«У мяне спыталіся, дзе мае дзеці і ці ўпэўненая я ў іх бяспецы. Бо разумелі, што гэта вымусіць мяне з’ехаць», — вялікая гутарка з Настай Шпакоўскай
Лідарка гурта Naka спешна з’ехала з краіны, як яна думала, на месяц-два, але жыве ў Кіеве ўжо больш за пяць. Яна актыўна ўключылася ў грамадскія працэсы падчас перадвыбарнай кампаніі, а пасля выбараў звольнілася з тэатра імя Горкага, дзе адпрацавала два дзесяцігоддзі. Пра тое, як яна ўладкавала жыццё ва Украіне, чаму вымушана была з’ехаць з Беларусі і чаму ўпершыню на яе вачах плакаў бацька — у нашай гутарцы.
Фота Ганны Арцішэўскай з архіва гераіні.
— З верасня вы жывяце ў Кіеве. Ці чакалі вы, што вымушаная эміграцыя зацягнецца так надоўга?
— Не, я нават рэчы распакавала толькі напрыканцы кастрычніка, калі зразумела, што час ідзе, а перамога прыходзіць, на жаль, не так хутка, як хацелася б.
— Чаго беларускага вам не хапае больш за ўсё?
— Я сумую — асабліва апошні месяц — па родных, сябрах, па сваім доме. Упершыню я знаходжуся па-за Беларуссю больш за пяць месяцаў. Не думала, што некалі адчую, як складана ў эміграцыі, але дзякуючы гэтаму я зразумела, якая моцная ў мяне сувязь з блізкімі і тым, што я рабіла ўсё жыццё, а цяпер рабіць не маю магчымасці. Мне не хапае майго тэатра, сумую па сваіх музыках — мы падтрымліваем адно аднаго і кажам, што хутка сустрэнемся, але гэтае «хутка» пакуль не надыходзіць.
— Як вы ўладкаваліся ў Кіеве, дзе жывяце?
— Мы жывём у сяброў, што прынялі нас адразу, як мы прыехалі. У нас усё лёгка адбылося, але я ведаю складанасці, з якімі сутыкаюцца беларусы, што пераязджаюць у Кіеў, таму стараюся ім дапамагаць. Жывём амаль у цэнтры, у нас усё добра, але так ці інакш гэта не твой дом, да таго ж разумееш, што бясконца жыць у сяброў не будзеш, трэба нешта думаць далей. З астатнім таксама ўсё неяк складваецца: я працую на польскім Radio Wnet, атрымліваю творчыя прапановы. Нядаўна вярнулася з Вільні, дзе ў Літоўскім рускім драматычным тэатры ўдзельнічала ў пастаноўцы «Дыхаем разам». Гэта спектакль-вербацім, дзе беларускія акцёры распавядаюць пра складанасці, з якімі яны сутыкнуліся праз нашу рэвалюцыю і нашу барацьбу. Спадзяюся, з гэтай пастаноўкай мы паедзем у тур, каб усяму свету распавесці пра тое, што адбываецца ў Беларусі. Ёсць таксама асобныя творчыя прапановы — штосьці робім, не сядзім.
— Што вашы дзеці кажуць пра новае жыццё?
— Яны таксама сумуюць, але не так глыбока. Я ўсё раблю для таго, каб яны не адчувалі гэты боль, каб у іх не было псіхатраўмы, і спадзяюся, у мяне атрымліваецца. Спачатку яны былі шчаслівыя, бо я сказала, што мы едзем адпачыць. Але яны разумелі, што адбываецца ў краіне, калі муж паехаў па справах у Мінск, пыталіся: «А тату не пасадзяць?» Бывае, дачка ці сын пытаюцца, калі мы паедзем дадому.
— Што цяпер з вашымі хатнімі жывёламі?
— Аднаго сабаку мы пазней перавезлі да сябе. Другі сабака і адзін кот цяпер у маёй мамы, другі кот застаўся жыць дома, а марскія свінкі пакуль у сяброў. Уся гаспадарка разышлася, мы вельмі сумуем, лепш нават пра гэта не гаварыць.
— Вы заспелі два нядзельныя маршы і з’ехалі, калі ў Беларусі быў даволі натхняльны перыяд. Чаму вы былі вымушаны гэта зрабіць?
— Спачатку ў тэлеграм-каналах кшталту «Правакатары» былі апублікаваныя мае персанальныя дадзеныя, а пазней пачаліся званкі з пытаннямі, дзе мае дзеці і ці ўпэўненая я ў іх бяспецы. Тыя, хто тэлефанаваў, разумеў, што гэта адзінае можа вымусіць мяне з’ехаць. Я думала, што вярнуся праз месяц-два, а ў Кіеве так ці інакш працягну барацьбу. Можа, я памылілася і не трэба было з’язджаць, але пэўны ціск я стала адчуваць задоўга да першых маршаў. Я ўжо не кажу пра «чорныя спісы» і тое, што было да 2020 года, але ў мінулым годзе я збірала подпісы, вяла актыўную грамадскую дзейнасць і працавала для газеты The Washington Post — ездзіла па выбарчых участках, размаўляла з людзьмі, што пацярпелі. Я была так паглыблена ў падзеі, што ўрэшце нават не магла спаць. І адчувала, што за мной назіраюць. Ні за адну свабоду я не гатова рызыкаваць жыццём сваіх дзяцей і чалавечым жыццём увогуле. У жніўні, калі я размаўляла з чарговай дзяўчынай, з якой на Акрэсціна рабілі невыносныя рэчы, думала, хай ён застаецца і далей сядзіць з пасінелымі пальцамі, толькі не робіць такое з людзьмі.
— Але ці здольна наша сістэма спыніць рэпрэсіі?
— Не, у яе няма іншых варыянтаў. Маша Калеснікава казала, што нас будуць закочваць у асфальт, — гэта зараз і адбываецца. Мы моцна залежым ад падзей у Расіі, бо Лукашэнка непасрэдна залежыць ад становішча Пуціна. Калі там нешта будзе мяняцца, у нас зменіцца вокамгненна: калі ў Пуціна пачнуцца праблемы, падтрымка Лукашэнкі будзе яго апошнім клопатам. Я спадзяюся, два гэтыя дыктатарскія рэжымы пацягнуць адзін аднаго на дно. У Лукашэнкі застаўся толькі белы шпіц і Пуцін, нават па публікацыях «Пула першага» бачна, што ён у палітычнай і чалавечай адзіноце, таму закочванне ў асфальт — адзінае, што яму застаецца. А калі скончацца грошы, знікнуць і ўсе яго прыслужнікі, яны ж з ім не за ідэю светлай будучыні. Мы тым часам набліжаемся да 1937 года, але спадзяюся, усё ж не дойдзем.
— У верасні вы казалі, што не можаце спяваць і займацца творчасцю. Ці прайшоў гэты перыяд?
— Не прайшоў, але я знайшла залатую сярэдзіну: я магу і хачу спяваць і выходзіць на сцэну, калі гаворка ідзе пра Беларусь. Мне прапаноўвалі здымкі ў забаўляльным фільме, але я адмовілася. Магу толькі адгукнуцца на канцэрт, звязаны з дапамогай беларусам, ці тэатральную пастаноўку кшталту «Дыхаем разам». Я працягваю пісаць песні, і ўсе яны звязаны з апошнімі падзеямі.
— Вы заўважылі за сабой прызвычайванне да тэрору праз тое, што сітуацыя зацягваецца і да яе трэба неяк падладжвацца?
— Не думаю, што гэта прызвычайванне, але надзея на хуткую перамогу знікае, і людзі папросту намагаюцца выжыць у абставінах, у якіх апынуліся. З красавіка я кажу, што кожны з нас мусіць рабіць тое, што можа, і ад нашай падключанасці будзе залежаць хуткасць перамогі. Складана падтрымліваць эмацыйны градус так доўга, мы не прафесіяналы-рэвалюцыянеры і не ведаем дакладна, што рабіць, але тым не менш ініцыятывы ўвесь час з аднаго фармату перараджаюцца ў іншы. Ёсць адчуванне, што беларусы за межамі краіны — гэта, можа быць, мой досвед — ужо больш займаюцца тым, каб уладкавацца на новым месцы. Гэта натуральна, бо людзі пражываюць сваё адзінае жыццё і жадаюць быць шчаслівымі, але мяне такія думкі бянтэжаць, бо я не хачу звязваць будучыню з іншай краінай.
— У Кіеве вы стварылі Першую беларускую анлайн-школу. У чым яе асаблівасць?
— У тым, што на тэрыторыі іншай краіны дзеці могуць вучыцца так, быццам яны атрымліваюць адукацыю ў Беларусі, каб лёгка працягваць навучанне пасля вяртання дадому. Тут захаваныя беларуская мова, літаратура і гісторыя Беларусі, але абавязковыя і ўкраінская мова, літаратура і гісторыя Украіны. З 2020 года ва Украіне не вывучаюцца руская мова і літаратура, але мы змаглі ўключыць гэтыя прадметы ў праграму, бо яны ёсць у нашых школах. Мне за гэтую рускую мову ад беларусаў ва Украіне прылятае кожны дзень, маўляў, я русіфікую дзяцей. Большасць складанасцяў, з якімі я сутыкнулася, на здзіўленне, была якраз ад беларусаў, а ўкраінскі бок увесь час ішоў насустрач і рабіў немагчымае. Мы змаглі якасна адладзіць навучальны працэс у анлайн-фармаце, я ўжо не кажу пра шыкоўны склад настаўнікаў. Мае дзеці таксама вучацца ў гэтай школе.
— Ці сочыце вы за тым, што адбываецца ў Рускім тэатры?
— Так, сачу. Я перапісваюся з маімі сябрамі-акцёрамі.
— Іакасту ў «Эдыпе» замест вас цяпер іграе жонка мастацкага кіраўніка тэатра Вікторыя Кавальчык. Як бы вы гэта пракаментавалі?
— Вікторыя — прафесійная актрыса, яна і да гэтага была ў трупе. «Эдып» — адзін з маіх любімых спектакляў у Рускім, гэта адзіная пастаноўка Барыса Луцэнкі, якая засталася ў рэпертуары. Я за тое, каб у яе было далейшае жыццё, і спадзяюся, Вікторыя ў ёй іграе цудоўна. Ні пра аднаго чалавека з тэатра я не хачу гаварыць нешта негатыўнае, нават пра тых, хто вядзе лукашэнкаўскія шабашы і робіць, на маю думку, жахлівыя рэчы. Спадзяюся, з цягам часу яны самі ўсё зразумеюць.
— У новай Беларусі вы б змаглі далей працаваць са сваёй трупай?
— Калі ў нас будзе новая краіна, у трупе застануцца толькі тыя, каго я паважаю і з кім сябрую, а тыя тры працэнты самі не змогуць працаваць у новым тэатры, таму не бачу ніякіх перашкод для вяртання.
— Ці адпавядае тое, што робіць сёння беларускі тэатр, сітуацыі ў краіне?
— Не, таму я ў жніўні і звольнілася, бо не разумела, як можна працягваць выконваць загады Міністэрства культуры. Спектаклі тэатра Горкага нейтральныя і не тычацца палітычнага ці грамадскага жыцця, але гэтая нейтральнасць мне падаецца невыноснай. Не разумею, як у гэтых абставінах можна захоўваць нейтралітэт, а наш тэатр захаваў яго лепш за ўсіх. Па-чалавечы я разумею, што людзям трэба працягваць жыццё, але калі б мы ў жніўні і верасні разам падняліся і сказалі, што не можам рабіць выгляд, быццам нічога не адбылося, зараз жылі б ужо ў іншай краіне. Напэўна, немагчыма, каб людзі, якія 26 гадоў ішлі, ківаючы галавой, у адзін момант узялі і прачнуліся. Я з пачатку існавання гурта Naka гаварыла, што нельга жыць у гэтым балоце і цярпець, і мела падрыхтаваную базу, якой у большасці не было. Так, нехта быў незадаволены, але маўляў, што зробіш, усё было памяркоўненькае, ціхенькае — ніякае.
— Купалаўскі тэатр таксама хоча жыць далей і паставіць «Паўлінку». Як вы ставіцеся да гэтага?
— Зразумела, негатыўна, гэта імітацыя дзейнасці. Большасць акцёраў была вымушана сысці праз такія абставіны — як можна ставіць «Паўлінку», быццам нічога не адбылося? Так ці інакш таго поспеху і таго гледача, якія ў Купалаўскага былі раней, у сённяшняга тэатра не будзе — будзе толькі імітацыя жыцця для сваіх жа «ябацек», гэта смешна і трагічна. Гэта якраз тое, што намагаецца зрабіць наша ўлада, — прытварыцца, што нічога не адбылося. Але ўсе нармальныя людзі, якіх у нашай краіне большасць, разумеюць, што гэта прытворства.
— Мы назіраем ціск на сферу культуры, але ў той жа час у мастацтве нараджаецца шмат новага і крэатыўнага. Гэта ўсё ж «залаты век» беларускай культуры ці яе заняпад?
— Больш залаты, бо гэтыя цяжкасці і барацьба — шыкоўныя абставіны для творчасці. Калі мастак галодны, калі ён шукае праўду, калі ён намагаецца дагрукацца да гледача ці слухача, гэта залаты час. Мы цяпер адыходзім ад звыклых умоў існавання, ад традыцыйнага тэатра і шукаем новыя сродкі выразнасці.
— І што адбудзецца, калі ўлада зменіцца?
— Мы ўжо не вернемся да таго, што было, традыцыйны савецкі тэатр з ранейшым рэпертуарам больш не будзе запатрабаваны, і гэта супер. Не ведаю, ці захаваюцца нацыянальныя тэатры і ці будзе ў іх патрэба, — у нас з’явяцца іншыя тэатры, формы і пастаноўкі, якія будзе дыктаваць само жыццё. Ужо даўно трэба было, каб нешта змянілася, і апошнія месяцы сталі для гэтага штуршком.
— Вы характарызавалі нашую рэчаіснасць як балота. У нас усё яшчэ балота?
— Ужо на нядзельных маршах стала зразумела, што мы не балота. На першым я падумала, што гэта дакладна перамога. Пасля марша я з бутэлькай шампанскага прыехала да бацькі і сказала: «Тата, мы перамаглі, дажылі!» А ён кажа: «Не, гэтага не можа быць». На наступны марш я ўзяла яго з сабой, на праспекце Незалежнасці мы апынуліся ў вялікім натоўпе людзей са светлымі прыгожымі тварамі, і канца яму не было відаць. Я азірнулася, гляджу — тата стаіць і плача, а я ніколі ў жыцці не бачыла, каб ён плакаў.
— Што ў апошніх падзеях вас больш за ўсё раздражняе, а што радуе?
— Вельмі ўражваюць беларускія пратэсныя акцыі і тое, што людзі не спыняюцца, а ўвесь час знаходзяць новыя сродкі выказвання. А раздражняюць, напрыклад, размовы гэтых — нават людзьмі іх не магу назваць — лукашэнкаўскіх паслугачоў пра лагеры і іншае. Ты разумееш, у якім свеце знаходзіўся 26 гадоў, а я не думала, што ён настолькі жахлівы. Ад гэтага ўнутры прачынаецца злосць, і я гэтым незадаволена, я не хачу сціскаць зубы і ненавідзець людзей, хоць, як жывы чалавек, напэўна, нешта іншае адчуваць не магу.
— Ці дапамаглі апошнія падзеі вам нешта пераасэнсаваць?
— Я ў такой жа сістэме каардынат знаходзілася ўвесь час, але па першым часе мяне здзіўляла, наколькі раздзялілася чорнае і белае, — я яшчэ ніколі не была ў такіх відавочных абставінах. Ад гэтага крыху сумна, але зараз на добрым фронце з’явіліся паўтоны — людзі спрабуюць высвятляць бэкграўнд і сумленнасць тых, хто дае барацьбе натхненне, а да перамогі такія рэчы не павінны адбывацца.
— У белым вызначыліся адценні, а ў чорным?
— Там такая цемра, што нічога не відаць. Я б у гэтай цемры нават не хацела займацца пошукам, нават набліжацца да яе не хачу. Хай суды, Гаага высвятляюць, хто менш датычны да здзекаў з беларусаў, а хто больш.
— Ці пахіснулася вашая вера ў перамогу пратэсту?
— Не пахіснулася, але нялёгка беларусам зрабіцца вольнымі. Хацелася б, каб мы яшчэ больш аб’ядналіся і былі адзін да аднаго бліжэй.
Каментары