Лукашэнка: Пуцін пагадзіўся аддаць Калінінградскую вобласць Беларусі
«Калінінград – гэта наша зямля, там нашы людзі, - сказаў Аляксандр Лукашэнка на прэс-канферэнцыі для расійскіх журналістаў. – Калі літоўцы паспрабуюць закрыць дарогу ў наш Калінінград, то атрымаюць па мордзе. У савецкі ж час Калініград быў беларускім».
«Я часта кажу – аддайце нам Калінінградскую вобласць, мы яе ператворым у квітнеючы сад». Паводле Лукашэнкі, Пуцін нават пагадзіўся аддаць Калінінград Беларусі.
14:39
Калі не будуць адмененыя нафтавыя пошліны, Беларусь не пацягне Мытны саюз
Лукашэнка разлічвае на адмену з 1 студзеня 2014 спагнання з краіны пошлін за экспарт нафтапрадуктаў з расійскай нафты і заяўляе, што ў адваротным выпадку Беларусь «не пацягне» далейшы ўдзел у Мытным саюзе.
«Пуцін абяцаў - з 1 студзеня 2014 г. устараняем ўсе канфіскацыі і абмежаванні ў гандлі», - заявіў ён, адзначыўшы, што Беларусь штогод пералічвае ў бюджэт РФ каля $4 млрд экспартных нафтавых пошлін.
«У адваротным выпадку мы Мытны саюз не пацягнем, калі не будзем бачыць ад яго эканамічнага эфекту», — цытуе А.Лукашэнку Interfax.
13:59
Страху няма, калі Украіна нешта падпіша з Еўрасаюзам»
«Я кажу, Уладзімір Уладзіміравіч, ніводзін Гертнер і Керымаў не вартыя таго, каб мы з табой распахабілі нашы адносіны».
«У Салігорск прыедзеш — светлы горад! Там сады цвітуць, а такое разбуранае было ўсё. Я памятаю, што яны заўсёды баставалі. З каскамі на Мінск ішлі. У Салігорску прыгажосць, камунізм цэлы.
Ён, сапляк, Баўмгертнер прыехаў да прэм’ер-міністра, нагу за нагу закінуў, плюнуў на дом урада – і ў аэрапорт.
Я бы пытанне з «Уралкаліем» за дзень рашыў і актывы былі б у руках надзейных людзей».
Тры гадзіны прэс-канферэнцыя. «А што рабіць? У лазню запрашаць?» – адказаў Лукашэнка.
Газета «Заўтра» пытаецца, ці «дрэйф Украіны ў Еўропу, ці гэта не трагедыя славянскага свету».
«Я папракнуў Назарбаева і Пуціна, што яны кінулі Беларусь на заходніх акул, палітвязні і ўсё такое. Вы ж ведаеце, што ніякіх палітвязняў няма.
Беларусь за вашымі спінамі ніякіх перамоваў не вяла. Чаго вы Украіну папракаеце? Калі самі гэтыя размовы вядзеце. З Беларуссю яны не гавораць, бо прадпрыемствы ім я не аддам, людзей таксама.
Страху няма, што Украіна нешта падпіша з Еўрасаюзам.
Пуцін мяне падтрымаў. Хай вядуць, якія хочуць перамовы, абы не закрылі нашы шляхі».
13:39
Пра адносіны з «Уралкаліем»
«Мы не гатовыя працаваць на жулікаў. Я вам зараз раскажу, што такое калій, што такое ўгнаенні. Ад гэтага залежыць якасць хлеба. Каб у бульбу масла не дадаваць.
Калі я стаў прэзідэнтам, то паліцы пустыя былі, тэлефануе дырэктар калійнага камбіната, праблема са збытам. У мяне іншыя праблемы былі, дзе хлеба ўзяць.
У Мінску мукі заставалася на тры дні.
Да яго прыйшлі жулікі. Казалі, што з урада, з адміністрацыі. А я не сфарміраваў яшчэ ўрад. Я імем рэвалюцыі загадаў, каб нікому не прадаваць, а толькі сам прадавай. Але і ён прадаваў праз маскоўскую фірму МКК. Ён прадаваў за 70 даляраў, а паняцця не мае колькі калій у Індыі каштуе. Маскоўцы за 300 прадавалі.
Я тады зрабіў незалежную кампанію, якая будзе прадаваць калій. Да мяне тады прыехаў Рыбалоўлеў, які перад гэтым 1,5 года адседзеў.
Кажа, давайце аб’яднаемся. Я тыдзень прапрацаваў пытанне, але згадзіўся. Толькі кампанія не ў Маскве, ці Швейцарыі, а ў Беларусі. Быў час, калі цана дайшла да 900 даляраў. Залатыя часы!
Рыбалоўлеў са слязамі на вачах прыйшоў, сказаў, што больш працаваць не будзе.
На яго наехалі, прымусілі аддаць акцыі, калі не, то пасадзяць, ці галаву адкруцяць. Я яго не абяляю, ён кватэру нядаўна на Манхэтане купіў за 75 мільёнаў, але ён парадачны быў.
Прыйшоў да мяне Керымаў. Мне казалі, што ён заўсёды спекуляваў.
Кляўся, што ўсё будзе прыстойна паводзіць сябе».
13:20
«Школа ў нас разбасячылася»
«Адзін расійскі віцэ-прэм’ер сказаў, што мы вам не дамо нафты. Саюзнага саўміна не будзе! Добра. Вы ведаеце, што за віцэ-прэм’ер.
Мы абмяркоўвалі з Уладзімірам Уладзіміравічам [Пуціным – «НН»] праблемы. У нас аднолькавыя падыходы: злодзей павінен сядзець у турме.
Мы выкараскаемся. Нам вельмі цяжка, але выкараскаемся».
Газета «Краснае знамя» (Томск) пра размеркаванне.
«У нас беспрацоўе – 0. Моладзь разумее, што на працу цябе возьмуць, калі ты лепшы за астатніх, лепш вучышся. Размеркаванне мы не адмянялі. Цяпер размеркаванне 2 гады, але мы думаем зрабіць гэта больш жорсткім, асабліва па некаторых спецыяльнасцях».
«У нас не толькі лёгка атрымаць вышэйшую адукацыю. Гэта раней было лёгка, калі было 50 недзяржаўных ВНУ, у кожных хляве.
Трэба напружыцца. Гэта школа крыху расбасячылася – гэта я прызнаю. Настаўнікі крыўдзяцца, што заробкі невялікія. Я з імі згодзен. У нянечак і выхавацеляў ў дзіцячым садку катастрафічна цяжкая праца. Мы павінны вырашыць праблему».
Лукашэнка таксама сказаў, што ў рэспубліцы ўжо створана больш за тысячу аграгарадкоў.
«Там зарабляюць прыстойныя грошы, і людзі туды валам ідуць і з Расіі, а асабліва з Захаду».
13:08
«Ці то Баўм, ці то Гертнер, ці то дрэва, ці то сад»
«Я не магу сказаць, што нашы людзі не змогуць жыць у рынкавым асяроддзі. Я не магу так сказаць! Але давайце паступова. Мне ў рынку падабаецца канкурэнцыя. Улада не можа дапамагаць адным і тапіць іншых.
Я ўжо старажытны прэзідэнт і магу сказаць, што рабіць усё трэба асцярожна. Каб бандыты не захапілі ўладу. Яны ўсё што заўгодна ўключаць, каб супрацьстаяць дзяржаве».
Лукашэнка хваліць тэлеканал РБК. «У вас свая пазіцыя». Пытаюцца пра калійны канфлікт.
«Я вам скажу дзе знайсці грошы. А пра ці то Баўм, ці то Гертнер, ці то дрэва, ці то сад. Адкажу потым. Я б Керымава і керымаўцаў закрыў у адной камеры, і яны б прадалі ўсе акцыі.
А грошы адправіў у Беразнякі. Адабраць грошы ў негадзяеў і пабудаваць квітнеючы сад. А вы шукаеце ў Баўмгертнера. Якія ў яго грошы? Сотая доля таго, што меў Керымаў. Я атрымаў ліст ад беразнякоўцаў. Мы дадзім адказ, ён рыхтуецца. Але я ведаю, як збіраліся гэтыя подпісы.
Не думайце, што Лукашэнка заманіў вашага ці то Баум, ці то Гертнера ў Беларусь. І як людажэр здзекваецца з яго».
Журналістка просіць вярнуць Баўмгертнера ў Беразнякі. «Якія лепшыя ўмовы стварыць? Ён у трохпакаёвай кватэры. Назад яго ў камеру вярнуць?!»
12:54
Кальцэльсон
«Вось наш міністр статыстыкі. Можа, у яго нейкая статыстыка ёсць. Гавары праўду! На сябе не спасылае», — прадстаўляе Лукашэнка старшыню Белстата Зіноўскага.
Прыводзіць магазін «Радзівілаўскі» ў якасці прыкладу паспяховых дзяржаўных праектаў у гандлі. «Там 250 відаў каўбасы!»
«У нас забаронена з аднага крэсла таго, хто правініўся, перасаджваць на іншую пасаду. Быў ты старшынёй райвыканкама.Добрая пасада. Прагуляў раён. А потым займае іншую пасаду». Лукашэнка кажа, што так быць не павінна.
Расказвае пра творчых людзей, пра Эльдара Разанава, Высоцкага. «Кажуць, нас так ціснулі, ціснулі. А вас увесь свет ведае! Кепска, значыць, ціснулі. У савецкі час мала было кароткай спаднічкі, каб на сцэну выйсці Я б не выкрэсліваў з жыцця ўсё дзяржаўнае, але мы не супраць прыватнага.
Нядаўна была шуміха па «Камунарцы». Быў такі нібыта беларус Кальцэльсон. Павел Ізотавіч, як ягонае прозвішча? [пытаецца ў галоўнага рэдактара «СБ» Паўла Якубовіча – «НН».] [Марат] Новікаў?
Нельга на дзецях нажывацца. Прадаваў па высокіх цэнах, а прадпрыемствам палову аддаў. Прадпрыемства стала бурыцца. Мы ў яго акцый не забіралі.
Мы яму далі пінок пад зад, і ён вылецеў з краіны. Цяпер ідзе мадэрнізацыя прадпрыемства».
12:38
«Атрымліваецца трымаць гідру пад падлогай»
Людзі ў твітары пішуць, што слова «жэстачайшэ» ўжо выкарыстана 17 разоў.
Задае пытанне «Пскоўская праўда» пра ценявую эканоміку.
«Гэта ганьба вам. Жывяце ў Беларусі. І першы раз у Беларусі», - кажа Лукашэнка журналістцы.
«Я ўпэўнены, што ценявая эканоміка ёсць у Беларусі, але пралічыць яе вельмі цяжка. У нас рыначная эканоміка. Параўноўваць з Савецкім Саюзам нельга. Ценявая эканоміка — гэта спадарожнік рыначнай эканомікі. Але нам атрымліваецца трымаць гэтую гідру пад падлогай.
Мы нядаўна арыштавалі намесніка дырэктара «Белнафтахіма» і цэлы шлэйф яго падзельнікаў. Кажуць, талковы быў чалавек».
12:20
«Як толькі мы даведваемся, што няшчасныя сем’і, мы забіраем адразу дзяцей. Без судоў. Дзе будзем шукаць грошы на дапамогу ў 10 тысяч? Адрэжам ад лекаў, ад адукацыі. Але ў цэлым падаўляльная большасць нашых шматдзетных сем’яў – нармальныя».
Кажа, што Беларусь знойдзе 350 мільёнаў даляраў на сем’і, на дапамогу. «Вашы яйцагаловыя разумнікі ў газетах – гэта ворагі. Яны Лукашэнку на дух не пераносяць», - крытыкуе Лукашэнка расійскую прэсу, якая напісала пра сямейную рэформу Лукашэнку.
«У нас няма апазіцыі, у нас ёсць пятая калона, якая за грошы зробіць усё».
«Калі я з пенсій забяру мільярд на дзяцей, то мяне зразумеюць. Я жорсткі кіраўнік, заўсёды прымушаў працаваць. У нас толькі лянівы можа не зарабіць грошай».
12:10
«Я штовечар расказваю Колю пра Сталіна і Гітлера»
На пытанне пра ўшанаванне памяці Перамогі ў Другой сусветнай вайны. «Я штовечар Колю ўкладваю спаць.
Ён кажа: «Тэлевізар глядзець нельга, давай гісторыю». Зноў пра вайну? Пра вайну! Расказваю яму пра Сталіна, пра Гітлера».
«Я ўжо перайшоў да вайны з Напалеонам. Барадзінская бітва, як яны (французы) адступалі. І вось мы ляцім на верталёце, Бярэзіна, я распавядаю пра французаў: вось тут іх утапілі, масты спалены і да таго падобнае».
Журналістка кажа, што Сямён Шапіра дзівосны чалавек. «Вы проста яўрэяў любіце!» – адказаў кіраўнік краіны.
Ці не баіцеся вы, што нараджаць пачнуць асацыяльныя элементы, калі паабяцалі 10 тысяч еўра за дзіця?
«Баюся», — адказаў Лукашэнка.
Прыводзіць гісторыю з часу, калі быў дырэктарам калгасу, пра шматдзетную сям’ю. «Я тады прыняў рашэнне ўвесці жэстачайшую дысцыпліну. Праверыў усім. Неблаганадзейныя не атрымлівалі дапамогу. Адзявалі дзяцей самі, дасылалі ў школу. Але грошы бацькам не давалі».
11:52
«Мы не адмянілі смяротнае пакаранне. Я не лічу, што гэта добра»
Пытанне ад радыё «Расіі» пра навуковае супрацоўніцтва. Журналіст кажа, што падчас прэс-туру прыбавіў у вазе. Лукашэнка запрасіў яго заўтра пагуляць у хакей.
«Адзін ваш вялікі палітык падчас калійнага канфлікту заявіў, што калій возяць з Урала, а ў нас толькі перапрацоўваць. І ён сказаў, што не дадзім больш беларусам калію! Мы не ведаем, куды свой калій дзяваць. У Еўразійскім саюзе няма той глыбіні сацыяльнай, якая была ў Савецкім Саюзе».
Пытанне ад «Тамбоўскага жыцця» пра бяспеку на мінскіх вуліцах. Кажа, «баяўся выйсці, каб па балдзе не далі».
Лукашэнка расказвае пра напад на сына мільярдэра Шакуціна. Кажа, што знайшлі нападнікаў за 4 дні. Цяпер яны чакаюць «жэстачайшага пакарання». Кажа, што ў Беларусі амаль не існуе карупцыі.
«Мы не адмянілі смяротнае пакаранне. Я не лічу, што гэта добра». Тым не менш, мяркуе, што адбываюцца такія рэчы, калі трэба яго прымяняць. Прыводзіць у прыклад тэракт у мінскім метро.
«Калі я стаў прэзідэнтам, то самая праблема была бандытызмам». Расказвае, як у пачатку прэзідэнцтва ладзіў пасткі на бандытаў. Тыя, хто супраціўляўся, распраўляліся жорстка.
«У сарцірах, канечне, не мачылі. Але нікому спуску не давалі». Гэтую гісторыю Лукашэнка расказвае ўжо не першы раз.
«Бандытаў, якія рабавалі іншамаркі, мы расстрэльвалі як маглі. У нас былі жэстачайшыя разборкі».
11:32
Палякам да сёння чэшацца ў пэўных месцах
Кажа, што ў Беларусь з Расіі за апошні час пераехала 35 тысяч грамадзян Расіі. У Расію з Беларусі – 9 тысяч.
«Калі расіянін з любога рэгіёна захоча да нас прыехаць, то – міласці просім».
Пытанне ад выдання «Красная звезда» Міністэрства абароны пра вучэнні НАТО ля мяжы з Беларуссю.
«Мы не будзем крычаць, візжаць. Будзем казаць у чалавечым ключы.
Гвалтам крычалі аб нашых вучэннях, а самі? Чаму палякі так візжалі? Палякам да сёння чэшацца ў пэўных месцах, як казаў класік, каб вярнуць амерыканскае СПА да сябе.
Польшча – гэта апора амерыканцаў у Еўропе. Гэта вядома. Яны і крычалі пра дыктатараў, каб атрымаць грошы, каб атрымаць сабе сістэму СПА.
Амерыканцы тады будуць вымушаныя падкормліваць Польшчу».
***
11:20
Пытанне ад «Першага абласнога канала» (Амурская вобласць): дзякуе Лукашэнку за дапамогу рэгіёну ад паводкі.
Лукашэнка расказвае пра губернатара Амурскай вобласці, які прылятаў яму ў госці. Нічога цікавага.
***
11:11
«Я яшчэ гаспадзінам не стаў. Хацелася б. У нас палова гаспадзінаў, а яны жабракі»,
— так Лукашэнка рэагуе на пытанне ад «саюзнага» выдання».
«Калі б не крызіс у Еўропе і свеце, то сітуацыя нават у Расіі была б іншай, а ў Беларусі дакладна іншая».
Прыводзіць у прыклад удалага супрацоўніцтва Беларусі і Расіі вайсковыя вучэнні «Захад-2013». Кажа, што яны ўзбударажылі ўсё НАТО.
«Я б не сказаў, што нашы адносіны бязвоблачныя. Былі і сутыкненні. Але выходзілі мы з іх па-сяброўску. Без вялікіх стратаў», - кажа Лукашэнка пра беларуска-расійскія адносіны.
«У эканоміцы шмат пытанняў, якія патрабуюць карэкціроўкі. Нашы ўрады патрабуюць падтрымкі. Па пытанні выхаду на Адзіны Еўразійскі саюз вельмі многа пытанняў, вельмі, ён закранае шмат пытанняў ва ўсіх дзяржавах — Беларусі, Казахстане і Расіі».
11:00
Аляксандр Лукашэнка пачаў 11-ю прэс-канферэнцыю для рэгіянальных расійскіх журналістаў вітаннямі на «спадзяюся, не чужой зямлі». Яна праводзіцца ў Нацыянальнай бібліятэцы.
Растлумачыў, дзеля чаго праводзяцца такія мерапрыемствы. Нагадаў, што ў Беларусі 2500 прадпрыемстваў з расійскім капіталам і гэтая лічба толькі павялічваецца.
Зазначыў, што таваразварот з Расіяй павялічыўся за апошнія гады ў 6 разоў. «Мы не рэтушавалі нічога, вы бачыце рэальную карціну, як Беларусь жыве штодня», — кажа ён.
«Мы ганарымся сваімі поспехамі, але і не хаваем недахопы. Нікому добра ў сучасным свеце не жывецца. Глабальны крызіс закрануў усе краіны, у тым ліку і нас. У такой сітуацыі Беларусі і Расіі лепш быць разам.
Мы не настолькі багатыя, як вы, на падаркі ад Госпада Бога. Нам няпроста», - кажа Лукашэнка.
«Мы адкрытыя на супрацоўніцтва з усімі, хто гатовы нас разумець». Кажа, што і ў Беларусі, і ў Расіі ёсць сілы, якія перашкаджаюць інтэграцыі народаў. Гаворыць, што будзе адказваць не дзеля піяру.
«Увесь мой піяр – гэта мая праца і мая работа».
«Усе, нават гадкія каналы, транслююцца на Беларусь. І парадачныя каналы, якія паказваюць «Бацька-1», «Бацька-2», таксама транслююцца».
Цяпер кіраўнік дзяржавы гатовы пачаць адказваць на «каверзныя і гадкія» пытанні.
Каментары