Невінаватаму інжынеру МЗКЦ, які прасядзеў чатыры гады ў СІЗА, дзяржава заплаціць 40 тысяч рублёў
Суд Маскоўскага раёна пастанавіў спагнаць на карысць інжынера МЗКЦ Андрэя Галавача кампенсацыю маральнай шкоды 40 тысяч рублёў (у пазове было заяўлена 50 тысяч). Галавач правёў у СІЗА па першай крымінальнай справе амаль тры гады і быў апраўданы. Грошы на кампенсацыю Мінфін выдзеліць з бюджэту, піша Tut.by.
У лютым 2018 года суд Фрунзенскага раёна Мінска вынес апраўдальны прысуд Андрэю Галавачу, якога абвінавачвалі ў атрыманні хабараў у асабліва буйным памеры (ч. 3 арт. 430 КК). На той момант ён правёў у СІЗА амаль 3 гады. Аднак у дзень абвяшчэння апраўдальнага прысуду быў тут жа затрыманы ў судзе. На яго завялі яшчэ адну крымінальную справу, таксама па хабарах. Па другой справе ён зноў быў апраўданы, але пакуль не звяртаўся па кампенсацыю.
Па першай жа справе Галавач заявіў пазоў аб кампенсацыі 50 тысяч рублёў. Яго адвакат Аляксей Швакаў так растлумачыў пазначаную суму:
— Думаю, не варта пералічваць у падрабязнасцях усе праблемы, выкліканыя пазбаўленнем волі, гэта само па сабе абмежаванне, калі немагчыма мець зносіны з роднымі і блізкімі. Былі страты і на працы. Андрэй Галавач — вядомы інжынер, у выніку яго рэпутацыя была патаптаная. Інфармацыя наконт яго абвінавачвання была даступная ў СМІ. Ён выпрабаваў маральныя пакуты, якія ў адпаведнасці з заканадаўствам падлягаюць кампенсацыі.
Сума такая, бо Галавач працяглы тэрмін знаходзіўся ў ізаляцыі. На думку пазоўшчыка, гэтай сумы будзе дастаткова для кампенсацыі.
Швакаў удакладніў: з самага пачатку, з моманту затрымання і далей, на папярэднім следстве і ў судзе, Андрэй Галавач не прызнаваў сябе вінаватым. Па справе працавалі следчы следчага камітэта і аператыўнікі ГУБАЗіК МУС. Суд у выніку прызнаў права Галавача на пакрыццё шкоды.
Адзначым, што ў судовай практыцы былі выпадкі, калі апраўданым адмаўлялі ў кампенсацыі шкоды, паколькі ў ходзе крымінальнага працэсу яны прызнавалі віну.
Прадстаўнік Міністэрства фінансаў, які сёння таксама прысутнічаў у судзе, заявіў, што ведамства прызнае права Андрэя Галавача на пакрыццё шкоды. Што тычыцца сумы, Мінфін пакінуў гэтае пытанне на меркаванне суда, які ў выніку пастанавіў спагнаць на карысць інжынера 40 тысяч рублёў. Пастанова можа быць абскарджана.
Кампенсацыя выплачваецца са сродкаў бюджэту, а не з кашалька аператыўнікаў, следчых і пракурораў, якія давялі справу да суда, або суддзяў, калі яны выносяць абвінаваўчы прысуд, які пазней адмяняецца, таму і адказчыкам па справах аб кампенсацыі шкоды ў судзе выступае Міністэрства фінансаў, якое адказвае за казну.
Калі з боку міліцыі і суддзяў былі парушэнні закону, гэта асобнае пытанне, за гэта іх павінны прыцягнуць да адказнасці — праводзіцца праверка. З пункту гледжання права, спаганяць грошы з суддзяў і праваахоўнікаў няправільна, бо тады ёсць рызыка, што наогул не будзе апраўдальных прысудаў (іх і так у Беларусі ўсяго 0,3%), а будзе больш фальсіфікацый на карысць вінаватасці чалавека. І суддзі, і міліцыя дзейнічаюць ад імя дзяржавы, таму і кампенсацыя выплачваецца ад імя дзяржавы — з бюджэту.
Другі апраўдальны прысуд галоўнага інжынера МЗКЦ быў абвешчаны 19 ліпеня 2019 года. Ён неўзабаве вярнуўся на завод на ранейшую пасаду. У Андрэя Галавача застаецца права патрабаваць маральную кампенсацыю і па другім апраўдальным прысудзе.
Каментары