Біёлаг Зміцер Лукашанец расказвае пра экспедыцыю ў Антарктыду, заробкі навукоўцаў і беларускамоўную школу для сына
Біёлаг Дзмітрый Лукашанец — адзін з тых, каму пашчасціла трапіць у склад экспедыцыі ў Антарктыду. На ледзяным кантыненце ён правёў чатыры месяцы. Навуковец расказаў, як рыхтуюцца да экспедыцыі, чым уражвае антарктычная прырода, які самы папулярны суп у палярнікаў і чаму візіт да калоніі пінгвінаў — не самае прыемнае. А таксама пра тое, чаму вырашыў аддаць сына ў беларускамоўную школу і ці ёсць будучыня ў беларускай навукі.
«Перад экспедыцыяй трэніруемся ў будаўнічым цэху»
Сярод навукоўцаў прэтэндэнтаў на ўдзел у антарктычнай экспедыцыі насамрэч няшмат. Уся справа ў высокіх патрабаваннях.
— Напрыклад, кіраўнік біялагічнай праграмы Юрый Гігіняк хоча, каб гэта быў кандыдат навук, валодаў усімі метадамі даследавання, меў уласнае бачанне праблематыкі, — кажа Дзмітрый. — А вось што датычыцца тэхнічных супрацоўнікаў, там сітуацыя трошкi іншая — у іх ёсць конкурс.
Чытайце таксама:
Ці ёсць у Антарктыдзе беларусы? Распавядае палярнік Юрый Гігіняк
Некалькі год Дзмітрый быў дублёрам біёлага. А летась стаў асноўным кандыдатам.
Падрыхтоўка да экспедыцыі пачынаецца за некалькі месяцаў. Гэта і медыцынскі агляд, і псіхалагічнае тэсціраванне. Абавязковы пункт — візіт да стаматолага. Удзельнікі павінны зрабіць санацыю поласці рота, бо зубы — слабае месца ў Антарктыдзе: пломбы вылятаюць, эмаль крышыцца.
Палярнікі таксама навучаюцца будаўнічым азам, бо ў экспедыцыі яны працягваюць узводзіць станцыю.
— Важна, каб ўсё адбывалася зладжана, бо мы залежым ад расійскай лагістыкі. Новыя модулі дастаўляюцца на расійскім караблі, і калі ён падыходзіць да нашай станцыі, то толькі некалькі дзён можа стаяць — і мы за гэты перыяд павінны зрабіць частку платформы і на яе паставіць новы модуль. Кожны дзень прастою судна каштуе вялікіх грошай, таму мы мусім зрабіць усё як мага хутчэй. Для гэтага спецыяльна трэніруемся ў цэху — усе члены экспедыцыі без выключэння.
Адмысловую спартыўную падрыхтоўку праходзіць не трэба. Але Дзмітрый, каб добра здаць нагрузачны тэст на бегавой дарожцы, вырашыў патрэніравацца. Выходзіў на прабежкі, хоць не любіў іх яшчэ са школьнай фізкультуры.
«Вырошчвалі ў Антарктыдзе цыбулю, шпінат і пятрушку»
Звычайна палярнікі плывуць у Антарктыду з Кейптаўна на судне 10—14 дзён (сам карабель iдзе з Санкт-Пецярбурга). Дзмітрый з чатырма калегамi дабіраўся самалётам.
«Гэта быў вялiкi боінг са сцюардэсамі, усё як трэба», — усміхаецца палярнік.
І тлумачыць, што даляцець да той часткі кантынента, дзе знаходзіцца беларуская станцыя, няпроста. Усходняя Антарктыда — вельмі суровы рэгіён, з лютага да лістапада там ніякіх рэйсаў быць не можа. А вось у Заходняй Антарктыдзе, дзе шмат станцый іншых краін, надвор’е больш мяккае, плюс Паўднёвая Амерыка побач, таму пералёты там робяцца часта.
Маршрут такі. З Мінска праз Стамбул палярнікі ляцелі ў Кейптаўн. І адтуль — да расійскай станцыі «Навалазараўская».
— Там аэрапорт. Ну як аэрапорт — голы лёд і невялікая перавалачная база. Мы потым чакалі больш за тыдзень добрага надвор’я, каб нас другі самалёт, меншага памеру, адвёз на нашу станцыю, якая была больш за 1000 км.
На ледзяным кантыненце Дзмітрый быў з лістапада па сакавік. У гэты час там лета.
— Калі мы прыляцелі, было мінус 15 градусаў. Але справа не ў тэмпературы, а ў ветры. Калі, напрыклад, мінус 5, а моц ветра — 20 м/с, гэта будзе адчувацца як мінус 25, — тлумачыць навуковец. — У студзені была тэмпература і да +6. Так што цягам антарктычнага лета можа быць камфортна, нават горача. А ўжо ўзімку бывае мінус 40. Для Антарктыды гэта не так і шмат — у самай халоднай частцы кантынента, там, дзе расійская станцыя «Усход», мінус 90 градусаў можа быць.
Дарэчы, у экспедыцыі Дзмітрый упершыню акунуўся на Хрышчэнне: у беларускіх палярнікаў ёсць такая традыцыя. Тэмпература вады ў возеры была ўсяго каля градуса.
У Антарктыдзе трэба абараняць скуру не толькі ад ветру, але i ад сонца. Там вельмі моцны ультрафіялет, таму выкарыстоўваць крэм ад загару з максімальным фільтрам — абавязкова.
У экспедыцыі навуковец займаўся экалагічнай і біялагічнай праграмамі: маніторыў узровень забруджвання, адбіраў узоры ўсяго жывога.
— Акрамя палявой, гэта яшчэ праца ў лабараторыі — ставім простыя эксперыменты, спрабуем расціць нейкія культуры. Не бульбу, канечне. Зеляніну ў асноўным: цыбулю, шпінат, пятрушку. Звычайна мы вырошчваем іх пад штучным святлом, на штучных грунтах. Потым усё ідзе на наш стол, бо вітамінаў не хапае. Але я эксперыментальна спрабаваў вырасціць зялёныя культуры на антарктычных грунтах. Лепш за ўсё ўдаўся шпінат.
Паколькі Дзмітрый быў намеснікам начальніка па навуковай частцы, ён курыраваў выкананне навуковых праграм іншымі супрацоўнікамі: метэаролагам, медыкам і фізікам. А яшчэ адказваў за вываз смецця. У Антарктыдзе з гэтым вельмі строга. Арганічныя адходы, калі іх няшмат, можна выкідаць у акіян, астатняе трэба сартаваць, запакоўваць у велізарныя бочкі з-пад паліва і вывозіць на вялікую зямлю.
— Хачу падкрэсліць, што на беларускай станцыі з гэтым усё добра. Не на ўсіх станцыях так. Мы робім усё магчымае па захаванні экалагічнага стану Антарктыды, — заўважае Дзмітрый.
Рацыён у палярнікаў разнастайны. Кансервы, канечне, ёсць на станцыі, але гэта запас на чорны дзень. Бакалейныя тавары закупляюцца ў асноўным у Беларусі, мяса (свініна, курыца, ялавічына глыбокай замарозкі) — у Германіі, бо судна ідзе праз нямецкі порт. Гародніну і садавіну вязуць з Паўднёвай Афрыкі — гэта апошняе месца, куды заходзіць карабель, перад тым як адплыць у Антарктыду.
— Нашым кокам быў доктар. Пяць дзён на тыдзень гатаваў ён, астатнія два — мы па чарзе. Каша, нарэзка, сыр, тварог, вяндліна… Канечне, нейкія прадукты мы эканомілі — яйкі, бульбу. Што я гатаваў у сваю змену? Суп я стараўся варыць дыетычны, тыпу булёну. На другое рабіў гарнір з мясам і падліўкай. Больш за ўсё нас уразіў хлопец-фізік, яму 23 гады, але такія кухарскія здольнасці! Ён нам і аладкі, і блінчыкі пёк. Такой ежы не хапала. Не хапала таксама малочных прадуктаў і садавіны — былі толькі яблыкі і апельсіны раз на тыдзень, — расказвае навуковец. — Ведаю, што ў складзе наступнай экспедыцыі будзе кухар. Гэта добра, бо, калі гатуеш на 8 чалавек, складана разлічыць колькасць прадуктаў. Памятаю, кашу мы заўсёды выкідалі: зашмат было.
«На размову з сям'ёй за ўвесь час давалася 40 хвілін»
Тых, хто ўпершыню трапляе ў Антарктыду, уражвае яе прырода. Паўсюль або лёд, або камяні і скалы.
— Жыццё там беднае, але ёсць. З расліннасцi сустракаюцца лішайнікі і мхі. Шмат дробных мікраарганізмаў. Таксама цікава, што вельмі разнастайная фаўна ў моры — нібыта сапраўдны каралавы рыф. Акрамя рыб, там жывуць марскія вожыкі, марскія зоркі, малюскі, губкі. Буйства колераў і форм. Прытым што ў моры можа быць мінусавая тэмпература вады.
На кантыненце палярнікі сустрэлі некалькі відаў марскіх птушак, цюленяў і пінгвінаў Адэлі — іх калонія была непадалёк ад станцыі.
— Увогуле, пінгвін такая істота… Можа, яны прыемныя на фотаздымку, але ружовая маса, на якой яны жывуць, гэта іх гуана — памёт. Добра, што мы наведвалі іх калонію ў мінусавую тэмпературу, пах так моцна не адчуваўся. З іншага боку, гэта іх асаблівасць адыгрывае важную ролю ва ўсёй экасістэме. Пінгвіны пераносяць арганічныя рэчывы з акіяна на неўрадлівыя скалы. Калі б яны не адкладалі памёт, там нічога б не расло.
У моры рыбачыць не забаронена. Але ёсць правілы. Квоты на здабычу рыбы і крылю выдае АНТКАМ — камісія па захаванні біялагічных марскіх рэсурсаў Антарктыкі. Беларусь туды пакуль не ўваходзіць. Палярнікі ж рыбачаць з выключна навуковымi мэтамi.
— Рыба ў Антарктыдзе не вельмі буйная, яе літаральна некалькі вiдаў, але кажуць, што смачная. Праўда, ёсць асаблівасць: у рыбе багата паразітаў. Яны не чалавечыя, толькія рыбныя, жывуць у органах, а не ў мышачнай тканцы, але, калі я прэпарыраваў рыбу, гэта непрыемна было назіраць.
У экспедыцыі Дзмітрыю складана было прывыкнуць да палярнага дня. А яшчэ да таго, што час на размову з сям’ёй абмежаваны. На ўвесь перыяд навукоўцу давалася каля 40 хвілін: сюды ўваходзяць і тэлефаванні, і перапіска па электроннай пошце, якая функцыянуе таксама праз спадарожнікавы тэлефон. У наступныя гады, кажа Дзмітрый, плануюць палепшыць сувязь.
Сёлета ў экспедыцыю біёлаг не збіраецца.
— Мне адназначна спадабалася. Я захварэў на Антарктыду і планую свае даследаванні рабіць па антарктычным матэрыяле. Але кожны год ездзіць цяжкавата. Толькі ў чэрвені мае пробы прыйшлі на караблі — я хачу з імі папрацаваць. Тут таксама багата чаго рабіць. Напэўна, праз пару год я буду прэтэндаваць на тое, каб паўдзельнічаць у экспедыцыі, але пакуль бяру паўзу. Гэта дасць большы навуковы выхлап. Дый на новай пасадзе (намеснік дырэктара па навуковай і інавацыйнай працы Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусi па бiярэсурсах) у мяне шмат адміністрацыйных абавязкаў.
«Казалі, што 23-я гімназія — школа для наступнай эліты»
На гутарку біёлаг, як і на сустрэчу палярнікаў з грамадскасцю, прыйшоў у вышыванцы.
— Мы павінны цаніць і шанаваць наш сімвал. Гэта цудоўна, што цяпер пайшла мода на вышыванкі, я не лічу гэта пошлым. Новае пакаленне па-іншаму ў гэтым плане мысліць, для іх беларушчына — гэта крута.
Бацька палярніка — вядомы мовазнаўца Аляксандр Лукашанец. І сам Дзмітрый вучыўся па-беларуску.
— Я пайшоў у школу ў 1992 годзе, гэта быў перыяд максімальнай беларусізацыі. Памятаю, што ў школе на ўроках бiялогii не ведаў, што такое «млекопiтающiе» — былі «млекакормячыя», не «железы», а «залозы». Вельмі добра, што беларуская мова перастала атаясамлівацца з вёскай, як гэта было ў савецкія часы, і з палітыкай. Мова — наш здабытак, і, здаецца, нават у дзяржаве пачалі гэта разумець.
Малодшая дачка навукоўца ходзіць у беларускамоўную групу дзіцячага садка, сын скончыў першы клас 23-й гімназіі.
— Усе казалі, што гэта школа для наступнай эліты — дай Бог, яно будзе так. Для мяне гэта не мэта, але калі ёсць такое амплуа, асацыяцыя з элітарнасцю, я лічу, гэта добра.
Сын Дзмітрыя ганарыцца, што тата быў у Антарктыдзе. Ён і сам цікавіцца біялогіяй, глядзіць навукова-папулярныя праграмы.
— Калі спытаеш, кім хочаш стаць, кажа: навукоўцам, — усміхаецца палярнік. І дадае: — Пра беларускую навуку шмат сумных стэрэатыпаў, ёй патрэбны добры піяр.
У нас навука развіваецца, і Антарктычная праграма — адзін з франціраў, па якім яна можа ісці. Дзякуючы ёй, мы добра выглядаем на міжнароднай арэне. Беларусь ужо з’яўляецца асацыяваным членам у Міжнародным камітэце па вывучэнні Антарктыкі — SCAR. Гэта дае дадатковыя магчымасці. Вось хутка будзем адпраўляць шэраг нашых проб, адабраных на генетычны аналіз, у Канаду.
Калі параўноўваць з Расіяй, то беларуская праграма працуе эфектыўней. Калі б нам іх магчымасці, у нас усё было б цудоўна. Яны ўсё ж свой патэнцыял не да канца выкарыстоўваюць.
«НН»: Але ж факт, што ў навуцы нізкія заробкі.
— Гэта стэрэатып. Заробкі розныя. Здаецца, тысяча рублёў даўно дасягнута. Канечне, першапачаткова ў лабарантаў, малодшых навуковых супрацоўнікаў заробкі невялікія. Але ў кожнай галіне такая сітуацыя. Усё залежыць ад фінансавання: ёсць дзяржаўнае, а ёсць пазабюджэтныя сродкі. І магчымасці ёсць, для таго каб заробкі раслі.
Самае галоўнае, што беларуская навука актыўна ідзе на міжнароднае супрацоўніцтва. Скажу за свой кірунак, вывучэнне біяразнастайнасці: нас чакаюць, мы цікавыя для Заходняй Еўропы. Яны не захавалi такой бiяразнастайнасцi, як у нас, — у іх амаль няма некранутых лясных экасістэмаў, цэлага шэрагу відаў. Таму ў мяне аптымістычны погляд на біялагічную навуку ў Беларусi.
Каментары