«Грошай для падтрымкі зарплат бюджэтнікам не будзе». Як спыненне транзіту калію паўплывае на эканоміку
Са снежня прадукцыя «Беларуськалія» больш не будзе перавозіцца праз Літву. На гэта паўплывалі абвешчаныя ЗША санкцыі, пад якія трапіў, у тым ліку, і «Беларуськалій». Перавозкі спыняцца, як толькі санкцыі ўвойдуць у дзеянне, а гэта здарыцца ў снежні. Эканаміст Яраслаў Раманчук патлумачыў «Нашай Ніве», якія наступствы будзе мець гэтае рашэнне для беларускай эканомікі.
«Для Беларусі калій — гэта адзін з ключавых тавараў нашага экспарту. Як нафта для Расіі, — кажа Раманчук. — Любыя абмежаванні прывядуць да істотных стратаў для самога прадпрыемства, для бюджэту і для ўсіх, хто заняты ў лагістыцы і дастаўцы гэтага тавара на замежныя рынкі».
Як падкрэслівае эканаміст, у цяперашняй сітуацыі ёсць шэраг невядомых момантаў.
«Мы не ведаем, ці будзе цалкам забаронены з канца года транзіт праз літоўскія парты. А таксама, якой будзе прапускная здольнасць пры альтэрнатыўных варыянтах. Гаворка пра транспарціроўку калійных угнаенняў чыгункай, лагістыку праз іншыя парты».
«Калі за паўгода беларускія ўлады і «Беларуськалій» не знойдуць рэсурсаў, каб вырашыць гэтае пытанне, то страты могуць скласці, як мінімум, 1,5-2 мільярды даляраў у год.
Гэта ў выпадку, калі нельга будзе гандляваць таварам паўнавартасна», — мяркуе Раманчук. На яго думку, за паўгода знайсці альтэрнатыву амаль немагчыма.
«Свабодных магутнасцяў у іншых партах няма. Грошай на пошук новых маршрутаў няма і наўрад ці будуць».
Эканаміст называе яшчэ адну сур’ёзную праблему: «Беларуськалій» не зможа выканаць свае абавязкі па кантрактах.
«Ці змогуць расіяне і кітайцы арганізаваць нейкі транспартны шлях для калійных угнаенняў з захаваннем іх кошту? «Беларуськалій» пэўны час дэмпінгаваў на рынку. Цяпер з улікам дастатковых транспартных выдаткаў кошт можа быць вышэйшым, чым у канкурэнтаў.
Пытанне: хто тады будзе купляць калій? Гэта можа быць стратна для «Беларуськалія». Або прадпрыемства выб’е у бюджэце радок для кампенсацыі стратаў».
Цяпер «Беларуськалій» з’яўляецца прадпрыемствам, якое корміць бюджэт Беларусі. На думку Раманчука, у такім разе можна здарыцца сітуацыя, што яно ператворыцца ў прадпрыемства, якое сядзіць на шыі ў падаткаплацельшчыкаў. А яго месца на бразільскім, індыйскім і кітайскім рынку зоймуць «Уралкалій», калійныя кампаніі з Паўднёваафрыканскай рэспублікі і Канады.
Яраслаў Раманчук ацэньвае гэты страты, як мінімум, у 2 млрд даляраў у год з усімі наступствамі для бюджэту, валютнай выручкі і выкананнем «Беларуськаліям» сваіх абавязальніцтваў.
Трэцяе наступства канфлікту з Літвой — гэта праект «Слаўкалій», які распрацаваў Міхаіл Гуцэрыеў.
«Гэты праект быў арыентаваны на існую лагістычную інфраструктуру.
Гэта амаль 2 млрд даляраў, якія, груба кажучы, завіслі.
Гуцэрыеў пакуль маўчыць, ён нічога не зможа зрабіць. У яго няма транспарту і магчымасцяў».
Калі абагуліць усе наступствы ад фактараў (пры ўмове, што не будуць знойдзены альтэрнатывы), Раманчук агулам ацэньвае страты ў 5% ВУП.
У СМІ таксама сустракаюцца лічбы ў 15-20% ВУП. У канцы чэрвеня 2021-га той жа Раманчук адзначаў: калі краіны Захаду перакрыюць экспарт калію, нафтапрадуктаў, угнаенняў, хімічных тавараў, дрэва і цэменту, а такія варыянты разглядаюцца, эканоміка Беларусі апынецца пад наймацнейшым ударам.
«Для нашай эканомікі гэта будзе падобна да таго падзення, якое было пасля развалу Савецкага Саюза. Гэта наймагутны ўдар пад дых. Не выратуе нічога з таго, што мы сёння маем», — адзначаў эксперт.
Што з гэтымі лічбамі? Раманчук тлумачыць, што даваў гэты каментар, калі меркавалася, што санкцыі будуць жорсткімі і адназначнымі, і яны ўступяць у сілу з 1 ліпеня. «Тады мы яшчэ не ведалі, што яны будуць дзіравыя, што будуць распаўсюджвацца толькі на новыя дамовы».
Але нават 5% — гэта «вельмі моцны ўдар, відавочная дзірка ў бюджэце».
Ці вытрымае такі ўдар беларуская эканоміка?
«Гэта пытанне не да эканамістаў-вучоных, а да беларусаў. Натуральна, трэба будзе радыкальна пераглядаць сацыяльныя артыкулы бюджэту.
Пытанне, ці будуць беларусы, умоўна кажучы, цярпець зарплаты ў 250-300 даляраў. Бо, безумоўна рэсурсаў для падтрымкі зарплат бюджэтнікаў (дактароў, настаўнікаў і іншых) не будзе. Людзі, якія выступаюць за санкцыі, заўжды кажуць, што ў такім разе не будзе грошай на сілавыя структуры. Але той жа АМАП і ўся гэта інфрастуктура цягне 1-2% ВУП. Гэта будуць апошнія людзі, якім Лукашэнка зрэжа фінансаванне.
Ён заўжды знойдзе для іх грошы за кошт продажаў гарэлкі, цыгарэтаў і г. д.», — мяркуе Раманчук.
5% ВУП — гэта аргумент, каб пайсці на дыялог у палітычных пытаннях?
«Не, не аргумент. Лукашэнка — ірацыянальны, — лічыць эксперт. — Ён не бізнэсмен ці гаспадар, які лічыць страты, хоча аптымізаваць нацыяльнае багацце. Лукашэнка ўпэўнены, што супраць яго асабіста ідзе вайна, а на ёй заўжды ёсць чалавечыя і фінансавыя страты.
Не будзем забывацца, што ў яго ёсць наймацнейшы рэсурс, які можна выкарыстаць, — замарозка валютных укладаў. На 1 ліпеня ў краіне налічваецца каля 9 млрд даляраў валютных і рублёвых дэпазітаў фізічных і юрыдычных асобаў.
Рэсурсы ёсць, ёсць у каго браць. Для яго частка непазбежных стратаў у ваенных дзеянняў, якія ён вядзе».
Каментары