У апошні дзень збору подпісаў людзі выйшлі на вуліцы ў многіх гарадах ФОТА. Асабліва горача было ў Брэсце, Маладзечне і Гомелі
У пятніцу, 19 чэрвеня, апошні дзень для збору подпісаў, апазіцыйныя кандыдаты — тыя з іх, якія яшчэ на свабодзе падчас гэтай ашаламляльнай кампаніі — выкарысталі і яго для правядзення пікетаў. У Мінску столікі Мікалая Казлова і Вольгі Кавальковай былі выстаўлены на плошчы ля Філармоніі. У іншых гарадах людзі збіраліся ў цэнтральных пунктах гарадоў. У многіх гарадах чэргі пратэсту і салідарнасці выцягнуліся на сотні метраў.
У Гродне людскі ланцуг расцягнуўся больш чым на кіламетр, ад цэнтральнай плошчы праз мост цераз Нёман.
У Брэсце — больш чым на кіламетр, ад ЦУМа да МОПРа.
У Магілёве, Гомелі і Бабруйску супраць пратэстоўцаў быў адпраўлены АМАП.
У Брэсце і Маладзечне ДАІ абмяжоўвала доступ на цэнтральныя вуліцы, запруджаныя машынамі, што сігналілі.
У Маладзечне людзі на вуліцы адбілі ў міліцыі затрыманага мірнага дэманстранта.
Пратэсты прайшлі таксама ў Віцебску, Рэчыцы, Светлагорску, Пінску, Баранавічах, Жлобіне, Барысаве, Жодзіне, Наваполацку, Пружанах, Лідзе, Стоўбцах, Оршы.
А ў Мінску ланцугі салідарнасці паўсталі ў самых розных пунктах горада: ад плошчы Якуба Коласа праз плошчу Перамогі, на скрыжаванні праспекта і вуліцы Леніна, а таксама, нечакана, на праспекце Дзяржынскага ў Грушаўцы і Міхалове і на праспекце Пераможцаў. ДАІ абмяжоўвала ўезд на праспект Незалежнасці ў шасці месцах ад плошчы Незалежнасці да Акадэміі навук. У Мінску ў раёне праспекта быў заблакаваны мабільны інтэрнэт. Хапун адбыўся ў некалькіх месцах сталіцы.
Гэтыя падзеі адбыліся на фоне беспрэцэдэнтнай «перадвыбарнай кампаніі», калі за два месяцы да выбараў пад арыштам апынуліся абодва самыя папулярныя прэтэндэнты на прэзідэнцкую пасаду — Віктар Бабарыка і Сяргей Ціханоўскі.
Звяртае ўвагу, што ў сталіцы адбыліся масавыя затрыманні журналістаў.
Варта адзначыць і тое, што пратэсты нідзе не былі шматлікімі. У Мінску ў іх узялі ўдзел некалькі тысяч, а ў абласных гарадах — ад некалькіх соцень да тысячы чалавек.
Сачыце за нашымі абнаўленнямі анлайн.
23:49
Машыны на Нямізе сігналяць.
23:26
У некалькіх раёнах Мінска назіраецца аднолькавая карціна. Сілавікі просяць людзей разысціся, як толькі АМАП з'язджае — людзі зноў пачынаюць збірацца.
22:54
Праз некалькі гадзін пасля затрымання некаторых журналістаў адпусцілі.
22:38
АМАП разганяе стыхійны «ланцуг салідарнасці» на Грушаўцы.
22:32
У Маладзечне людзі адбілі ў АМАПа хлопца. Жорсткая сцэна.
В Молодечно люди отбили у ОМОНа парня pic.twitter.com/DOhyldcCIo
22:14
У Мінску ўжо сцямнела, а на некаторых мінскіх вуліцах, у тым ліку на праспекце Незалежнасці, так і не ўключылі асвятленне.
22:07
Закрытыя станцыі метро «Акадэмія Навук», «Плошча Якуба Коласа» і «Плошча Перамогі». Станцыі «Кастрычніцкая» і «Купалаўская» працуюць на ўваход і перасадку.
Людзі ўздоўж праспекта Незалежнасці ля цырка скандуюць «Адпускай!».
21:53
У Брэсце ў ціхароў адбілі людзей. Удзельнікі акцыі крычаць на сілавікоў «Фашысты!».
21:49
З абодвух бакоў Кастрычніцкай стаяць людзі (каля 100) і скандзіруюць «Адпускай!».
21:46
У розных гарадах краіны цяпер праходзяць затрыманні.
21:42
Ля Макдональдса ў цэнтры Мінска забралі дзяўчыну і хлопца з бел-чырвона-белым сцягам на плячах. Праспект перакрыты каля ГУМа, нельга праехаць у бок цырка. Тыя машыны, што прарываюцца, зацята сігналяць.
21:08
Людзі ў цывільным прыехалі да Макдональдса на Леніна, міліцыянер у мегафон просіць разысціся. Тут трохі больш за 100 чалавек.
21:03
Стала вядома пра затрыманне журналіста Tut.by Вадзіма Заміроўскага.
20:50
Вось яшчэ фатаграфіі Надзеі Бужан з месца сённяшніх падзей у Мінску.
20:41
На праспекце ад Якуба Коласа да Кастрычніцкай агулам гуляе каля 1000 чалавек (рассеяна), АМАП каля цырка перакрыў праходы і выцясняе людзей у бок плошчы Перамогі. На Якуба Коласа людзей не выпускаюць з метро.
20:38
У Магілёве затрымалі журналіста tut.by Анжаліку Васілеўскую, а таксама незалежнага журналіста Сабалеўскага.
20:35
А вось такі ланцужок выстраіўся ў Гродне.
20:29
Вось кадры з з падзеямі, якія адбываліся каля філармоніі.
20:26
Тры аўтазакі стаяць каля метро Плошча Перамогі, а амапаўцы рассякаюць тратуар, каб людзі не маглі выстраіцца, а людзі выстройваюцца з іншага боку. Праспект застаецца перакрыты ў бок цырка ад вуліцы Леніна.
20:21
На Якуба Коласа стаяць 150 чалавек з двух бакоў, амапаўцы схаваліся ў аўтазак.
20:18
Аўтазакі знаходзяцца на плошчы Перамогі каля метро, а людзі перайшлі на заходні бок праспекта.
20:15
Затрыманні пачаліся і ў Гомелі.
20:10
Вось так АМАП выганяе з вуліц людзей, якія гулялі ў Гомелі.
20:09
Вось як затрымлівалі журналістку «Радыё Свабода» Аляксандру Дынько ў жывым эфіры.
20:05
Затрымалі таксама аператара Reuters. Да моста цераз Свіслач прыехалі два аўтазакі і сем аўтобусаў і мікрааўтобусаў з сілавікамі, яны рухаюцца ў бок чаргі. Туды таксама сцякаюцца пратэстоўцы.
20:02
АМАП перакрыў выхад з метро да філармоніі. Некаторыя людзі прыйшлі ў чаргу з тапкамі і апладзіруюць імі. Затрыманы таксама аператар «Радыё Свабода».
19:59
Сілавікі затрымалі журналістку «Свабоды» Аляксандру Дынько, яна вяла стрым. Таксама вядома пра затрыманне фатографа «Белсата» Ірыны Арахоўскай.
19:56
Кіруе дзеяннямі сілавікоў начальнік грамадскай бяспекі генерал-маёр Аляксандр Барсукоў.
19:54
З'явіліся амапаўцы з дубінкамі ў шлемах, яны акружаюць плошчу.
19:53
Сярод затрыманых — сябра ініцыятыўнай групы Вольгі Кавальковай Юрый Палейка.
19:52
Дзяўчына-аўтамабіліст зламалася на праспекце. Даішнік выштурхоўвае яе.
19:50
Кавалькова на ўзводзе кажа: «Дыхаць хутка нельга будзе ў гэтай краіне».
Пакуль што вядома пра трох затрыманых.
19:49
Пачынаюцца затрыманні, АМАП перашкаджае журналістам здымаць затрыманні. Чарга выцягнулася ад плошчы Перамогі да цырка і людзі падыходзяць, машын мала, але яны сігналяць. Мабільны інтэрнэт МТС не працуе.
19:47
Удзельнікаў пікета паціснулі да ўніверсама «Сталічны». Сілавікі затрымалі хлопца на ровары.
19:42
Стаяць чатыры аўтазакі, за філармоніяй 5 аўтобусаў сілавікоў.
19:38
Пад'язджаюць аўтазакі, людзей працягваюць папярэджваць пра незаконнасць масавага мерапрыемства. Шмат людзей сабралася з другога боку праспекта, ля помніка Коласу. Столікі для збору подпісаў уносяць. Закрыта станцыя метро «Якуба Коласа». Людзі разыходзяцца. Міліцыя расцягнулася пасярод плошчы.
19:34
Народ пакуль застаецца на плошчы перад філармоніяй. З калонак рвецца музыка. Амапаўцы, аддзеленыя пераходам, па- ранейшаму стаяць. Людзей, якія проста хочуць прайсці, прапускаюць.
19:32
Кавалькова просіць людзей разысціся, а міліцыю абысціся без «іх метадаў». Яна разам з удзельнікамі патрабуе свабоду ўсім, хто цяпер незаконна затрыманы.
19:29
Мікалай Казлоў у мегафон заклікаў разысціся: «Ярмошына нават не бярэ трубку, каб растлумачыць сітуацыю. Сябры, я вас прашу, нам трэба пратрымацца да 9 жніўня. Давайце без правакацый, паглядзіце, якія яны моцныя. Мы не змаглі ўтварыць ланцуг, як учора, але перамога будзе за намі».
Людзі сустрэлі прамову гучнымі апладысментамі.
19:28
З другога боку праспект перакрыты ад цырка. Ланцуг сканчаецца на плошчы Перамогі. Людзі скандуюць «Бабарыка!».
19:27
Кавалькова пра тое, як міліцыя пачала «ўтрамбоўваць» чаргу: «Гэта сведчанне таго, што яны робяць супраць людзей».
19:25
З аднаго боку людзі, праз пешаходны пераход ад іх стаяць амапаўцы. У натоўпе пачынаюць іграць на гітары.
19:23
Кавалькова: «Міліцыя кажа, што мы не маем права праводзіць пікет пасля 19, бо ЦВК скончыла сваю працу. Але думаю, яны гэта толькі цяпер прыдумалі, пабачыўшы, колькі людзей сабралася».
19:22
Людзей прыціскаюць да плошчы перад філармоніяй. За супрацоўнікамі міліцыі таксама ідуць людзі. Калона скандуе «Ганьба!», «Выпускай!» і «Фашысты».
19:21
Тым часам у Баранавічах людзі скандуюць «Выпускай!».
19:20
Праспект перакрыты ад вуліцы Сурганава каля метро «Акадэмія навук».
19:19
Вольга Кавалькова падбягала да сілавікоў з заклікам не парушаць закон і быць сумленнымі.
19:13
«Паважаныя грамадзяне, правядзенне масавага мерапрыемства забаронена. Настойлівая просьба ўсім разысціся», — вяшчае міліцыя ў мегафон
19:11
Некаторыя людзі хаваюцца ў дварах.
19:07
Пад’ехаў аўтобус, з якога высыпала міліцыя. Пачынаюць акружаць чаргу і прыціскаць яе ў бок філармоніі. Сярод сілавікоў прысутнічае Іван Кубракоў — начальнік мінскай міліцыі.
19:06
19:00
Хлопцы ў чарзе спяваюць пад гітару песню «Зорачкі» Ляпіса Трубяцкога.
На 19.00 у ланцугу стаяла 380 чалавек. Пачынае выстройвацца чарга ў бок плошчы Перамогі.
18:56
Даішнікі перакрылі рух у цэнтр на плошчы Перамогі.
18:48
Тым часам у многіх гарадах краіны працягваюцца праблемы з доступам да мабільнага інтэрнэту.
18:45
Ва ўнутраным дворыку на лаўцы сядзяць і дзяжураць міліцыянеры. Там жа за дамамі рыхтуюцца ціхары — пераапранаюцца ў цывільнае, вешаюць навушнікі.
18:40
Падобная сітуацыя цяпер і ў Лідзе. Там машыны таксама актыўна сігналяць і падтрымліваюць удзельнікаў пікета.
18:39
Машыны на праспекце сігналяць адна за адной. Людзі адказваюць кіроўцам апладысментамі.
18:34
Людзі таксама выстройваюцца ў ланцуг у Гомелі — другім па велічыні горадзе краіны.
18:32
На пікеце сабралася самая розная публіка. У кагосьці ў руках тапкі, у кагосьці — кніга Канта. За паўгадзіны ў ланцугу сабралася 100 чалавек. Стрым з месца падзей «Радыё Свабода» не працуе. Імаверна, праз праблемы з мабільным інтэрнэтам.
18:25
Пікеты праходзяць не толькі ў сталіцы, але і ў іншых гарадах краіны.
18:20
Пад вокнамі філармоніі чутно цымбалы, каля столікаў — абмеркаванне выбараў. «Так, беларускі народ доўга цярпіць, але ў моладзі ёсць порах у парахаўніцах», — кажуць удзельнікі.
* * *
Учора, нагадаем, нягледзячы на залеву і град, на пікет прыйшлі тысячы мінчукоў. Чарга расцягнулася праз цэнтр горада больш чым на 2 кіламетры. «Праспект салідарнасці», як пісалі ў сацсетках.
Каментары