Навукоўцы: Пацяпленні на Зямлі здараліся і раней. Але яны не былі глабальнымі
Тэмпы глабальнага пацяплення ў апошнія дзесяцігоддзі не маюць аналагаў за апошнія 2000 год.
З маштабамі цяперашніх кліматычных змяненняў нельга параўнаць нават Малы ледавіковы перыяд, які быў на Зямлі з XIV стагоддзя па XIX стагоддзе, гаворыцца ў даследаванні навукоўцаў Бернскага універсітэта (Швейцарыя), піша ВВС.
Вынікі даследавання былі апублікаваныя ў навуковых часопісах — Nature і Nature Geoscience. Як падкрэсліваюць навукоўцы, іх дадзеныя кажуць пра тое, што ў так званых «кліматычных скептыкаў» — тых, хто не верыць агульнапрынятым навуковым звесткам пра глабальнае пацяпленне — вельмі слабыя аргументы.
Складзены навукоўцамі графік кліматычных ваганняў у розныя гады за апошнія 2000 год наглядна дэманструе, што пацяпленне, якое адбываецца цяпер, па тэмпах і маштабах зменаў не мае аналагаў. Тэорыі, згодна з якімі цяперашняя змена клімату — чарговы перыяд пацяплення, які зменіцца пахаладаннем, можна назваць беспадстаўнымі, падкрэсліваюць навукоўцы.
Па іх словах, няма ніякіх падставаў казаць пра падабенства таго, што адбываецца цяпер, з перыядамі адноснага пацяплення на Зямлі ў даіндустрыйную эпоху.
Каб зразумець прыроду і характар кліматычных зменаў, група даследчыкаў паспрабавала аднавіць звесткі аб клімаце на Зямлі за апошнія 2000 год. Навукоўцы прааналізавалі замеры каралаў, гадавых кольцаў дрэў і таўшчыні азёрных ападкавых пластоў.
Яны прыйшлі да высновы, што ўсе за гэты перыяд кліматычныя змены былі лакальнымі і ніколі за 2000 год не адбываліся ў маштабах усёй планеты.
Нават Малы ледавіковы перыяд закрануў у асноўным Ціхаакіянскі рэгіён і Еўропу. Пры гэтым, самы халодны перыяд у Ціхаакіянскім рэгіёне прыйшоўся на XV стагоддзе, а ў Еўропе — на XVII стагоддзе.
Усе маштабныя змены клімату ахоплівалі не больш за палову зямнога шара.
Падчас так званага Сярэднявечнага кліматычнага оптымуму (950 -1250 гг н.э.) — эпохі адносна цёплага клімату — змены закранулі толькі Паўночнае паўшар'е (не больш за 40% паверхні Зямлі).
Перыяд пацяплення, які мы назіраем цяпер, не падобны на тое, што адбывалася на Зямлі раней. Глабальнае пацяпленне ахоплівае 98% паверхні Зямлі.
«Гэта даказвае, што глабальнае пацяпленне, выкліканае антрапагенных фактарамі, не толькі не мае аналагаў па тэмпах змены тэмператур, але і цалкам унікальнае па маштабах», — гаворыцца ў даследаванні.
Навукоўцы заўважылі, што ў даіндустрыйную эпоху галоўным фактарам, які ўплывае на змены клімату, была актыўнасць вулканаў. Пацверджанняў таго, што сонечная радыяцыя магла быць адным з галоўных фактараў, які правакаваў кліматычныя змены, навукоўцы не знайшлі.
Тыя змены, якія назіраюцца цяпер, выходзяць далёка за межы натуральных ваганняў клімату.
Хоць навукоўцы і не ставілі перад сабой задачы высветліць, ці з'яўляецца дзейнасць чалавека галоўным фактарам, які ўплывае на змены клімату, атрыманыя ў ходзе даследавання дадзеныя кажуць, што менавіта з дзейнасцю чалавека звязана глабальнае пацяпленне, што адбываецца цяпер.
«Гэта даследаванне нарэшце павінна спыніць тых, хто працягвае адмаўляць змены клімату і сцвярджаць што цяперашняе пацяпленне — гэта толькі частка натуральнага кліматычнага цыклу», — кажа прафесар Марк Мэслін з універсітэцкага каледжа Лондана, які не браў удзелу ў даследаванні.
«Даследаванне паказвае па-сапраўднаму сур'ёзную розніцу паміж лакальнымі зменамі клімату, якія мелі месца ў мінулым, і глабальным уплывам на клімат антрапагенных выкідаў парніковых газаў», — падкрэслівае Марк Мэслін.
Каментары