У Пецярбургу затрымалі ўсіх удзельнікаў пікета ля пасольства Беларусі
Беларусы Санкт-Пецярбурга выйшлі ў 140-ы раз да аддзялення пасольства Беларусі з пікетам.
Нягледзячы на тое што яны былі без сцягоў, усіх затрымалі. Усяго — 14 чалавек.
Сярод затрыманых таксама карэспандэнт «Северо-Запад. МбХ медія» Станіслаў Савончык і журналіст «Север.Реалии» Міхаіл Грачоў.
Паліцэйскія заявілі, што затрымліваюць удзельнікаў несанкцыянаванай акцыі — расіянаў і грамадзян Беларусі. Што ім інкрымінуюць, пакуль невядома. Затрыманых вязуць у 1-ы аддзел паліцыі.
Вечарам усіх затрыманых адпусцілі з 1-га аддзела паліцыі. На іх склалі пратаколы па артыкуле 8-6-1 закона Санкт-Пецярбурга №273-30 (парушэнне супрацьэпідэмічных мер).
***
Сёння стала вядома, што беларусам, якія пражываюць у Пецярбургу, забаранілі збірацца ля будынка пасольства ў нацыянальнай атрыбутыцы і скандзіраваць лозунгі. Пра гэта «Северо-Запад. МБХ медия» паведаміў прадстаўнік Беларускага зямляцтва Артур Грунтоў.
«Учора да нас падышоў супрацоўнік паліцыі ў званні капітана або старшага лейтэнанта і сказаў, што з заўтрашняга дня нам забараняецца знаходзіцца ля пасольства з беларускай атрыбутыкай і крычаць лозунгі», — распавёў ён.
Са слоў Грунтова, забарону паліцэйскі патлумачыў 54-м Федэральным законам, якія забараняюць грамадзянам замежных дзяржаў ладзіць мітынгі на тэрыторыі Расіі. Па словах паліцэйскага, пад забарону трапяць не толькі вялікія сцягі, але і маленькія стужачкі са значкамі.
Грунтоў удакладніў, што паліцыя збіралася пачаць штрафаваць людзей з сімволікай з суботы. Штраф складзе чатыры тысячы расійскіх рублёў (прыкладна 140 беларускіх).
Пры гэтым проста стаяць ля амбасады, без сцягоў і іншай атрыбутыкі, будзе дазволена. Аднак удзельнікаў сённяшняга пікета затрымалі.
Каментары