Літоўскі міністр прывязе Лукашэнку безымяннае запрашэнне на саміт Усходняга Партнёрства
Неперсанальнае запрашэнне — гэта намёк, каб ён не прыязджаў.
Міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус мае ўручыць Аляксандру Лукашэнку запрашэнне ў кастрычніку. Для гэтага ён наведае Мінск. Дакладная дата візіту яшчэ не вызначаная, паведаміў сёння прэм'ер Літвы Альгірдас Буткявічус.
«ЕС папрасіў міністра паехаць у Беларусь, сустрэцца з Лукашэнкам і ўручыць запрашэнне ў сувязі з сустрэчай «Усходняга партнёрства», якая будзе праходзіць 28-29 лістапада. Але ў запрашэнні не ўпісана прозвішча», — сказаў ў чацвер журналістам кіраўнік урада Літвы.
Гэта азначае празрысты намёк, каб Аляксандр Лукашэнка ўстрымаўся ад паездкі. Аналагічна, як і ў 2009 годзе, калі на Пражскі саміт Усходняга Партнёрства ад Беларусі ездзіў не ён, а віцэ-прэм'ер Сямашка.
Буткявічус нагадаў, што Лукашэнка застаецца ў візавым «чорным спісе» Еўрасаюза. Адзначым, што прычынай гэтаму былі шматлікія парушэнні правоў чалавека ў Беларусі.
Мяркуецца, што замест кіраўніка дзяржавы ў Вільню выправіцца міністр замежных справаў Беларусі Уладзімір Макей.
Місія паездкі ў Мінск дасталася Лінкявічусу, бо Літва старшынюе ў ЕС з 1 ліпеня. У 2009 годзе з аналагічнай місіяй у Мінск прыязджаў тагачасны міністр замежных справаў Карэл Шварцэнберг.
Каментары