $33,8 мільярда даляраў. Для разумення, гэта ў паўтара разу больш, чым увесь дзяржаўны сектар Беларусі. 

Хіба што трэба адзначыць, у EPAM Добкін даўно не мажарытарый: у яго толькі каля 4% акцый. У свой час ён вырашыў упусціць у кампанію капітал карпарацый, каб даць ёй штуршок.

Натуральны рост ЕРАМ мог бы цягнуцца даволі доўга, каб зрабіць скачок, трэба было прыцягнуць новыя вялікія грошы, прадацца. І Добкін зрабіў гэта, у пэўным сэнсе ахвяраваўшы сваімі інтарэсамі — цяпер ён не можа самастойна прыняць рашэнне ў некалі сваёй кампаніі. Сёння сярод кіраўніцтва ЕРАМ амаль цалкам амерыканскія прозвішчы. 

Ацэнкі гэтага дзеяння розныя: нехта лічыць, што Добкін «прадзешавіў», іншыя кажуць, што гэта мудрае рашэнне кіраўніка, мэта якога была — не сядзець на залатых яйках, а стварыць кампанію сусветнага ўзроўню. 

У ІТ-тусоўцы Добкіна часта крытыкуюць, што ён стварыў «ІТ-галеру» — непрадуктовую кампанію, якая займаецца выкананнем задач для замоўцаў. 

З аднаго боку, гэта так, але з іншага — у Добкіна працуе больш за 40 тысяч чалавек па ўсім свеце, ЕРАМ самая вялікая ІТ-кампанія не толькі ў Беларусі, але ўжо і ва Украіне.

Па колькасці персаналу далёка абганяе дзяржаўных гігантаў. І ўмовы работы ў ЕРАМе добрыя, хіба што дарасці да буйнога менеджара беларусу цяжка — трэба было прыходзіць туды ў 90-х. 

фота dev.by

Але галоўнае — ЕРАМ стаў «грыбніцай» для фарміравання сотняў ці тысяч новых стартапаў, якія заснаваныя выхадцамі з кампаніі Добкіна і цяпер самыя ўжо мераюць сваю капіталізацыю мільёнамі. 

Мільярдэр, хросны бацька тысячы стартапаў, буйны працадаўца — гэта ўсё пра Добкіна.

Пры ўсім гэтым, нядаўна Лукашэнка зняважліва называў яго «Дробкіным» і абвінавачваў у нелаяльнасці.

Як вядома «Нашай Ніве», у адказ на гэтыя закідоны ЕРАМ вывеў з Беларусі тыя сродкі, якія меў, а супрацоўнікі актывізаваліся ў справе падачы заявак на рэлакацыю. Сам Добкін ужо доўгі час не з'яўляецца ў Беларусі. Як мінімум — з зімы 2020-га.

Аляксандр Луцэнка №4

Аляксандр Луцэнка — уласнік Sodrugestvo Group S.A. Гэта юрыдычна люксембургская кампанія, якая актыўна ва ўсім свеце. Ды і сам ён, выглядае, даўно ўжо не грамадзянін Беларусі. 

Аляксандр Луцэнка

Не зусім зразумела, што Луцэнка робіць у гэтым рэйтынгу, бо ў Беларусі не жыве і капіталы не трымае.

Уключыць яго падобна на тое, як уключыць уласніка «Уралкалія», мінчука Дзмітрыя Мазепіна ці гамельчука Андрэя Мельнічэнку, саўладальніка «Еўрахіма».

Некалі Луцэнка з'ехаў у Расію і адкрыў у Калінінградзе завод па стварэнні камбікармоў. Ён закупляў у Лацінскай Амерыцы сою, у Калінінградзе расціскаў яе, атрымліваючы камбікорм. Потым гэты яго бізнэс распаўсюдзіў ледзь не на ўсю нашу частку свету. 

Інтарэс да ўласна Беларусі ў Луцэнкі прачнуўся адносна нядаўна — ён інвеставаў у завод па вырабе шротаў пад Мінскам. 

Расійскі Форбс ацэньвае капітал Луцэнкі ў $1,2 мільярды. 

Мікалай Верабей №5

Гэта самая малавывучаная фігура сярод беларускіх протаалігархаў. Асцярожны і нешматслоўны Верабей — ураджэнец Украіны, выхадзец з колаў, што круціліся вакол «Нафтана» ў 90-х і пакрысе пачыналі ўваходзіць у схемы.

Незразумелая прырода яго сувязяў ва Украіне. Часам яму прыпісваюць ледзь не сваяцтва з «кумам Пуціна» Віктарам Медведчуком.

Вераб'ю ва Украіне належалі і належаць некаторыя актывы. Але ў бізнэс-колах паўднёвай суседкі папулярная думка, што ў рэальнасці ён — зіцстаршыня Фунт, за якім стаіць Медвядчук, у якога па зразумелых прычынах звязаны рукі. 

У 2018 кампанія Вераб'я «Нафтабітумны завод» спрабавала прыватызаваць украінскі «Цэнтрэнерга». Але Фонд дзяржмаёмасці адхіліў заяўку па прычыне таго, што «канечным бенефіцыярам з'яўляецца асоба з РФ». 

Лічыцца, што трубаправод «Прыкарпатзахадтранс» Медвядчук прадаў Вераб'ю для адводу вачэй, а ў якасці падзякі за паслугу Верабей атрымаў кантакты з людзьмі ў Расіі, якія рэгулююць квоты на экспарт нафты. 

Асноўны бізнэс Вераб'я — аптовы гандаль расійскімі нафтапрадуктамі на беларускім рынку і іх экспарт за мяжу. 

Вераб'я, як і Алексіна, звязваюць са скандалам з «прысадкамі» і «растваральнікамі». Гэтыя людзі вельмі блізкія і маюць агульныя актывы. Напрыклад, разам валодаюць так званым «Аршорам» — ільготнай эканамічнай зонай пад Оршай.

Аляксандр Машэнскі №6

Уласнік «Савушкавага прадукта» і «Санта-Брэмар» пачынаў свой бізнэс разам з бацькам Міхаілам. 

Фота probusiness.io

Міхаіл Машэнскі арганізаваў бізнэс на механічнай ачыстцы крэветак з Галандыі. Галандцы пастаўлялі іх неачышчанымі ў Беларусь, тут людзі здымалі з іх панцыры, і ўжо ў чыстым выглядзе яны вярталіся назад.

Кажуць, Машэнскі-малодшы сам сядзеў за пераборам крэветак на першым этапе. 

Потым гэты бізнэс бразнуўся: галандцы знайшлі таннейшую працоўную сілу ва Украіне. 

Іншы кірунак дзейнасці на пачатку бізнэсу — закупка рыбы з караблёў на Далёкім Усходзе і продаж яе па ўсім СНД.

Пашыраючыся, Машэнскі-старэйшы пачаў будаваць завод «Санта-Брэмар», узяўшы некалькі мільёнаў на будаўніцтва ў «Прыёрбанку». Але… заўчасна памёр у 53 гады, і гісторыя бізнэсу магла на гэтым скончыцца: банк спыніў крэдыт пасля смерці Міхаіла. 

Маладому Аляксандру Машэнскаму прыйшлося ўгаворваць банкіраў і іншых крэдытораў не спыняць лінію, пераконваць, што ён зможа весці справы без бацькі. Так і аказалася. 

А гісторыя малочкі выцякае з маразільнікаў — прадаючы марожаную рыбу, Машэнскі прадаваў і марозіва, а потым вырашыў рабіць яго сам, ну і завярцелася. 

Станаўленне «Савушкавага прадукта» адбывалася ўсе двухтысячныя. Тады ў эканоміцы дзейнічалі троху іншыя законы, трымальнікамі акцый малочных заводаў былі самі людзі і інвестыцыйныя кампаніі, якія пакрысе прадавалі Машэнскаму акцыі. 

Каменец, Брэст, Пінск, Столін — такую камбінацыю заводаў і цэхаў Машэнскі паспеў сабраць да 2010 года, пакуль не змяніліся правілы, што прадаваць акцыі дзяржаўных заводаў стала можна толькі з дазволу Лукашэнкі, пасля таго як сама дзяржава скупіла ў работнікаў акцыі за капейкі. 

Адносна нядаўна, пару год як, «Савушкаў» набыў Бярозаўскі і Баранавіцкі малочныя камбінаты. Бярозаўскі брэнд «Бярозка», дарэчы, перавялі на беларускую мову. 

Частку акцый гэтых заводаў Машэнскаму прадаў ужо апальны «Белцяжмаш», які дагэтуль скупіў акцыі ў супрацоўнікаў. 

У выніку, як вядома «Нашай Ніве», дзяржава загнула кратна большую цану за сваю частку акцый, у разы даражэй, чым яны таргаваліся на рынку, а ў дадатак да Бярозаўскага камбіната «ўсунула» яшчэ і Аршанскі.

Тады быў вялізны кулуарны скандал — пасля продажу Оршы ўказам губернатара ў завода адабралі сыравінныя зоны ў інтарэсах вобласці. Вазіць малако ў Оршу прыходзілася з Брэста, пакуль праз скаргі і ўгаворы сыравінныя зоны не вярнуліся назад. 

Крыніцы «Нашай Нівы» з бізнэс-колаў апісваюць здольнасці Машэнскага так: «Калі яму даць карабок запалак, то праз 10 год з яго атрымаецца запалкавы завод». 

Некалі Машэнскі часта з'яўляўся ў кампаніі з Лукашэнкам, той любіў яго згадваць, некалі Машэнскі быў і даверанай асобай на выбарах. 

Але выглядае, што апошнія гады Машэнскі дыстанцуецца ад палітычных колаў. Яго не было на гэтак званым «Усебеларускім народным сходзе» (але быў на «інаўгурацыі»). Ён не выказваўся на палітычныя тэмы. Яго супрацоўнікі выходзілі на пратэсты і невядома выпадкаў, каб кагосьці з іх звольнілі за палітычную пазіцыю. 

Відавочна, што цяпер у Машэнскага калі і застаюцца сябры ва ўрадзе, то іх вельмі мала. Такія персоны, як Мацюшэўскі ці Румас, адстаўлены ад працэсаў кіравання краінай.

Тым не менш «Савушкаў» трапіў у недарэчную сітуацыю падчас жнівеньскіх падзей 2020-га.

У сацыяльных сетках распаўсюдзілі навіну, нібыта «Савушкаў» корміць марозівам АМАП, але ў рэальнасці ўсё аказалася так: у гарачыя дні жніўня дзве брэсцкія дзяўчыны вырашылі пачаставаць марозівам міліцыю, прадказальна адправіўшыся ў спецтранспарт разам са сваім марозівам.

Нехта сфатаграфаваў марозіва ў міліцэйскай машыне і зрабіў высновы, што гэта быў «падарунак АМАПу», што нарадзіла хвалю гневу ў інтэрнэце і заклікі байкатаваць прадукцыю. 

У выніку Машэнскі разглядаўся як кандыдат на ўключэнне ў санкцыйны спіс. 

«Я думаю, што ў тых, хто складае гэтыя спісы, ёсць пэўныя крытэрыі ўключэння. Напэўна, карэктна ставіць пытанне аб тым, ці адпавядае «Санта-Брэмар» гэтым крытэрыям? Можа, мы расстрэльвалі дэманстрантаў? Можа, мы — «кашалькі», — у тэрміналогіі аўтараў? Я не думаю», — казаў Машэнскі «Нашай Ніве» на пытанне аб тым, як ён выйшаў з-пад удару. Імаверна, гэтую пазіцыю ён даводзіў і замежным пасольствам. 

Які капітал у Машэнскага? Фінансавыя аналітыкі лічаць, што ў лепшы час, калі б не было палітычнага і фінансавага крызісу, «Санта-Брэмар» і «Савушкаў прадукт» разам маглі б пацягнуць на мільярд даляраў. Але цяпер дысконт за знаходжанне на вулкане можа складаць ці не палову ад цаны. 

Віктар Пракапеня №7 

Капітал, якім цяпер валодае Віктар Пракапеня, па адкрытых крыніцах можна ацаніць у суму каля 400 мільёнаў даляраў.

Ён дорага прадаваў свае кампаніі па распрацоўцы мабільных дадаткаў — тады гэта не было яшчэ развітай сферай. І пасля чарговай шматмільённай угоды ён нават стаў самым буйным падаткаплацельшчыкам-фізасобай у гісторыі Беларусі.

Бізнэсам Пракапеня пачаў займацца ў дзяцінстве, калі страціў бацьку і застаўся галоўным у сям'і. Ён напісаў невялікую праграму, якая аўтаматычна рэагавала на ўсе замовы на папулярных сайтах для праграмістаў-фрылансераў. 

Такім чынам, стаўшы пасярэднікам паміж тымі, хто шукае работу, і тымі, хто яе замаўляе, ён назбіраў першыя грошы і адкрыў першую кампанію. У 20 год у яго ўжо працавала сотня чалавек.

Шырокавядомым у Беларусі ён стаў пасля сваёй крымінальнай справы 2015-га аб сыходзе ад падаткаў, якая нічым не скончылася. Пасля 8 месяцаў у СІЗА Пракапеня вывез з Мінска сям'ю і сам асеў у Лондане.

Паводле таго, што сам ён заўсёды расказваў пра сябе ў кулуарах, у Лондане ён пазнаёміўся і пачаў весці справы з Саідам Гуцэрыевым — сынам расійскага алігарха Міхаіла Гуцэрыева. 

А з самім Міхаілам Гуцэрыевым яго пазнаёміў Сяргей Мартынаў, экс-міністр замежных спраў. Пасля знаёмства з Гуцэрыевым-старэйшым, які мае ўплыў на Лукашэнку, Пракапеня зноў пачаў паказвацца ў Беларусі. 

Імаверна ён, як і некаторыя іншыя рамантыкі, кантактамі з Лукашэнкам спадзяваўся змяніць да лепшага нейкія сферы жыцця краіны. Так, гэты чалавек безумоўна спрычыніўся да дэкрэта пра ПВТ 2.0. Хацеў таксама мадэрнізаваць адукацыю і заснаваць у Беларусі ІТ-універсітэт. 

Як вядома «Нашай Ніве», яго прапановы па паляпшэнні адукацыі праходзілі такі шлях: ад Пракапені да Саіда Гуцэрыева, ад Саіда да Міхаіла, ад Міхаіла Гуцэрыева да Лукашэнкі, а той аддаваў на суд Карпенку. 

У выніку прыходзіў адказ у духу, што «першы пункт прапаноў — нясвоечасовы, другі мы ўжо рэалізуем у іншай форме, асобныя аспекты трэцяга пункта можна абмяркоўваць, а чацвёрты — увогуле шкодны».

Так нічога зроблена і не было, а цяпер, натуральна, гэта пытанне нават не абмяркоўваецца, школа цяпер перажывае іншыя «рэформы». 

У Беларусі Пракапеня даўно не з'яўляецца, супрацоўнікі яго кампаній пакрысе перацякаюць за мяжу, і можна чакаць, што яшчэ праз год нічога пракапенеўскага ў Беларусі не застанецца. 

На падзеі 2020-га года Пракапеня адрэагаваў выдзяленнем 100 тысяч даляраў на дапамогу пацярпелым ад гвалту сілавікоў:

«Гледзячы на ўсе жахі, якія адбыліся з людзьмі за апошнія дні, мы не можам да канца ўсвядоміць увесь гэты кашмар. Мы разумеем, што здароўе і псіхіка мноства людзей зламаныя на доўгі час, калі не назаўсёды», — напісаў у фэйсбуку Пракапеня, таксама падпісаўшы ліст да ўладаў. Але больш на гэтую тэму не выказваўся. 

Што адметна, грошы выдзяляліся з на той момант яшчэ сумеснай кампаніі з Саідам Гуцэрыевым currency.com, што выклікала нервовую рэакцыю сына мільярдэра. У наступным Пракапеня дыстанцыяваўся ад гэтай сям'і і выкупіў долі Гуцэрыева-малодшага ў сумесных бізнэсах. 

Цяпер, як вядома «Нашай Ніве», за мяжой Пракапеня займаецца пытаннем атрымання дазволу на банкаўскую дзейнасць і хоча пашыраць свае інтарэсы ў гэты бок. 

Што цікава, ідэю стварэння пракапенеўскай крыптабіржы currency.com прыпісваюць Янчэўскаму — нібыта ён, як даўні скупшчык біткойна, натхняў кагосьці ў Беларусі заняцца гэтай тэмай. 

Уладзімір Васілько і Сяргей Літвін, №8 і №9

Старшыня рады дырэктараў «Еўраторга» Васілько і ягоны намеснік Літвін — фактычныя бенефіцыяры «Еўраопта».

Сяргей Літвін (злева) і Уладзімір Васілько.

Калі гавораць пра «Еўраопт», то часцей успамінаюць Літвіна. Хаця яны не толькі роўныя, але Васілько нават троху «раўнейшы». 

Займацца бізнэсам яны пачалі ў сярэдзіне дзевяностых. Яны вазілі з Амерыкі «ножкі Буша» і ставілі каля прадуктовых крам ралеты, у якіх смажылі і прадавалі гатовымі куранят Табака. 

Але цяпер яны даўно ўжо жывуць у Манака і не паказваюцца ў Беларусі праз арганізаваны ў мінулым крымінальны пераслед. 

Дакладныя дэталі гэтай гісторыі невядомыя. Але папулярная версія ў бізнэс-колах заключаецца ў тым, што першапачаткова Еўраопт дзейнічаў са спрыяння блізкага сябра Лукашэнкі Уладзіміра Канаплёва. Канаплёў дапамагаў атрымліваць пляцоўкі і ўчасткі ініцыятыўным бізнэсменам. 

Са з'яўленнем палітычных праблем у Канаплёва (лічыцца, што ён страціў пачуцце бяспекі і вырашыў заняцца палітыкай, праяўляючы інтарэс да першага паста) праблемы з'явіліся і ў Васілько з Літвіном. У іх сваякоў таксама: цяпер і большасць з іх маюць грамадзянствы іншых краін.

Геній Літвіна і Васілько ў тым, што яны, жывучы ў эміграцыі, здолелі арганізаваць бізнэс так, што юрыдычна і арганізацыйна ён аказаўся абаронены ад любых імаверных нападкаў і спробаў адабраць яго. 

Фактычна, «Еўраопт» у Беларусі цяпер — гэта арганізацыя, якая балансуе на мяжы прыбытковасці. А ўсе рэальныя прыбыткі асядаюць у фірмах-пастаўшчыках, афіляваных з «Еўраоптам». 

Адабраць «Еўраопт» азначае забраць даўгі, крэдыты і абавязкі. 

Чытайце таксама: Страты 126 мільёнаў, у бізнэс-колах кажуць пра магчымы продаж расійскаму «Магніту». Што адбываецца з Еўраоптам? 

Цяпер рытэйлер будзе спрабаваць выставіцца на ІРО ў Брытаніі, бо трэба грошы — як паведамляюць нашы крыніцы, існуе праблема з пагашэннем расійскіх аблігацый.

Аналітыкі ацэньваюць рэальным выручыць за «Еўраопт» 300—500 мільёнаў даляраў.

Аляксандр Ценцер №10

Ценцеру ў бізнэс-асяродках даюць толькі станоўчыя характарыстыкі. 

Ён пачынаў з бункерных заправак. Гэта цяпер усё паліва пад зямлёй, а раней яно было наверсе ў спецыяльных бункерных ёмістасцях, адсюль і назва. 

Аляксандр Ценцер, фота probusiness.by

Пад запраўкі Ценцеру даводзілася купляць зямлю, вазіцца з паперамі, у нейкі момант прыйшло ўсведамленне, што на зямлі можна будаваць не толькі запраўкі. Зрэшты, час марнуецца адзін і той жа, а калі будаваць там дамы, то прыбытку нашмат больш. 

Так ён улез у першую сваю будоўлю панэлек у Бараўлянах, і з часам стаў самым інавацыйным і пазнавальным забудоўшчыкам жылой нерухомасці. 

Здавалася б, такі просты, але факт — Ценцер першы пачаў расфарбоўваць жылыя дамы ў Мінску. Змяніў іншыя просты рэчы ў праектах «мапідаўскіх» панэлек: троху падкарэктаваў планіроўкі, паставіў платы вакол дамоў, даў кварталам назвы, зрабіў эксплуатаваныя дахі. 

І ў выніку прадаваў панэлькі за горадам калі не па цане маналіту, то прынамсі па цане гарадской забудовы. 

Частку заправак з часам Ценцер прадаў, набыў завод бетонных канструкцый у Хацежыне. 

Рухавік бізнэсу Ценцера — сястра яго жонкі Надзея Матвяёнак, саакцыянер А-100. Гэта важны супрацоўнік і кампаньён: яна кіруе многімі працэсамі і шмат крэатывіць. 

Знакаміты квартал «Новая Баравая», які будаваў А-100

У 2020-м прозвішча Ценцера з'явілася ў спісе Каардынацыйнай рады, а потым знікла. 

У кулуарах шырыцца такая версія падзей: яму пазванілі і запрасілі. На пытанне «А хто там яшчэ?» назвалі шмат знаёмых прозвішчаў, на што ён сказаў: «Ну калі ўсе там, то і я». 

Але публічна Ценцер заявіў, што з'яўленне яго імя ў спісе — памылка. У любым разе, потым яму прыйшлося выступаць на прапагандысцкім тэлебачанні і тлумачыцца. 

Ценцер адзін з пары чалавек спісу топ-10, хто жыве ў Беларусі. 

Каментары

На зіму запланаваныя масавыя затрыманні, складзеныя «першы і другі спісы»21

На зіму запланаваныя масавыя затрыманні, складзеныя «першы і другі спісы»

Усе навіны →
Усе навіны

Успышка віруса Марбург можа перарасці ў новую пандэмію. Што гэта за хвароба?3

Чэргі з аўтобусаў на межах Беларусі зноў зніклі

Вельмі моцны пажар на нафтабазе ў Пермскім краі Расіі

Бывай, Еўропа! Беларусы канчаткова перасаджваюцца на кітайскія аўто20

На Нобелеўскую прэмію міру сёлета прэтэндуе 286 кандыдатаў

Вядучая Бі-бі-сі выпадкова адправіла пытанні Борысу Джонсану перад інтэрв'ю. Інтэрв'ю прыйшлося адмяніць

Ганец з Ірана ехаў папярэдзіць Насралу, што Ізраіль збіраецца таго забіць. Абодва загінулі ў бункеры2

«Я тупіў. І сумняваўся. І рваўся паміж некалькімі пачуццямі. І цяпер мне сорамна». Кранальнай гісторыяй падзяліўся беларускі святар3

Праўладны блогер пахваліўся, што атрымаў смешны маёмасны падатак. Але ў каментарыях яго прымусілі раскрыць праўду5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

На зіму запланаваныя масавыя затрыманні, складзеныя «першы і другі спісы»21

На зіму запланаваныя масавыя затрыманні, складзеныя «першы і другі спісы»

Галоўнае
Усе навіны →