Грамадства

«Апрануўся ў адзенне, падобнае да адзення Ціханоўскага». Судзяць Фурманава, Кнігу і Разнічэнку, затрыманых пасля правакацыі ў Гродне супраць Ціханоўскага

29 мая ў Гродне падчас правядзення пікету па зборы подпісаў грамадзян у падтрымку вылучэння ў якасці кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай супрацоўнікамі міліцыі быў затрыманы кіраўнік ініцыятыўнай групы, блогер папулярнага YouTube-канала «Краіна для жыцця» Сяргей Ціханоўскі, а таксама некалькі чалавек з яго каманды. Сёння пачаўся працэс па справе першых трох фігурантаў: Дзмітрыя Фурманава, Уладзіміра Кнігі, Яўгена Разнічэнкі.

Іх абвінавачваюць ва ўдзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, Кнігу і Разнічэнку — таксама ў гвалце ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі, па справе праходзяць чатыры пацярпелыя.

Разгляд справы ў судзе Кастрычніцкага раёна Гродна пачаўся са спазнення. Для працэсу выдзелілі невялікую залу, дзе знаходзяцца тры невялікія лаўкі для слухачоў. На працэс папярэдне паклікалі студэнтаў прыватнага юрыдычнага каледжа, якія занялі дзве лаўкі. Але пасля перапынку на запуск абвінавачаных вольныя месцы змаглі заняць родныя абвінавачаных, іх сябры і прэса.

Дзмітрый Фурманаў быў затрыманы 29 траўня падчас пікету па зборы подпісаў за вылучэнне ў кандыдаты Святланы Ціханоўскай. Калі адбыўся інцыдэнт з міліцыянтам, пасля якога пачаліся затрыманні людзей з натоўпу, Зміцер сядзеў за сталом і працягваў збіраць подпісы. Затым да яго прыбеглі амапаўцы, схапілі пад рукі і пацягнулі праз сквер у машыну на вачах у яго бацькоў, якія таксама былі на пікеце.

Дзмітрыю Фурманаву выставілі абвінавачванне па ч. 1 арт. 342 КК РБ (Арганізацыя ці актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала яго палітычным зняволеным, а міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International — вязнем сумлення.

Сваякі палітвязня Дзмітрыя Фурманава — маці Вольга Фурманава і яго дзяўчына Вольга Каракіна — абвясцілі бестэрміновую галадоўку каля будынка СІЗА №1, што на вуліцы Валадарскага ў Менску.

Яўген Разнічэнка — сябра ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай, які быў затрыманы пасля пікету па зборы подпісаў, які праходзіў у Гродне 29 мая. У той дзень ён прысутнічаў у цэнтры горада і ў момант затрымання Сяргея Ціханоўскага «паклаў» на зямлю аднаго з двух міліцыянтаў. Гэты момант трапіў на відэа.

Пасля пікету Разнічэнка запісаў каментар, у якім патлумачыў, што падхапіў міліцыянта ў той момант, калі Ціханоўскага стаў адціскаць натоўп, такім чынам змякчыўшы падзенне. «Ніякай бойкі — ні з майго боку, ні з другога — там не было», — казаў Разнічэнка. У каментары ён таксама выказаў здагадку, што ў сувязі з гэтым могуць завесці крымінальную справу. «Таму, калі я перастану выходзіць на сувязь, хлопцы, разумейце, што гэта проста правакацыя з боку спецслужбаў. Таму максімальна буду старацца быць на сувязі, але калі я на сувязь не выходжу — пачынайце біць трывогу», — сказаў актывіст. Пасля гэтага, у ноч з 29 на 30 траўня, сувязь з ім знікла, а пазней стала вядома, што яго таксама затрымалі.

Разнічэнка да вясны 2020 года працаваў у Маскве, аднак у канцы сакавіка прыехаў у Беларусь на пахаванне бацькі. З-за закрытай падчас эпідэміі каранавіруса мяжы ён не змог вярнуцца ў Расію і пачаў шукаць працу ў родным горадзе, уладкаваўся зваршчыкам і стаў цікавіцца палітыкай.

39-гадовага гарадзенца Уладзімера Кнігу затрымалі 4 чэрвеня. У дачыненні да Кнігі таксама склалі адміністрацыйны пратакол за дробнае хуліганства. Згодна з матэрыяламі справы, Кніга 29 мая на пікеце ў Гродне парушаў грамадскі парадак, нецэнзурна лаяўся, чапляўся да мінакоў, перашкаджаў праезду аўтатранспарту. Кніга тады сваю віну не прызнаў цалкам. Ён заявіў, што прыйшоў на плошчу незадоўга да бойкі, пасля якой упаў міліцыянт, і толькі назіраў за падзеямі, грамадскі парадак не парушаў.

Сведкам па справе выступіў супрацоўнік АМАП Дзмітрый Нарбут. Ён сцвярджаў, што Кніга штурхаў людзей, у тым ліку супрацоўніка міліцыі, гучна лаяўся матам на адрас міліцыянтаў, перашкаджаў руху мікрааўтобуса з затрыманымі.

Пракурор зачытвае абвінавачванне. Па версіі следства, Сяргей Ціханоўскі і Дзмітрый Фурманаў загадзя спланавалі незаконны мітынг пад выглядам пікета для збору подпісаў, скарыстаўшыся фармальнасцю, што для гэтага не патрабуецца дазвол мясцовых уладаў. Адзначаецца, што інфармацыю пра планы Ціханоўскага і яго паплечнікаў распаўсюджваў Статкевіч.

Таксама прагучала прозвішча Арановіча, які, паводле абвінавачвання, наўмысна апрануўся ў адзенне, падобнае да таго, у якім быў Ціханоўскі, каб забяспечыць ягоную абарону на мерапрыемстве і ў будучыні дапамагчы яму схавацца. Пракурор падкрэслівае, што мерапрыемства мела на мэце абвастрэнне палітычнай сітуацыі ў краіне, стварэнне палітычнай і ідэалагічнай варожасці ў грамадстве.

Тое, што мерапрыемства здымалася на відэа і транслявалася ў інтэрнэце, таксама прыкмета злачынства, па меркаванні дзяржабвінаваўцы, бо такім чынам паплечнікі Ціханоўскага прапагандавалі свае незаконныя дзеянні. У абвінавачванні адзначана, што Ціханоўскі меў на мэце непадпарадкаванне падтрабаванням супрацоўнікам міліцыі: участковы Казлоўскі і Каваленя падышлі да яго, бо быў сігнал ад грамадзян, аднак Сяргей Ціханоўскі адмовіўся даць тлумачэнні, а калі яго паспрабавалі затрымаць, Кніга і Разнічэнка пачалі гэтаму перашкаджаць, цягнулі за адзенне амапаўца, нанеслі ім па некалькі ўдараў, таксама былі пашкоджаныя дзверы спецтранспарту, абласная міліцыя ацаніла ўрон амаль у 230 рублёў.

Каментары

«Ачагоў, як мы бачым, некалькі». Страшна гарэў гандлёвы цэнтр у Віцебску ВІДЭА1

«Ачагоў, як мы бачым, некалькі». Страшна гарэў гандлёвы цэнтр у Віцебску ВІДЭА

Усе навіны →
Усе навіны

Хтосьці стварыў фальшывы сайт КДБ і цішком збіраў даносы8

Напярэдадні святаў квіткі на аўтобус з Мінска ў Вільню адчувальна даражэюць6

У Казахстане судзяць беларуса за ДТЗ, у якім загінулі восем чалавек, у тым ліку пяцёра дзяцей

Сі Цзіньпін, здаецца, адхіліў запрашэнне на інаўгурацыю Трампа

Кавалеўскі: Інтарэсы Беларусі ў мірных перамовах па Украіне нельга ігнараваць6

20-гадовая дзяўчына станцавала ў міліцэйскай форме. Да яе прыйшлі сілавікі7

Мелказёраў расказаў, як аформіў медыцынскую страхоўку для сабакі і чаму гэта выгадна7

Беларуска і беларус здзівілі ўсіх на турніры па покеры на Багамах2

Самую дарагую кватэру ў Мінску ў лістападзе прадалі ў «Доме Чыжа»

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Ачагоў, як мы бачым, некалькі». Страшна гарэў гандлёвы цэнтр у Віцебску ВІДЭА1

«Ачагоў, як мы бачым, некалькі». Страшна гарэў гандлёвы цэнтр у Віцебску ВІДЭА

Галоўнае
Усе навіны →