Адной з галоўных славутасцяў Італіі — Пізанскай вежы — пагражае крызіс ідэнтычнасці. Збудаванне, якое праславілася на ўвесь свет дзякуючы сваёй неідэальнасці — нахілу ў некалькі градусаў, — паступова выпростваецца. Пра гэта паведамляе BBC News.
Паводле экспертаў, за апошнія 20 гадоў «завал» будынка зменшыўся на чатыры сантыметры. «Канструкцыя ўстойлівая, вугал яе нахілу павольна памяншаецца», — адзначылі яны. «Можна лічыць, што вежа памаладзела на 200 гадоў», — заявіў прафесар Сальватору Сэціс, які ўзначальвае групу.
У 1990-я Пізанская вежа апынулася пад пагрозай абвалу - яна адхілілася ад вертыкалі на 4,5 метра. Да ратавання славутасці прыцягнулі найлепшых спецыялістаў, нахіл удалося скараціць на 45 сантыметраў. Работы каштавалі 200 мільёнаў еўра, вежу давялося на некалькі гадоў закрыць для наведванняў.
Пізанская вежа была ўзведзеная ў XII стагоддзі па праекце Бона Піза. Вышыня будынка дасягае 56,7 метра. Дыяметр асновы - каля 15 метраў. Нахіл будынка ацэньваецца больш чым у тры градусы. У 1986 вежа ўключаная ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
Каментары