Улада3434

Пяць фактаў пра новага міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева

Юры Караеў замяніў Ігара Шуневіча на пасадзе міністра ўнутраных спраў. «НН» сабрала цікавыя факты пра чыноўніка. «Цвёрды чалавек і моцны менеджар», — гэта асноўныя характарыстыкі, якія мы пачулі ад людзей, якія з ім сутыкаліся.

Асяцін, мае шмат сяброў на радзіме

Юрыю Караеву 53 гады, ён паходзіць з Паўночнай Асеціі, якая з’яўляецца часткай Расіі. Ва Уладзікаўказе працягвае жыць ягоная родная сястра Тамара. Па яе актыўнасці ў сацыяльных сетках можна зрабіць выснову, што яна вельмі ганарыцца братавымі поспехамі.

«Ён даўно ў Беларусі. Там жаніўся, яшчэ нядаўна быў камандзірам спецназа, цяпер на пасадзе камандуючага ўнутранымі войскамі нашай братэрскай рэспублікі», — пісала Тамара знаёмым.

Бацька Караева — Хаджымурат Цімафеевіч — працаваў электраслесарам. Маці — Раіса Міхайлаўна — інжынерам. Ніхто ў сям'і з войскам звязаны не быў. Кажуць, што ў дзяцінстве Караеў быў не дужа прэзентабельны: доўгі, вуглаваты. Бацькі яго ледзьве не сілай выганялі на вуліцу, каб пагуляць у футбол, бо сам ён чытаў кніжкі. Любоў да кніжак пранёс да сёння — Талстой, Дастаеўскі, Купрын.

У секцыю бокса Караева адвёў дзядзька Саламгірэй Царахаў, ён быў палкоўнікам унутраных войскаў. Юрый марыў стаць такім, як дзядзька Саламгірэй. Гэта і вызначыла ягоную будучыню.

Па каментарах у акаўнце сястры можна зразумець, што Юрыя ў Асеціі памятае вельмі шмат людзей. І ўсе яму зычаць поспехаў і іншых дабротаў. Выглядае, што пра карані не забывае і сын спадара Караева Герман. Напрыклад, у сацсетцы Укантакце ён падпісаны на суполку «Тыповы асецін».

Камандзір спецназаў

У ліпені 2008 Юры Хаджымуратавіч Караеў быў прызначаны кіраўніком мінскага спецназа, раней яго называлі АМАПам. Змяніў ён Юрыя Падабеда. Праўда, доўгі час Караеў не мог затрымацца на адным месцы. У мінскім спецназе ён запомніўся тым, як разганяў п’яную бойку ў Дзень ВДВ. А яшчэ пры Караеве ў спецназе сталі працаваць жанчыны. «У асноўным працуюць падчас надгляду грамадзян, і часам даюць рады лепш, чым мужчыны», — зазначыў Караеў.

Адукацыю Караеў атрымліваў у Расіі. Ён вучыўся ў Саратаўскім інстытуце ўнутраных войскаў. Кажуць, што з тэорыяй праблем не было ніякіх, а вось фізуха ў Караева тады кульгала. 

Потым яго закінула служыць у Беларусь, а менавіта ў Магілёў. Яшчэ за савецкім часам прымаў удзел у баявых дзеяннях у Нагорным Карабаху.

Да пераводу ў Мінск Караеў шэсць гадоў (1999 — 2005) кіраваў вайсковай часткай 5527 у Бабруйску, ці інакш Пятым асобным спецыяльным міліцэйскім батальёнам. Потым палкоўніка Караева перавялі ў Гомель, дзе ён камандаваў спецыяльнай міліцэйскай брыгадай (вайсковая частка 5525).

Праз тры месяцы Юрыя Караева перавялі камбатам у брыгаду спецназа ва Уруччы. Славутай часткай 3214 раней камандаваў Дзмітрый Паўлічэнка. Але і тут не атрымалася адпрацаваць больш за год, бо Караева заўважылі ў міністэрстве.

Пра стыль Караева-камандзіра гаворыць такі факт: «Ён салдатам казаў: хто пацісне мне руку так, што зламае яе, паедзе ў трохдзённае звальненне дахаты і атрымае сяржанта».

Караеў і Уцюрын

Цяперашні міністр унутраных справаў і арыштаваны экс-кіраўнік службы аховы Лукашэнкі Андрэй Уцюрын скончылі адну навучальную ўстанову — Саратаўскае вайскова-каманднае вучылішча. Караеў у 1987 годзе, а Уцюрын — у 1992.

Праўда, потым яны сутыкнуліся разам у вайсковай частцы 3214. Разам здавалі на крапавыя берэты.

Цікавыя адносіны ў Караева былі і з іншым знакавым сілавіком — Юрыем Падабедам. Апошні прызнаваўся, што аддаў спецназ у рукі «сябра сям’і». «Караеў — выдатны мужык, ведаю яго 12 гадоў, сябруем сем’ямі. Так што не сумнявайцеся, пытанняў з ім не будзе. Ён кантактны, прыстойны, інтэлігентны, выхаваны і правільны чалавек», — казаў Падабед.

«Кар'ерыст, але сумленны», — сказаў нам іншы чалавек з сілавых структур. 

«Ён моцны менеджар. А як чалавек — цвёрды, жёсткий, па-руску кажучы, — сказаў нам іншы чалавек. — На гэтай пасадзе такі і патрэбны. Па-любому, не найгоршы варыянт».

ВКЛ і дзедаўшчына

Караеў не запляміў сябе дурнымі выказваннямі. Шмат што з яго вуснаў гучыць рацыянальна. Напрыклад, ён расказваў пра праблемы з дзедаўшчынай у войску.

Караеў гаварыў, што ў СССР існавала «махровая дзедаўшчына», якая была заснаваная на нацыянальнай варажнечы. «Пасля распаду СССР я думаў, што калі служыць будуць адны беларусы, то праблема з дзедаўшчынай знікне сама сабой. Але прыйшло засілле сяржантаў. А праз некалькі гадоў вярнулася і розніца ў прызывах. Проста ўсе дзейнічалі паводле прынцыпу: з мяне здзекаваліся — і я буду».

Караеў расказаў, што, будучы камандзірам вайсковай часткі, за два тыдні ўскрыў усю сістэму дзедаўшчыны ў ёй. За бясчынствамі стаяў намеснік камандзіра аднаго з узводаў, старшы сяржант. Па словах Караева, за парушэннем статутных адносін найперш ідзе адсутнасць камандзіра ўзвода, абыякавасць камандзіра роты, страх адказнасці з боку камандзіра часткі.

«Калі парушэнне адбылося, то задача камандзіра ўзвода — паведаміць аб гэтым і пазбавіць сябе граху прыхоўвання», — сказаў Караеў.

Таксама Юрый Караеў назваў асноўнае зло, з якім сутыкаецца малады афіцэр: «1. Алкаголь: колькі, дзе і з кім. 2. Грошы: пазыкі, заклады, гульні. 3. Начное баўленне часу: рэстараны, клубы, дыскатэкі».

«Даводзім да ладу ўсе веды па гісторыі і геаграфіі Беларусі: вобласці, гарады, сталіцы Вялікага Княства Літоўскага — у якія часы дзе што было. Калі школа дапусціла прабелы ў вывучэнні гісторыі, то мы іх выпраўляем. Бо без ведання гісторыі сваёй краіны ідэалогіі і патрыятызму быць не можа, уласна», — запэўніваў Караеў карэспандэнта «Нашай Нівы».

Сын — просты трэнер па кёкусінкаю

Сын Юрыя Караева Герман працуе трэнерам па кёкусінкаі — гэта такое японскае адзінаборства. Герман жанаты, жонку зваць Вікторыя, у пары дзяцей пакуль няма. Скончыў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт.

«Асеціны — маленькі, але горды народ», — піша Герман на сваёй старонцы.

«Любы нармальны каўказец не павінен мець фота ў памяшканні ў галаўным уборы, але пры гэтым кожны мае», — працягвае Караеў-малодшы.

Апроч каратэ, ён любіць пейнтбол, язду на аўтамабілі і більярд.

Каментары34

Латушка пра 30 мільёнаў еўра ад ЕС: Раней за размеркаванне адказваў Ягораў. 33% ішло на падтрымку рэлакаванага бізнэсу11

Латушка пра 30 мільёнаў еўра ад ЕС: Раней за размеркаванне адказваў Ягораў. 33% ішло на падтрымку рэлакаванага бізнэсу

Усе навіны →
Усе навіны

Украінскія вайскоўцы на мяжы акружэння ў чатырох вёсках Данеччыны

Трамп выступае за размяшчэнне еўрапейскіх войскаў ва Украіне для кантролю над будучым перамір'ем4

Генеральны сакратар НАТА заклікаў рыхтавацца да вайны з Расіяй праз 5 гадоў20

Беларускім журналістам у выгнанні акажа шчодрую падтрымку Фландрыя6

Прарыў у чорнай металургіі: новы метад павышае хуткасць вытворчасці ў 3600 разоў4

Затрымалі гаспадыню аграсядзібы пад Баранавічамі

Новая эра пластычнай хірургіі: галівудскія зоркі заўважна змянілі выгляд5

У Беларусі прайшлі снегапады і завірухі ВІДЭА1

 «Дынама» нарэшце выйграла ў Лізе канферэнцый пасля чатырох паразаў запар ВІДЭА7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Латушка пра 30 мільёнаў еўра ад ЕС: Раней за размеркаванне адказваў Ягораў. 33% ішло на падтрымку рэлакаванага бізнэсу11

Латушка пра 30 мільёнаў еўра ад ЕС: Раней за размеркаванне адказваў Ягораў. 33% ішло на падтрымку рэлакаванага бізнэсу

Галоўнае
Усе навіны →