На дзяржаўных каналах паказалі відэа «замаху» на Рыгора Азаронка. Некалькі цікавых момантаў
Па тэлеканалах паказалі сюжэт, які назвалі замахам на Рыгора Азаронка
У сюжэце пра замах ёсць некалькі цікавых момантаў.
1.Выканаўцамі аперацыі называюцца Дзмітрый Сасноўскі і «яго падзельнік». Імя «падзельніка» не называецца, твар не паказваецца. Чаму? Магчыма, «падзельнік» — прадстаўнік сілавых структур?
2. У машыне, адкуль выходзяць Сасноўскі і «падзельнік», усталяваная відэакамера. Яна паказвае, што «падзельнік» выходзіць са зброяй, а Сасноўскі, найхутчэй, з пустымі рукамі.
3. Калі Сасноўскі і «падзельнік» набліжаюцца да Азаронка (на відэа не відаць, што гэта менавіта ён, але камплекцыя падобная), «нападае» менавіта «падзельнік». Сасноўскі стаіць з боку, пасля на імгненне выпадае з відэа, а ўрэшце на яго накідваюцца некалькі сілавікоў.
4. Адзін з сілавікоў, які ішоў за некалькі крокаў за Азаронкам, быў татам з каляскай. Калі адбыўся «замах», ён адштурхнуў каляску ў бок і кінуўся на Сасноўскага.
***
Пра замах на Рыгора Азаронка распавёў у пятніцу на сходзе з нагоды Дня Незалежнасці Аляксандр Лукашэнка.
«Гэта здарылася мінулай ноччу: 1 ліпеня. Мэта (цытую) — знерухоміць, захапіць, кінуць у багажнік. Вывезці ў лес у самае глухое месца, адрэзаць язык. Узяць нажніцы, каб сам гэта зрабіў. Калі не зробіць сам — той, хто быў наняты за дзесяць тысяч даляраў (грошы былі пералічаныя), павінен быў ажыццявіць гэтую аперацыю, зняць на камеру і выкласці ў інтэрнэт», — распавёў учора Лукашэнка.
Каментары