У лесе будзе сустракаць Новы год перасяленец на Палессе Андрусь Горват
Самым чытаным матэрыялам года на сайце NN.BY стала не палітыка (Мінскі саміт) і не сэкс (сямейнае жыццё Люсі Лушчык), а дзённік хлопца, які пераехаў з Мінска ў дзедаву хату ў глушы Палесся.
Больш за 97 000 чалавек прачыталі ягоныя запісы ў беларускай версіі сайта і яшчэ 8 000 — у расейскай.
«Першыя хвіліны гэтага года я сустрэў у шматтысячным натоўпе ў Вільні, — піша Горват у сябе ў фэйсбуку. — Апошнія хвіліны я правяду ў адзіноце ў сваёй хаце ў Прудку. Будзе мароз і снег. Будзе гарэць агонь у печы. І я спалю ў ім усё непатрэбнае. Я памыюся ледзяной вадой, буду піць гарбату ў лесе і глядзець у неба. У мяне няма тэлевізара, алкаголю і салатаў. У мяне ёсць толькі лес, Космас, вада і агонь. У мяне няма нічога, але я маю ўсё. І гэта мой выбар.
Мае шаноўныя! Выберыце сабе наступны год самі. Вазьміце такі, які вам шкада будзе адпускаць апасля.
Са святамі!» — віншуе ён.
Павіншуйце і Вы ў каментах да гэтага артыкула чалавека, які канцэптуальна выбраў палескую глуш і піша там файныя рэчы.
Каментары