Грамадства

«Прагулка на гадзіну вакол дома». Сяргей Драздоўскі — пра паўгода хатняга арышту

Дырэктара «Офіса па правах людзей з інваліднасцю» Сяргея Драздоўскага затрымалі ў лютым разам з юрыстам Алегам Граблеўскім. Першыя паўгода ён правёў пад хатнім арыштам, а другяя — у СІЗА ў статусе падазраванага ў махлярстве (артыкул 209 КК). 31 ліпеня іх выпусцілі пад паручальніцтва. Пры гэтым следства працягваецца.

Распыталі Сяргея, як ён перанёс гэтыя паўгода ў хатняй ізаляцыі і што разам з калегамі збіраецца рабіць з рашэннем Мінгарвыканкама ліквідаваць іх арганізацыю.

Адвакат Сяргея яшчэ ў маі спрабаваў дабіцца змены Сяргею меры ўтрымання, ужо тады былі знойдзеныя паручальнікі, аднак гэта адбылося ў ліпені. 

«Вырашальным, на мой погляд, стаў тэрмін — гэтыя шэсць месяцаў. Бо па законе, каб утрымліваць мяне і Алега пад арыштам больш за гэты час, следству былі б патрэбныя значныя новыя падставы. Мусіць, іх не было», — выказвае здагадку Сяргей.

Паўгода ён правёў амаль што замкнёным у сваёй хатняй прасторы. Сяргей меў доступ да тэлебачання і радыё, але інтэрнэтам карыстацца было нельга. Шпацыр — адзін раз на дзень з 11 да 12 вакол дома. Можна было таксама наведваць дактароў, калі на тое даваўся папярэдні дазвол. 

«Як вазочніка, мяне маглі наведваць блізкія, яны дапамагалі з побытавымі момантамі. Тое, што я маю інваліднасць, спрасціла мне адсутнасць руху як такога: я даўно прызвычаіўся займацца фізічнымі практыкаваннямі дома. Я ўспрыняў арышт як складаную задачу, якой дамо рады. Перагортваў хатнюю бібліятэку, змог засесці за напісанне планаў. Цяжка, калі табе няма з кім іх абмеркаваць. Але ўсё гэта не параўнаецца з цяжкасцямі таго ж Алега ў СІЗА».

Першае, што зрабіў Сяргей, калі арышт скончыўся, акрамя званкоў сябрам і пагружэння ў сацсеткі, гэта наведаў цырульню. 

«Я для сябе вырашыў, што не буду падчас арышту шукаць магчымасці гэта зрабіць. Зарос за паўгода заўважна. Увогуле, гэта, канечне, вельмі прыемныя пачуцці: калі ты можаш выходзіць на вуліцу, калі табе трэба, можаш тэлефанаваць таму, каму табе трэба, пісаць у фэйсбуку. Такія звычайныя рэчы, але такія важныя». 

У лютым пасля апытання ў ДФР Сяргей расказваў, як яму пагражалі турмой, калі ён не прызнаецца ў злачынствах іх арганізацыі, называлі махляром. Супрацоўнікі, што бралі ўдзел у апытанні, паводзілі сябе груба. Тады ж Сяргей агучыў, што ўвага органаў да іх была выкліканая нібыта фінансаваннем пратэстоўцаў. Па словах Сяргея, мінулыя паўгода арышту супрацоўнікі ставіліся да яго карэктна.

Сяргей быў у курсе, што адбывалася ў краіне, але выключна ў фармаце «загалоўкаў», без падрабязнасцяў. Таму ў першы ж дзень змянення меры ўтрымання задаўся мэтай максімальна запоўніць інфармацыйныя прабелы і перачытваў старыя навіны ў дэталях. Прызнаецца, што ўсё гэта далося яму цяжка: «нібыта навіны штодзень былі горшымі і горшымі».

Пра тое, што Мінгарвыканкам у канцы ліпеня прыняў рашэнне аб ліквідацыі «Офіса па правах людзей з інваліднасцю», Сяргей даведаўся ад калег праз адваката. 

«Наш «Офіс» стаў адным з шэрагу арганізацый, якія хочуць ліквідаваць. І пакуль што мы, як і астатнія калегі, атрымалі неадэкватныя тлумачэнні: за тое, што мы 24 месяцы не прыносілі прыбытку (але ж мы некамерцыйная ўстанова). Вядома, гэта не можа быць сапраўднай прычынай.

У панядзелак мы з калегамі будзем збірацца і вырашаць, як працаваць далей. У нас, напрыклад, быў распачаты вялікі праект па працы з дзецьмі з інваліднасцю, а зараз нашы банкаўскія рахункі арыштаваныя. Трэба будзе зразумець, як працягваць нашу дзейнасць, бо ў нас няма сумневаў, што яе трэба працягваць. У сённяшніх умовах яшчэ больш актуальная праца па абароне правоў чалавека. Дзяржаўныя органы працягваюць шукаць нейкія змовы і тэрарыстаў з экстрэмістамі, зачышчаюць праваабарончыя арганізацыі, але немагчыма жыць па-за межамі правоў у сучасным свеце. Як і немагчыма забараніць прагу свабоды і жаданне лепшай будучыні», — каментуе Сяргей.

Каментары

Дзяўчына робіць беларускамоўныя каверы на папулярныя песні. Выбар некаторых артыстаў здзіўляе

Дзяўчына робіць беларускамоўныя каверы на папулярныя песні. Выбар некаторых артыстаў здзіўляе

Усе навіны →
Усе навіны

Стала вядома, колькі бонусных выплат атрымаў у 2024 годзе генеральны дырэктар «Беларуськалія»3

Да 4-5 сутак у чарзе. На выездзе з Беларусі ў Еўропу безліч аўто8

У Астравецкім раёне ў смяротнае ДТЗ трапіла аўто, у якім ехалі адразу пяцёра дзяцей. Загінула жанчына

Педагог адмовіўся выконваць незаконны загад кіраўніцтва — яго за гэта яшчэ і пакаралі2

«Важна не тое, чаго мы чакаем ад жыцця, а тое, чаго жыццё чакае ад нас». Псіхолаг Віктар Франкл пра тое, як жыць і не ламацца5

Ісламісцкія медыя Сірыі зарэтушавалі кіраўнічку МЗС Германіі Аналену Бербак на апублікаваных фота яе візіту5

Пракоп'еў крытыкуе прапанову капітуляваць: Калі ў нас не ўзнікла партыя ястрабаў, то не трэба рабіць партыю аблудных галубоў24

Падчас украінскага ўдару па расійскім камандным пункце ў Курскай вобласці загінулі 8 афіцэраў5

Брытанская сістэма СПА аказалася зусім дзіравай3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Дзяўчына робіць беларускамоўныя каверы на папулярныя песні. Выбар некаторых артыстаў здзіўляе

Дзяўчына робіць беларускамоўныя каверы на папулярныя песні. Выбар некаторых артыстаў здзіўляе

Галоўнае
Усе навіны →