president.gov.by
За дзень да ўручэння расійскаму поп-кампазітару Віктару Дробышу ордэна Скарыны і нечаканай прэзідэнцкай прамовы пра «цэбар бруду», які Нобелеўская лаўрэатка выліла на Беларусь, Аляксандр Лукашэнка сустракаўся ў Мінску з прадстаўнікамі дыпмісій. Разам садзілі дрэва міру ў гонар 70-годдзя заканчэння вайны і заснавання ААН. Падчас нефармальнай размовы амбасадар Швецыі Марцін Оберг віншуе Беларусь і яе кіраўніка з Нобелеўскай прэміяй.
«І толькі з гэтым?» — перапытвае Лукашэнка і тут жа супакойвае Оберга: «Жартую, жартую».
Шведскі амбасадар спрабуе ўдакладніць: маўляў, гэта вялікае шведскае свята! Лукашэнка ў адказ заўважае, што прэмія «страсянула нашу грамадскасць»:
«Усе пачалі думаць, гэтая Нобелеўская прэмія, а што гэта такое, як там Лукашэнка да гэтага паставіцца? Вы ведаеце, калі б вы не прысвоілі, паміж намі кажучы, Нобелеўскую прэмію, то я б і не ведаў яе так.
Кажуць, яна апазіцыянерка нейкая, а я не чуў пра гэта. Таму вы не слухайце што там, апазіцыянерка — не апазіцыянерка. Ніякая яна не апазіцыянерка. У яе ёсць сваё меркаванне. Яно было і ў савецкія часы, гэтае меркаванне. Ну, кожны чалавек мае права меркаванне гэтае мець пры сабе і выказваць. Ну яна на барыкады нікога не клікала…»
«Паміж намі, я таксама мушу прачытаць яе кнігі», — сціпла прызнаецца спадар Оберг.
«Іх не так шмат, — суцяшае Лукашэнка. — Я вам магу падарыць пяць гэтых кніг і вы іх прачытаеце. Вы ж на рускай добра чытаеце? Уладзімір Уладзіміравіч (звяртаецца да міністра замежных спраў Макея), ад майго імя падарыце паслу апошняе выданне».
А на наступны дзень быў канцэрт Дробыша…
Каментары