Грамадства

«Мама, я ніколі не зламаюся, выйду з турмы з высока паднятай галавой». Размова з маці палітзняволенай студэнткі

Аксана Агурчыкава — мама Анастасіі Булыбенка, студэнткі БНТУ, якую выключылі з універсітэта, трымаюць у СІЗА і абвінавачваюць па крымінальным артыкуле. Аксана расказвае ў гутарцы з Наталкай Бабінай пра дачку, разважае пра Беларусь сёння і пра тое, як выхаваць героя.

Анастасія Булыбенка са сцягам БНТУ на праспекце Незалежнасці каля свайго універсітэта.

Аксана Агурчыкава: Я мама Асі Булыбенка, адной з тых 20 студэнтаў, якія былі затрыманыя падчас пратэстаў і абвінавачаныя ў крымінальным злачынстве.

У нас вялікая сям'я: я, котка і Ася, і яшчэ вельмі шмат неверагодных і сардэчных людзей. Ва ўсе часы мы былі з Насцяй рука аб руку, моцна. Яна заўсёды была выдатніца, актывістка, скончыла мастацкую школу, у канцэртах удзельнічала, паэзію Срэбнага веку любіць… Дыялог у нашай сям'і ў прыярытэце, Насця ўмее аргументаваць і тлумачыць сваю пазіцыю, мы ўсё абмяркоўвалі. Ураўнаважаны, думаючы чалавек. Сонейка маё.

Мама і дачка.

Мы жылі ў Магілёве, у мяне быў свой бізнэс 12 з паловай гадоў — крама касметыкі ручной работы. Тры гады таму, калі Насця вырашыла, што будзе атрымліваць вышэйшую адукацыю ў сталіцы, я закрыла бізнэс і мы пераехалі ў Мінск. Мне хацелася быць побач з ёй, каб яна ведала, што ёсць цёплы дом, ёсць месца, дзе яе заўсёды чакаюць, такая бяспечная гавань. Знялі там кватэру. Насця паступіла ў БНТУ, на машынабудаўнічы факультэт, на бюджэт.

Мама з чатырохгадовай Настай у Кракаве.

9 жніўня ў Насці былі першыя ў жыцці выбары. Яна вельмі чакала іх. Паколькі ў яе месца прапіскі Магілёў, яна паехала туды спецыяльна, каб прагаласаваць. Увечары 9-га не змагла вярнуцца: маршрутнікі адмаўляліся ехаць у Мінск, горад быў закрыты — вярнулася на наступны дзень. Першае затрыманне было на «бліскучым» жаночым маршы 19 верасня. Тады пратакол не склалі, але пазней даслалі ліст, што выйшаў тэрмін для прыцягнення да адказнасці.

17 кастрычніка на маршы студэнтаў зноў была затрыманая, адзначылі фарбай не толькі спіну, але нават твар, хоць забралі на лаўцы з распухлай нагой. Я шукала яе шэсць гадзін, паспела перадаць цёплыя рэчы, і Аська крыкнула перад пагрузкай у аўтазак: «Мама, я люблю цябе!» Суд Партызанскага раёна прысудзіў 10 сутак.

На наступны дзень пасля вызвалення выйшла на вучобу, а 3 лістапада ёй уручылі загад аб адлічэнні задняй датай на падставе пропускаў за гэтыя 10 сутак. У лістападзе пры ператрусе ўзялі пад арышт паводле крымінальнага артыкула, а пазаўчора стала вядома, што працягнулі тэрмін затрымання яшчэ на 2 месяцы. Да 12 сакавіка…

Пасля сутак у кастрычніку Ася выйшла ў вельмі дрэнным стане. У яе псарыяз, ён вельмі абвастрыўся ў сувязі з гэтымі падзеямі. Вы ж ведаеце, як гэта ў «скурнікаў» усё абвастраецца… Былі жудасныя ўмовы зняволення: яна сядзела на Акрэсціна і ў Баранавічах. І хоць дзяўчаты ў камеры рабілі ўсё, каб ёй дапамагчы: размеркавалі абавязкі, каб Насці не прыйшлося нічога мыць вадой, дзяліліся сродкамі гігіены, — рукі запаліліся настолькі, што яна не магла разагнуць пальцаў, скура трэскалася да крыві. Насця не мылася 10 дзён, на Акрэсціна галадалі практычна, што ўжо казаць пра дыету, рэкамендаваную хворым на псарыяз… Дыеты не было. Добра, што іншыя зняволеныя дзяўчаты дзяліліся з Насцяй прадуктамі, сурвэткамі, рэчамі. Толькі праз 4 дні, калі яна ўжо трапіла ў Баранавічы, я змагла перадаць прадукты і лекі.

Пасля адлічэння мы спрабавалі шпіталізаваць яе, але з-за кавіду не паспелі, пачалі лячэнне дома.

Насця цяжка аднаўлялася, казала мне: «Мама, я чую лясканне турэмных дзвярэй, лаўлю флэшбэкі, так баюся прачнуцца ў камеры». Перастала есці і спаць. Стан быў такім нядобрым… 12 лістапада, у той «чорны» чацвер, я паехала на працу, і ў раёне абеду пачалі тэлефанаваць дзеці…

Наталка Бабіна: Дзеці — гэта хто?

АА: Cябры Насці, у тым ліку студэнты БНТУ.

І вось яны кажуць, што не могуць выйсці з ёй на сувязь. Я спачатку думала, што яна спіць. Супакойвала іх. Не, кажуць, тэлефон адключаны, а гэтага не магло быць: ён усю ноч быў на зарадцы.

Ехала дадому з трывогай, але дрэнныя думкі адганяла, хоць і разумела: дома бяда. Дзверы былі зачынены на ключ. З парога ўбачыла, што ўсё ў кватэры перавернута, няма дочкіных чаравікаў, няма зубной шчоткі, на кухні недапіты чай… Я патэлефанавала 102, і нарад мне патлумачыў, што быў ператрус і яе затрымаў КДБ. Асю разбудзіла не кава, а шэсць мужчын над яе ложкам, яна спала…

НБ: Чаму менавіта яе забралі? Пратэсты ж былі стыхійнымі, у іх бралі ўдзел многія. Чаму менавіта Ася прыцягнула ўвагу гэтых органаў?

АА: Чаму? Ох… Донечка вельмі далікатная, худзенькая «хрустальная» — так яе ахарактарызавала дзяўчына, з якой Ася пазнаёмілася ў аўтазаку і правяла «незабыўныя» 10 сутак арышту… Нягледзячы ні на што, яна заўсёды абараняла справядлівасць. Праўдарубец. Усёй сваёй маленькай істотай паўставала супраць несправядлівасці. І вось выбары… Апафеоз усяго, што немагчыма ні прыняць, ні зразумець, ні дараваць. Ясна, што Ася не магла прамаўчаць. Яна сказала: «Мама, я не магу застацца ўбаку». І я яе зразумела. Бацькі заўсёды павінны паважаць выбар дзіцяці. Думаю, што яна трапіла ў поле зроку органаў у пачатку верасня, калі затрымалі студэнтку БНТУ Віку Гранкоўскую (яна збірала подпісы пад зваротам да рэктара наконт падаўжэння дыстанцыйнай адукацыі). Віку затрымалі, асудзілі на суткі і гэта абурыла многіх. Насця са сцягам БНТУ ўстала перад уваходам у галоўны корпус за абарону правоў студэнтаў. Горда, без маскі, без ценю сумневу. Практычна праз пару хвілін двух хлопцаў затрымалі. Вось тады трапіла пад увагу рэктарата, дэканата, пачаліся выклікі, тлумачальныя. Насця аргументавана тлумачыла сваю пазіцыю, бывала, па дзве гадзіны доўжыліся гэтыя размовы. Яе папярэджвалі, што калі яна не перастане быць актыўнай, то ёй будзе дрэнна.

Такая пазіцыя адміністрацыі ўніверсітэта. Маўчыце, а то будзе дрэнна. Але мы ж не ў каменным веку жывём, калі схапіў дубінку — і пабег лупіць, заўсёды важна слухаць і чуць! Дзеці вераць, што трэба гаварыць, што кожны голас будзе пачуты… А тут такая велізарная несправядлівасць — дзеці не злачынцы, а сядзяць на сутках і ў СІЗА!

Многія кажуць, што яны ўжо паўналетнія і ніякія не дзеці, але я ў корані не згодная! Яны юныя і чыстыя, смелыя і моцныя дзеці, якім выпала жыць у такія няпростыя часы, але кожны з іх прыняў адказнасць за сваё рашэнне, свой выбар. Як паказалі апошнія месяцы, далёка не кожны дарослы здольны выбраць паміж тым, што правільна, і тым, што лёгка.

Маё дзіця ніколі ў жыцці не праводзіла Новы год па-за сям'ёй. 2021-ы Ася сустрэла ў турме.

Лісты прыходзяць рэдка, а ў апошнія два тыдні наогул нічога… Я магу нешта даведацца толькі праз адваката: як сябе адчувае, што ёй перадаць, каб парадаваць. Насцёна вялікая ласуха, лепшая дапамагайка — шакаладка або шакаладная пячэнька ў шакаладзе.

Асенька заўсёды пытаецца ў адваката: як мама, як трымаецца? Перадаю, што я не адна, мяне падтрымліваюць студэнты і велізарная колькасць іншых людзей! Прапануюць дапамогу, прыходзяць да мяне, перадаюць для Асі падарункі, паштоўкі, лісты, пасылаюць бандэролькі, імкнуцца парадаваць яе. Такі непасрэдны, дзіцячы клопат.

Адзін са шматлікіх лістоў, якія дасылаюць Насці. Праўда, невядома, ці яны даходзяць.

І на працы ў мяне каласальная падтрымка!

Я ведаю, што пазаўчора навіну аб падаўжэнні затрымання Ася прыняла вельмі годна, сказала, што была гатовая. Хоць як можна быць гатовым да такога?! Мяне, вядома, гэтая навіна размазала цалкам. Са мной працуе псіхолаг з таго моманту, як Насцю забралі. Мне дапамагаюць.

(Паўза, маўчанне, змагаецца са слязамі.)

НБ: Аксана, калі мы з вамі размаўлялі раней, вы распавялі, што дачка напісала вам з турмы, што ніколі не зламаецца і выйдзе з турмы з высока паднятай галавой. Калі я пераказала гэта сваёй старэйшай дачцэ, якая цяпер выхоўвае маленькага сына, яна спачатку заплакала, а потым выцерла слёзы і папрасіла: «Мама, калі ты будзеш рабіць інтэрв'ю з Аксанай, спытай, як трэба выхоўваць дзіця, каб яно вырасла героем?» Вось пытаюся.

Каля БНТУ 5 верасня 2020 года. Фота people.onliner.by

АА: Ведаеце, калі яна адседзела 10 сутак, я ёй казала, што другі раз такое не перажыву, бо гэта так страшна. Я 4 сутак не ведала, дзе маё дзіця, яе не было ні ў адных спісах. Мы з іншымі бацькамі кідаліся: Жодзіна, Баранавічы… Выйшла Насця вельмі худая, рукі гэтыя ў трэшчынах… І калі цяпер забралі зноў, адзінае, што яе хвалявала — як я гэта перажыву.

Я ў кожным лісце пішу, хто са мною побач, колькі неабыякавых людзей прапануюць і аказваюць дапамогу. Вось на працы ў мяне (я працую ў праектным бюро) — 160 супрацоўнікаў і абсалютна кожны выказаў сваю падтрымку. Кожны! У лісце пра гэта напісала, і вось тады Ася адказала: «Мама, наша сям'я стала большай на 160 чалавек. З такой падтрымкай я ніколі не здамся і не зламаюся, выйду з турмы з высока паднятай галавой, і ты будзь моцнай».

У мяне быў дзень нараджэння 9 снежня, а дачка мне загадзя даслала ліст і строга наказала адкрыць менавіта ў дзень Х. Я вытрымала, адкрыла ў правільны дзень, а там: «Мама, ты падарыла мне жыццё, а я табе падару ўвесь свет. З днём нараджэння, мой герой!»

(Паўза, змагаецца са слязамі.)

А выхаваць, Наташа, вельмі проста. Проста трэба давяраць сваім дзецям. Яны ведаюць і адчуваюць больш за нас, таму што яны іншыя, яны лепшыя за нас. Яны больш свабодныя. Яны смелыя, яны адкрытыя, і, праўда, заўсёды трэба паважаць меркаванне дзіцяці. Дзецям патрэбныя рамкі, але толькі для бяспекі. Я заўсёды лічыла, што наша місія як бацькоў — быць побач, падтрымліваць у іх шляху, у іх выбары.

Заўсёды буду побач з Насцяй і ведаю, што яна ўсё робіць з чыстай душой, з добрым сэрцам і бясконцай павагай да людзей. «Мама, як ты мяне вучыла, я веру ў дабро і веру ў людзей. Выключэнні толькі пацвярджаюць правіла». І хай маё сонейка (яе многія называюць менавіта так) сагравае сэрцы. Трэба жыць па гонары, трэба жыць па сумленні, каб перад сабой не было сорамна…

НБ: А як іншыя затрыманыя дзеці, вы ведаеце, якая ў іх абстаноўка?

АА: У цэлым усе ў аднолькавым становішчы цяпер. Камусьці на месяц працягнулі следства, камусьці на два, але, нават застаючыся ў няволі, яны імкнуцца падтрымаць адзін аднаго, перажываюць за сяброў і родных. Крэмень нашы дзеці!

Гэта настолькі па-чалавечы — разумець чужы боль, не прайсці міма, не апусціць вочы. Я цяпер дакладна ведаю: у мяне ёсць апора. Я з псіхолагам размаўляла, яна пытаецца: «Што ты адчуваеш, калі столькі людзей цябе падтрымліваюць? Напаўняешся сілай?» А гэта іншае, гэта пачуццё абароны, клопату і любові. Ніхто не павінен быць адзін, мы нібы ў счэпцы на ўвесь свет.

НБ: Увесь свет супраць аднаго. Законы сацыялогіі і гісторыі ніхто не адмяняў, і я цвёрда веру, што перамога блізка. І я згодная з вамі, што сённяшняя моладзь нашмат лепшая за нас, якімі мы былі ў іх узросце. Ды і ў цэлым грамадства за гэтыя месяцы нашмат лепш зразумела само сябе. Якая ў людзях новая энергія, як многія за гэтыя месяцы па-новаму паглядзелі самі на сябе, якія выдатныя проста на вачах нараджаюцца новыя ўзаемаадносіны…

АА: Кожнае слова, фраза, учынак маюць вагу. Сіла пазітыўнай калектыўнай думкі і згуртаванасць выклікаюць гонар. Гэтая доблесць і гонар, смеласць і дабрыня — яны сілкуюць, яны проста запаўняюць паветра.

Анастасіі Булыбенка можна напісаць:

220030, г. Мінск, вул. Валадарскага 2, СІЗА-1, кам. 82, Булыбенка Анастасіі Аляксандраўне

Калі вы хочаце дапамагчы, вось нумар рахунка яе маці ў Прыёрбанка, які патрэбны ў АРІП: 3000081047907.

Каментары

Алепа за тры дні? Сірыйскія паўстанцы ўвайшлі ў найбуйнейшы горад Сірыі. Эрдаган ізноў усадзіў ятаган у спіну Пуціна7

Алепа за тры дні? Сірыйскія паўстанцы ўвайшлі ў найбуйнейшы горад Сірыі. Эрдаган ізноў усадзіў ятаган у спіну Пуціна

Усе навіны →
Усе навіны

Экс-прэзідэнт Польшчы: Замарожаны канфлікт будзе трагічнай весткай для Украіны3

Упершыню за палову месяца даляр патаннеў

«Калі набыў $20 па курсе 3,3 — і цяпер ты паспяховы інвестар»: як беларусы рэагуюць на скачкі валют7

У 53 гады загінуў былы турэмны начальнік з Оршы5

У Брэсце мужчына падумаў, што яму атруцілі каву, і ўдарыў афіцыянтку лыжкай. Завялі крымінальную справу3

Паліцыя разагнала пратэст у цэнтры Тбілісі3

Улады Малдовы вырашылі не плаціць «Газпраму» доўг памерам 709 млн даляраў

«Цяпер хоць стала можна нармальна зарабляць». Што думаюць таксісты пра працу ў новых умовах9

Аўстралія забароніць падлеткам да 16 гадоў карыстацца сацыяльнымі сеткамі2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Алепа за тры дні? Сірыйскія паўстанцы ўвайшлі ў найбуйнейшы горад Сірыі. Эрдаган ізноў усадзіў ятаган у спіну Пуціна7

Алепа за тры дні? Сірыйскія паўстанцы ўвайшлі ў найбуйнейшы горад Сірыі. Эрдаган ізноў усадзіў ятаган у спіну Пуціна

Галоўнае
Усе навіны →