Грамадства

Новая прапагандыстка СТБ Юлія Арцюх: Мне незразумела, чаму я раптам стала пачвара і поскудзь

Юлія Арцюх рэгулярна з'яўляецца на дзяржаўным ТБ: яна і жонка афіцэра, шматдзетная маці, эксперт у розных пытаннях, памочнік дэпутата. Чытачам «Звязды» Юлія расказала пра ўласныя прынцыпы і перакананні.

— І швец, і жнец, і на дудзе ігрэц. Прыкладна так пішуць і прадстаўляюць вас, Юля, у розных медыя. На вядомым партале з нагоды вашай актыўнай дзейнасці адзначылі: «На дзяржаўным тэлебачанні з'явіліся «спецыялісты шырокага профілю». Яны выказваюцца на розныя тэмы, «прасуюць» і самі бяруць каментарыі». Давайце разбірацца. Вы сапраўды жонка афіцэра, шматдзетная маці, удзельніца праўладных прабегаў, старшыня грамадскага аб'яднання дапамогі дзецям, хворым на фенілкетанурыю «Будучыня без межаў», вядучая СТБ і нават памочнік дэпутата?

— Усё правільна (смяецца). Я нават чытала на нейкім рэсурсе, што я палітолаг-вірусолаг, які абараняе Лукашэнку. Але яны памыліліся, «палітолаг-вірусолаг» — так прадстаўлялі іншага чалавека.

— Але ўсё роўна прызнаяце, што вы «спецыяліст шырокага профілю»?

— Я сапраўды і шматдзетная маці, і жонка афіцэра, і памочнік дэпутата, і з нядаўняга часу яшчэ і вядучая СТБ, ну і ўсё, што вы там пералічылі, — праўда. Гэта не значыць, што я «спецыяліст шырокага профілю». Я проста адукаваны чалавек, шматгранная асоба, актыўная, яшчэ можна дадаць, што я дачка свайго бацькі, сястра свайго брата, сяброўка, і можна шмат чаго яшчэ пералічваць. І я стала такой не за адзін момант. На працягу жыцця чалавек так ці інакш прымярае на сябе некалькі роляў.

Вядучай тэлебачання мне прапанавалі стаць пасля форуму, на якім я даволі эмацыянальна выступіла.

Памочнікам дэпутата Палаты прадстаўнікоў Людмілы Макарынай-Кібак я стала яшчэ ў 2019 годзе, мабыць, таму, што даволі актыўна мела зносіны з ёй, доктарам па прафесіі, як актывіст грамадскага аб'яднання дапамогі дзецям, хворым на фенілкетанурыю «Будучыня без межаў». У мяне дзіця нарадзілася з такім захворваннем. На самай справе ў мяне эканамічная адукацыя. Я нейкі час нават працавала па спецыяльнасці эканаміст-менеджар на ААТ «Агракамбінат «Дзяржынскі».

— Разумею, што вы актыўны чалавек, а цяпер яшчэ і папулярны. Як вашы дзеці і родныя паставіліся да таго, што вы «знакамітасць»?

— Малодшыя дзеці, якім пяць і чатыры гады, асабліва не задумваюцца пра гэта. Хоць яны, вядома, ужо не раз бачылі мае перадачы. Яны ж маленькія, а ў дзіцячым садку выхавальнікі карэктныя і не абмяркоўваюць такія рэчы з дзецьмі. Старэйшай дачцэ 11 гадоў, яна ўсё разумее. Вядома, яна не лазіць у сацсеткі і тэлеграм-каналы. Гэта звязана з маімі перакананнямі па выхаванні дзяцей. Але ў інфармацыйны век вельмі цяжка зрабіць так, каб негатыўная інфармацыя да яе не дайшла. Яна бачыла маё выступленне на жаночым форуме, пасля якога пра мяне пачалі пісаць у медыя і сацсетках не заўсёды па-добраму.

Але справа ў тым, што я не саромеюся сваіх перакананняў, мне няма чаго баяцца, і я дачцэ тлумачу сваю пазіцыю і дапамагаю зразумець тое, што адбываецца. Але, вядома, ёсць людзі, якія падтрымліваюць маю пазіцыю, а ёсць тыя, хто з-за яе ставіцца да мяне негатыўна. І гэта нармальна. Я проста забараняю ёй размаўляць на гэтыя тэмы з іншымі дарослымі.

Калі да яе чапляюцца з роспытамі, яна рэагуе маўчаннем ці проста спыняе размову фразамі кшталту: «Я не буду гаварыць з вамі на гэтую тэму».

— У папулярнасці і напраўду ёсць два бакі. Неяк вы паскардзіліся, што вам пасля форуму пісалі СМС з пагрозамі. Скажыце, адчуваеце вы сябе сёння ў бяспецы? Можа ў вас ужо ёсць ахова…

— Так, у мяне ёсць ахова (смяецца). Гэта мой муж! У прынцыпе яшчэ да жнівеньскіх падзей любы чалавек мог сутыкнуцца з небяспекай. Я, як і любы чалавек, ад гэтага не застрахаваная. Але наша краіна лічыцца спакойнай і мірнай. Таму, скажам так, у нас, у Беларусі, адчуваю ў бяспецы больш, чым, напрыклад, калі я была ў ЗША. Магчыма, цяпер, калі пасыпаліся пагрозы на мой адрас з-за маёй грамадзянскай пазіцыі… Але ж не трэба забываць, што за пагрозы існуе адказнасць. Таму хутчэй адчуваю сябе ў бяспецы. Тым больш што ў грамадскім транспарце я езджу рэдка, звычайна на машыне. У грамадскіх месцах з'яўляюся таксама нячаста з-за пандэміі. Таму ў прынцыпе небяспекі не адчуваю.

— Калі ўпершыню да вас прыйшла эсэмэска з пагрозамі, што вы адчулі?

— Маёй першай рэакцыяй было неразуменне і здзіўленне. Магчыма, больш мяне чаплялі эсэмэскі з пагрозамі на адрас дзяцей.

Мне незразумела, чаму з-за таго, што я агучыла сваё асабістае меркаванне адкрыта, я раптам стала «пачвара і поскудзь, якую трэба забіць, пакараць смерцю асабіста». Людзі мяне наогул не ведаюць, што я за чалавек, чым жыву, што адчуваю…

Потым я проста перастала звяртаць увагу на гэтыя СМС і каментарыі ў сацсетках. Канешне, цяпер для мяне цяжка, нават, амаль немагчыма, з разуменнем ставіцца да бел-чырвона-белага сцяга і ўсяго, што пад ім прапагандуюць незалежныя СМІ і маюць на ўвазе апаненты. Але ўсё роўна я не дазволю сабе кідацца на іх з пагрозамі. Для сябе ж вырашыла так, што не магу быць для ўсіх толькі добрай або толькі дрэннай.

— Пасля падзей у жніўні ці шмат сышло сяброў з вашага атачэння? Ці былі людзі, якія перасталі з вамі размаўляць, пасля таго як вы адкрыта заявілі пра сваю пазіцыю?

— Так, канешне! Кола маіх сяброў не вельмі было шырокае, таму, напэўна, сышло і няшмат. А вось сярод знаёмых некаторыя перасталі са мной мець зносіны. Аднак прыйшло ў маё жыццё людзей значна больш. Добразычлівых, адкрытых і цікавых і па прынцыпе жыцця звычайных, а не «неверагодных».

— Падчас выступлення на рэспубліканскім жаночым форуме вы сказалі, што ваш муж перадаў прэзідэнту, што «Я касцьмі лягу, але бел-чырвона-белы сцяг ніколі не падымецца над нашай краінай! Мы гэтага не дапусцім!» Ці не здаецца вам, што такімі заявамі раскол у грамадстве не спыніць, хутчэй наадварот?

— Гэта маё асабістае бачанне. «БЧБшнікі» хочуць навязаць сваю сімволіку нашай дзяржаве, яны хочуць зрынуць майго Прэзідэнта. У агрэсіўнага чалавека гэта фраза выкліча агрэсію, а чалавек неагрэсіўны, не стане з-за фразы агрэсіўным і дасылаць мне пагрозы. Упэўнена, што людзі могуць глядзець на адну і тую ж рэч, але ўспрымаць яе па-рознаму.

Для мяне і майго мужа гэта сімволіка асацыюецца з нацыстамі і здраднікамі-беларусамі, якія разам з фашыстамі палілі вёскі і забівалі сваіх жа беларусаў.

Многія звяртаюць увагу, што прэзідэнт у 1994-м прымаў прысягу пад гэтым сцягам, але тады не было іншага. Але потым ветэраны Вялікай Айчыннай загаварылі аб змене дзяржсімволікі, таму што яна ім параніла сэрца. Я з імі згодная. На форуме я выступіла эмацыянальна. Але справа ў тым, што тыя, хто галасаваў за Лукашэнку, таксама хацелі заявіць пра сябе. Бо мы такія таксама ёсць і нас шмат!

Мае сябры, родныя і шмат знаёмых галасавалі за Лукашэнку. Таму, калі з'явілася магчымасць, мы заявілі пра сябе. А зараз мы актывізаваліся і нават сталі аўтапрабегі праводзіць.

Трэба сказаць, што нас усюды сустракаюць гасцінна пад нашымі чырвона-зялёнымі сцягамі. І мы гэта цэнім і пераконваемся, што на правільным шляху.

— А як жа пратэсныя настроі ў пэўнай часткі нашага грамадства?

— Я ўпэўнена, што гэтая сітуацыя проста зрэжысіравана. Глядзіце колькі ўвагі нашай краіне. Гэта палітыка — так заўсёды было. Падагрэць насельніцтва дапамаглі і некаторыя СМІ, якія паказвалі толькі дрэннае і не былі аб'ектыўныя. Мне хацелася б пажадаць людзям у надыходзячым годзе, каб яны сталі жыць свядома. Глядзелі не толькі ў адзін бок, а выслухоўвалі абодва бакі і выпрацоўвалі сваё меркаванне, а не карысталіся чужым. Толькі так у краіне можна захаваць мір і парадак.

Каментары

Вось сакрэтная статыстыка экспарту калію. Санкцыі дзейнічаюць

Вось сакрэтная статыстыка экспарту калію. Санкцыі дзейнічаюць

Усе навіны →
Усе навіны

У Оршы хлопец фоткаўся з беларускімі зоркамі і падтрымліваў «СВА». А яго асудзілі за экстрэмізм3

Беларус пра ўмовы ў лагерах для ўцекачоў: Калі маеш досвед, то разумееш, што ўсё можа быць і кепска, і сумна9

Колькі можна з'есці мандарынак, каб не было наступстваў2

Блогерка выдавала сваю здаровую дачку за смяротна хворую, каб атрымаць данаты і лайкі. А магчыма, і труціла яе

Ракетная атака на Украіну: Расія б'е «калібрамі» і балістычнымі ракетамі9

Краіны Балтыі і Скандынавіі выступілі за павелічэнне дапамогі Украіне ў адказ на агрэсію РФ1

Чарга з легкавых машын вярнулася на польскую мяжу

«Дажынкі». Загадка падзабытай карціны Рушчыца8

ЗША рэкамендуюць Украіне знізіць прызыўны ўзрост да 18 гадоў6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Вось сакрэтная статыстыка экспарту калію. Санкцыі дзейнічаюць

Вось сакрэтная статыстыка экспарту калію. Санкцыі дзейнічаюць

Галоўнае
Усе навіны →