Выбары-20204343

Давераная асоба Лукашэнкі Баравік: Справакуюць «іванушак-дурачкоў», сакральная ахвяра, — а потым увядуць міратворчыя войскі РЭПАРТАЖ

Адной з давераных асобаў Аляксандра Лукашэнкі на выбарах-2020 стаў тэлеперсанаж (яго жахліва раздражняе гэтая фармулёўка) Вадзім Баравік. Гэта такі чалавек, які сядзіць у эфірах дзяржаўных тэлеканалаў з мэтай перабіваць апанентаў і хаміць ім. Хто ён па жыцці, толкам ніхто не ведае. Сам ён кажа, што «дырэктар». Праўда, дырэктар якога прадпрыемства, чым яно займаецца, адмоўчваецца.

Каб уявіць манеру размовы Вадзіма Баравіка, можна паглядзець пару хвілін з гэтага відэа, таксама з адной сустрэч з выбарцамі.

«Наша Ніва» наведала сустрэчу з Вадзімам Баравіком, якая адбывалася ў гімназіі №15 на вуліцы Багдановіча. У прасторнай сучаснай актавай зале ўстановы сабралася чалавек 100. Было шмат настаўніц, адміністрацыі Савецкага раёна, а таксама троху тых, хто прыйшоў паслухаць Баравіка па ўласнай волі.

Давераная асоба папрасіла «20-25 хвілін» на выступ, а потым паабяцала адказаць на ўсе пытанні. Насамрэч жа выступ доўжыўся больш за гадзіну, а настаўніцы ўвесь час пазіралі на гадзіннікі са спадзяваннем, што замест запланаваных дзвюх гадзін мерапрыемства скончыцца хутчэй. Нічога падобнага, адпрацавалі ад свістка да свістка.

«Хто будзе мяне перабіваць — адразу будзе выходзіць», — строга папярэдзіў Баравік.

Коратка пройдземся па тым, што казаў Баравік у сваім выступе. Перш-наперш ён паспрабаваў адказаць на папрок, што Лукашэнка кіруе краінай ужо 26 гадоў. «Я хачу адказаць словамі самога прэзідэнта: «Чаму такога маладога абралі?» Апраўдваўся прыкладам Германіі, дзе ў канцлера неабмежаваная колькасць тэрмінаў, Францыяй, якая нібыта хацела бачыць Дэ Голя на пажыццёвым кіраванні.

Увогуле ж Баравік часта звяртаўся да прыкладаў заходніх краін. Вядома, не з добрымі намерамі. Часам магло скласціся ўражанне, глядзіш старую-добрую перадачу Яўгена Новікава «Правы чалавека». Толькі што пра пацукоў не было.

«Калі вы працягваеце руку еўрапейцу, то трэба глядзець на яго так, каб ён апускаў вочы і памятаў, што мы кожнага трэцяга беларуса паклалі ў магілу, каб ён сёння добра жыў. І мы ў Брэсцкай крэпасці супраціўляліся больш за ўсю Еўропу. У вас толькі тры тыдні актыўная фаза супраціву была і пару месяцаў у катакомбах. Францыя — два дні, і французскія бардэлі прымалі нямецкіх салдатаў», — з месца ў кар’ер узяў Баравік.

Ён пераконваў, што Беларусь уваходзіць у 50 найлепшых краін у свеце па нейкім рэйтынгу ААН. «Калі Беларусь такая нецікавая, калі наш каравай такі нясмачны, то чаму на яго столькі ртоў?»

«Палякі абвесцілі Брэст і Гродна сваёй тэрыторыяй на картах, у школах у іх такія падручнікі. Рускія нам прапаноўвалі шасцю абласцямі ўваходзіць, аб’яднацца ў рамках саюза, аддаць ім эмісійны цэнтр», — паводле Баравіка, Беларусь акружаюць не самыя дружалюбныя суседзі.

Колькі разоў ён праходзіўся па кандыдатцы Святлане Ціханоўскай. Ясная справа, паводле паліттэхналогій прозвішча яе не называў, хаця ўсім было зразумела, пра каго ж гаворка. Адзін раз увогуле назваў яе «дурачкай», калі ж прысутныя людзі сталі абурацца — як так можна? — то ўжо сам Баравік «уключыў дурачка» і рабіў выгляд, што гаворка вялася зусім не пра Ціханоўскую. «Можа, гэта пра Канапацкую было», — падказвалі ягоныя памочнікі з залы.

«Я бачыў выступ адной кандыдаткі. Дарослыя людзі будуць па падлозе са смеху валяцца. Чалавек, які агучвае сваю праграму, расказвае пра свае мары. Памятаеце, як бабка ў Пушкіна хацела быць царыцай марской? Дык яна кажа, хачу, каб я ішла па горадзе: быў заводзік добры, пенсія добрая, якаснае жыццё. Ты кажы, як ты гэта будзеш рабіць. Гэта называецца здзек з выбарцаў, палітычная спекуляцыя. Не ўсе палітычныя сумленныя, мы маглі б хлусіць перад выбарамі, але не робім гэтага».

Вялікая частка выступу была прысвечаная тэме каранавіруса і таму, як цудоўна беларуская дзяржава справілася з гэтым выклікам. «Хіба здаровы паўнавартасны чалавек будзе спекуляваць на тэме смерцяў? Кожнага ж гэта закранула, у кагосьці маці захварэла, брат. Задача была не дапусціць панікі. Улада стварыла штаб і выпрацавала стратэгію. Мы не перазагрузілі сістэму аховы здароўя, але пры гэтым працягвалі лячыць іншых хворых».

Прагнозы для свету ў Баравіка апакаліптычныя. І толькі Беларусь у «шакаладзе».

«Ад пачатку восені плануецца голад у свеце, да мільярда чалавек будзе галадаць, а ў нас самы высокі ўраджай. Мы дапаможам, прададзім. Бо мы сеялі, а не так, як іншыя краіны. Нейкая мразота спекулюе на жыццях вашых».

«Харошы хлопец, разумны, адукаваны — Цапкала — прыйшоў да прэзідэнта. Пазнаёміў яго з прэзідэнтам калісьці даўно Усевалад Янчэўскі, які цяпер ПВТ узначальвае. Янчэўскі пралабіраваў прапанову Цапкалы. Мы далі ім ільготы, тэрыторыю. Цапкалу дванаццаць гадоў ніхто не замінаў. Але пры ім усё марудна ішло. Што ты цяпер расказваеш?! Пры ім рэгістрацыя ў ПВТ была такой цяжкай, што да двух гадоў. У чым ты Лукашэнку абвінавачваеш?» — крычаў Баравік. Нават незарэгістраваныя кандыдаты не давалі яму спакою.

Раскрытыкаваў Вадзім Баравік сістэму «Голас». Кажа, што лічбы там будуць абвешчаныя проста так. «Гэта шызафрэнічна, нонсэнс. Яны здымаюць з сябе адказнасць, — абуралася давераная асоба. — Гэта можа падпаліць грамадства як запалка. Аднаго чалавека з карабінам дастаткова, каб наш свет перакуліўся».

Палохаў Баравік прысутных «шалёнымі 90-мі». Маўляў, не дай бог будзе як тады. «У нас цяпер дэпутаты адэкватныя, а не як у 1996 годзе, калі прэзідэнт выступаў, а яны сядзелі на падлозе. У кавярню заходзіш, а там бандзюганы з сінімі мордамі і міліцыянер каля сценачкі. У каго іншамаркі былі, баяліся за горад выязджаць, бо забівалі ўсю сям’ю».

«Мяне асабліва ўражваюць мамы, якія сваіх дзетак у аўтазакі адпраўляюць, я не магу назваць гэта адэкватнымі ўчынкамі. У любой маці інстынкт самазахавання павінны быць і здаровы розум. Будуць жа спрабаваць карыстацца гэтымі «іванушкамі-дурачкамі», якіх першымі пакладуць, справакуюць, сакральная ахвяра, натоўп панесся, паспрабуюць захапіць уладу, а потым нам нехта ўвядзе міратворчыя войскі. Гэта не казкі і фантазіі — гэта можа быць», — нагнятаў Баравік.

Скончыў свой гадзінны выступ словамі пра тое, што «наш прэзідэнт парадачны і не крадзе», таму галасаваць варта за яго.

Першым пытанне стаў задаваць выпускнік гэтай жа гімназіі. Хлопец кажа, што ў 1993 годзе прыехаў у Беларусь з Арменіі і яго тады захапіла беларуская мова, бела-чырвона-белы сцяг. Дык чаму цяпер беларускай мовы амаль няма ў жыцці дзяржавы.

Хлопец параіў не палохаць людзей Украінай. Ён летась быў у Славянску і Краматорску, кажа, што там не відаць слядоў вайны.

Трэцім пунктам выступу хлопец абурыўся тым, колькі Лукашэнка можа абражаць людзей, казаць «народзец», «гарадзішка», «лужына» замест басейна.

«Вы такі меціс прыгожы», — сказаў пра яго Баравік.

«Дзякуй Богу, што ў нас не педалюецца моўнае пытанне, таму да нас едуць рускія ў санаторыі, палякі. Мой сусед адправіў пляменніка ва Украіну, ён спытаў там меню ў рэстаране на рускай мове, яму выбілі вока. Дактары не захацелі яго там лячыць, бо ён не ўмее гаварыць па-ўкраінску. У нас жа змагары гавораць па-беларуску горш за нашых чыноўнікаў. Я б увогуле забараніў размаўляць на трасянцы», — адказваў выключна па-руску Баравік. Праўда, хваліўся, што выдатна валодае беларускай.

«Што тычыцца сцяга [бела-чырвона-белага — «НН»], то мы яго хутка ў вас забяром. Я ўжо казаў: чаго вы баіцеся гэтага сцяга? Гэта сцяг гістарычны, а гэта дзяржаўны. Ёсць рэчы вызначальныя, а ёсць тыя, што правакуюць», — казаў Баравік.

Што тычыцца абразлівых словаў з боку кандыдата, якога падтрымлівае Баравік, то ён іх параўнаў з адносінамі ў сям’і. «Я магу сваёй жонцы сказаць, што ты мяне запарыла, па дупе хлопнуць — ну, любімая жанчына. І калі чалавек стасуецца з калектывам, тады ён больш шчыры, сумленны. І тады ад яго ідзе слова жаргоннае. Але трэба глядзець не на гэта, а на тое, што ён карупцыі ў парламенце не дапускае. Чыноўнікам у Драздах для будаўніцтва дамоў даюць крэдыты, і яны будуюць дамы на 200 метраў. А дом расійскага чыноўніка — 4000 метраў, дом аховы — 500, абслугі — 500. Не трэба спекуляваць».

Таццяна расказвае Баравіку пра Марціна Лютара Кінга

Дзяўчына, якая прадставілася Таццянай Андрэеўнай, нагадала Баравіку пра славутую прамову Марціна Лютара Кінга «У мяне ёсць мара» ў сувязі з тым, што ён крытыкаваў мары Ціханоўскай. Варта адзначыць, што настаўніцы і чыноўніцы незадаволена ўлюлюкалі, калі хтосьці задаваў вострыя пытанні. Яны крычалі на гэтых людзей, казалі, каб тыя хутчэй селі.

Самі ж яны чыталі пытанні, якія былі запісаныя на паперках альбо смартфонах. Забываліся, падглядалі. Цікава, калі б ім так адказвалі вучні на ўроках, што б ім ставілі? На пытанне пра размеркаванне Баравік казаў, што радавацца трэба, калі дзяржава дае магчымасць для першага працаўладкавання. Расказваў Баравік нешта пра сельскую гаспадарку, але, здаецца, нават яму самому не было цікава, што ён казаў на гэту тэму.

«Ні на адно пытанне адказ мы не атрымаем», — уздыхалі за маёй спінай настаўніцы. Праўда, яны былі сярод тых, хто цыкаў на «апазіцыянераў».

Адна з настаўніц казала пра «вялікую ўвагу да альтэрнатыўных СМІ, як разабрацца, якому СМІ давяраць».

«Кандыдаты кажуць пра нейкі доступ да СМІ? Які табе доступ трэба, калі людзі да 35 гадоў ужо не глядзяць тэлевізар.

«Беларуская ніва» — самае мярзотнае выданне, бруднае, перадайце ім. «Наша Ніва»? Ну «Наша Ніва», выбачайце. Што там за галоўны рэдактар? І цяпер піша «Баравік — тэлеперсанаж». Дурачок, даведайся маю біяграфію хоць. У мяне дзве вышэйшыя адукацыі, аспірантура. Дваццаць гадоў досведу кіраўніка. Надрукуй праўду, двоешнік, чаго ты хлусіш. І Міністэрства інфармацыі слаба працуе. Я прыходжу да Ананіч (былая міністарка інфармацыі, цяпер дэпутат — «НН»), кажу, давайце выносіць папярэджанні. Яна мне: «Вадзім Аляксандравіч, навошта абвастраць сітуацыю». Вось не абвастраем, таму яны так нахабнічаюць».

Студэнт абураўся, што людзей саджаюць на суткі, кандыдатаў у СІЗА, а сам Баравік называе Ціханоўскую «дурачкай». Давераная асоба на гэта хаміў, што студэнт не ўмее фармаваць свае думкі. «Сядайце. У арміі служыў? А чаго не служыў? Дзве вышэйшыя адукацыі, а нічога ўцямнага спытаць не можаце», — па-хамску адказваў ён.

«Я праяўляю непавагу? А навошта забіваць тапкам прэзідэнта? А навошта маляваць твар прэзідэнта пад снайперскую мішэнь? Навошта псаваць маёмасць? Вось мы сюды ішлі, на смеццевым баку было напісана «3%». І дзівак адзін такі лысы [рэстаратар Пракоп’еў — «НН»] кажа, калі ты не можаш напісаць на дзвярах КДБ «3%», то намалюй на кнопцы ліфта. Мярзотнік, ідзі намалюй на сваім аўтамабілі!», — крычаў Баравік.

Давераная асоба напрыканцы палохала прысутных тым, што калі будзе «майданчык», то мы згубім нашу «цудоўную краіну», але настаўніцы ўжо глядзелі на гадзіннікі. Калі толькі стрэлкі паказалі 20:30, педагогі сталі заклікаць сустрэчу скончыць. З памяшкання яны выляталі куляй, наўрад ці гэтая імпрэза прынесла ім вялікае задаваленне. А вось тыя, хто прыйшоў задаць Баравіку альтэрнатыўныя пытанні, яшчэ акружылі спікера шчыльным колцам.

Каментары43

Алепа за тры дні? Сірыйскія паўстанцы ўвайшлі ў найбуйнейшы горад Сірыі. Эрдаган ізноў усадзіў ятаган у спіну Пуціна7

Алепа за тры дні? Сірыйскія паўстанцы ўвайшлі ў найбуйнейшы горад Сірыі. Эрдаган ізноў усадзіў ятаган у спіну Пуціна

Усе навіны →
Усе навіны

Экс-прэзідэнт Польшчы: Замарожаны канфлікт будзе трагічнай весткай для Украіны3

Упершыню за палову месяца даляр патаннеў

«Калі набыў $20 па курсе 3,3 — і цяпер ты паспяховы інвестар»: як беларусы рэагуюць на скачкі валют7

У 53 гады загінуў былы турэмны начальнік з Оршы5

У Брэсце мужчына падумаў, што яму атруцілі каву, і ўдарыў афіцыянтку лыжкай. Завялі крымінальную справу3

Паліцыя разагнала пратэст у цэнтры Тбілісі3

Улады Малдовы вырашылі не плаціць «Газпраму» доўг памерам 709 млн даляраў

«Цяпер хоць стала можна нармальна зарабляць». Што думаюць таксісты пра працу ў новых умовах9

Аўстралія забароніць падлеткам да 16 гадоў карыстацца сацыяльнымі сеткамі2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Алепа за тры дні? Сірыйскія паўстанцы ўвайшлі ў найбуйнейшы горад Сірыі. Эрдаган ізноў усадзіў ятаган у спіну Пуціна7

Алепа за тры дні? Сірыйскія паўстанцы ўвайшлі ў найбуйнейшы горад Сірыі. Эрдаган ізноў усадзіў ятаган у спіну Пуціна

Галоўнае
Усе навіны →