Культура1212

Дзяніс Раманюк: Фота без вады, як хлеб без масла

У Мастацкім музеі ідзе выстава Дзяніса Раманюка «Беларусь сінявокая».

Гутарылі мы з Дзянісам у кватэры-майстэрні яго таты Міхася Раманюка, знанага этнографа, які адзін працаваў за цэлы інстытут. Не паспела я ўладкавацца ў фатэлі, як Дзяніс хуценька запытаўся пра мае ўражанні ад яго выставы і кнігі.

Дзяніс Раманюк: Бяда творчых людзей у тым, што цябе ці хваляць, ці не кажуць нічога. Я хачу, каб мяне нехта крытыкаваў, я хачу прачытаць крытычны артыкул, што «Беларусь сінявокая» — гэта, напрыклад, папсовая кніга.

«Наша Ніва»: Раскажыце, адкуль ўзялася канцэпцыя выставы і кнігі?

ДР: Для мяне фотаздымак без вады, як хлеб без масла. Вада — наш брэнд, пра які чуем паўсюль: па тэлеку, радыё, у газетах, але мы гэтага не бачым. У нас людзі хутчэй бачылі Чорнае мора, чым «сінявокую». Брэнд распіяраны, але за ім няма карцінкі. І вось некалькі гадоў таму, праглядаючы свае фотаздымкі, я заўважыў, што ў мяне ёсць тэмы, з якіх можна зрабіць асобнае выданне.

«НН»: Самі ўсё рабілі для альбома?

ДР: Так. Мяне ведаюць у першую чаргу як фатографа. І людзі, калі бяруць у рукі кнігу, пытаюць пасля: а хто табе тэксты напісаў? А макет хто рабіў? А выдавец хто? Ва ўсіх маіх кнігах, уключаючы бацькавы, дызайнер, фатограф, мастак і выдавец, а ў гэтай кнізе яшчэ і аўтар тэкстаў — я. Больш за тое, я сам сабе дырэктар і сам грузчык, кіроўца, якому трэба гэтыя альбомы развезці.

«НН»: А што ўяўляў з сябе працэс падрыхтоўкі кнігі?

ДР: Я рыхтаваў яе 5 гадоў. Для сваіх кніг я раблю сцэнар. Уяўляю, якія будуць часткі і якім будзе змест. Засяроджваюся толькі на тэме кнігі і, калі трэба, раблю дадатковыя фотасесіі. Вада ў кнізе прадстаўлена не проста ў форме рэк і азёр, а вада ўвогуле як з’ява прыроды, як раса, туман і іншае. Толькі год рабіўся макет. На год я замкнуўся, не ездзіў фатаграфаваць, бо мне падавалася, што гэта можа быць бясконца, увесь час чагосьці не хапала.

«НН»: Дзе будзе распаўсюджвацца кніга?

ДР: Кнігі ўжо ёсць ва ўсіх вялікіх кнігарнях Мінска, абласных і некаторых раённых цэнтрах. Яны даступныя шырокаму чытачу. Я той чалавек, якому патрэбна рэакцыя людзей. Калі мне творчы чалавек кажа, што ён робіць ўсё толькі для сябе і яму пляваць на меркаванні людзей, то гэта абсурд. Я хачу мець дыялог з гледачамі, а не класці ўсё ў майстэрню, пасля сустракацца з калегамі і казаць: «Ой, як усё кепска, ой, як усё ў лайне».

«НН»: Ці карыстаецеся Вы фоташопам?

ДР: Карыстаюся, але дзеля таго, каб на гэтых прыгожых фота¬здымках з берагоў азёр прыбраць аднаразовыя бутэлькі, бычкі і ўсё астатняе смецце. Калі фатограф кажа, што не карэктуе здымкі для паліграфіі — ён хлусіць.

«НН»: Вы шмат вандруеце, бачыце краіну. Можаце пацвердзіць той факт, што Беларусь такі «краіна сінявокая» і гэта не навязаны штамп?

ДР: Ёсць краіны, якія маюць значна больш азёр. Але ж кожная нацыя стварае свой міф.

«НН»: Парайце тады месца,каб пабачыць «Беларусь сінявокую».

ДР: Гэта перадусім Лепель, Ушачы, Браславы. Там найбольшая канцэнтрацыя вадаёмаў, шмат кропак, з якіх можна атрымаць добрыя панарамы.

«НН»: Чаму Вас навучылі шматлікія экспедыцыі з татам, а потым самастойныя?

ДР: Любіць сапраўдную, не гарадскую Беларусь, з яе людзьмі. Разумець іх памкненні і каштоўнасці. Гараджане — гэта людзі, сапсаваныя грашыма і дабрабытам. А там людзі працы, адносін, павагі і адказнасці перад Богам. Там няма такой хлусні, якая часта ёсць у горадзе.

«НН»: Вы жылі ў творчай сям’і, якім было дзяцінства малога Дзяніса?

ДР: Вельмі шчаслівым. Я шмат чаму ў дзяцінстве павінен свайму тату, які навучыў мяне фатаграфаваць. Я па адукацыі мастак-графік і ніколі фота не займаўся. У дзяцінстве ж мне пашчасціла фатаграфаваць на аналагавую фотакамеру і самому праяўляць стужку. Мы шчасліва жылі без айпадаў і тэлевізараў. У дзяцінстве было мора вольнага часу, які я бавіў на вуліцы, мы з сябрамі палілі вогнішча проста каля шматпавярховых панэльных дамоў. Кралі яблыкі ў суседскіх садах. Тады я жыў рэальным, паўнавартасным жыццём. Зараз жа людзі жывуць чужым жыццём, якое паказваюць па целеку і ў кінатэатрах. Жывуць гульнямі ў компіку і анлайнам у сацсетках. У іх няма рэальнага жыцця.

«НН»: Ваш лёс мастака быў прадвызначаны?

ДР: Мастаком мяне зрабілі бацькі, але я ненавідзеў маляваць, мяне нагамі запіхвалі ва ўсе самыя крутыя мастацкія школы. Як-ніяк усе сваякі былі творчымі асобамі. Спачатку мяне запіхнулі ў 26-ю школу, якая цяпер ліцэй, там я правучыўся 3 гады, пасля чаго сышоў у звычайную калдырскую школу на раён. Тады было модна спортам займацца і кожны калдыр павінен быў хадзіць у спартзалу, інакш ты быў «ачкарыкам», якога не паважалі. Бацькі пабачылі, што я сышоў у адрыў, ізноў мяне перавялі ў ліцэй, пасля яшчэ раз была звычайная школа. Ну а ў выніку мяне ўжо запіхнулі ў Парнат.

«НН»: А не было жадання стаць кімсьці іншым насуперак жаданням сваякоў?

ДР: Калі мяне засунулі ў Парнат, я трапіў у іх асяроддзе, якое каласальна на мяне паўплывала. Я трапіў з бессэнсоўнай калдырскай тусы ў асяроддзе творчых дзяцей, «задзвінутых» на мастацтве. Гэтае асяроддзе мяне пераламала, я зразумеў, што ў жыцці ёсць іншыя каштоўнасці, і я імі заразіўся. Тады я і зразумеў, што я мастак і хачу быць мастаком.

«НН»: З Беларускай акадэміі мастацтваў Вас адлічылі за непаспяховасць?

ДР: За прафесійную непаспяховасць. Я атрымаў тры двойкі па спецыяльнасці. Было рэальнае выключэнне, як непрызнанага. Трэба разумець, што ў той час адукацыя была, канечне, вельмі шаблоннай, а я не заўсёды быў шаблонным як у творчасці, так і ў паводзінах.

«НН»: Неаднаразова сутыкалася з меркаваннем, што свабода сапсуе мастацтва, падзяляеце яго?

ДР: Я бачу, што калі ў нас забаранялі вольную творчасць — людзям хацелася тварыць. Я вучыўся ў Парнаце, і ў той далёкі час нам забаранялі ўсё. Але мы тварылі, мы начамі праз вокны пералазілі ў майстэрні, на другі, трэці паверх па кратах, каб толькі памаляваць. Цяпер малюй што хочаш, акрамя адной асобы, але гэта ўжо нікому нецікава. У творчага чалавека заўсёды павінен быць канфлікт, ён павінен за штосьці змагацца.

«НН»: А каму ў нас патрэбна гэтая творчасць, маленькаму творчаму колу?

ДР: Акрамя іх, абсалютна нікому. Таму нашыя мастакі і не могуць стаць багатымі.

«НН»: І што рабіць з гэтым будзем?

ДР: Трэба працягваць «далбаць» і рабіць выставы, выдаваць кнігі. Мы павінны гэта рабіць нягледзячы ні на што і чакаць таго дня, калі тыя, у каго ёсць фінансы, прыйдуць да нас. А шараговаму чалавеку трэба толькі пажэрці і піва выпіць, і тут мы нічога не можам зрабіць. Хіба толькі колькасцю. І можа быць, як-небудзь яны трапяць на нашыя выставы, завітаўшы туды за кампанію.

Дзяніс Раманюк

Нарадзіўся ў 1970 у Мінску. Працуе як выдавец, фатограф, дызайнер, этнограф і мастак. Выдаў наступныя кнігі: фотаальбом «Беларусь» (2003), «Чарнобыль» (2006), «Мой шлях Беларусь» (2008, 2010) і «Беларусь сінявокая» (2012).

Выстава «Беларусь сінявокая»

Да 15 чэрвеня ў Нацыянальным мастацкім музеі (вул.Леніна, 20) працуе выстава Дзяніса Раманюка «Беларусь сінявокая». Зробленыя з зямлі, вады і нават з паветра 305 фотаздымкаў альбома, 25 з якіх экспануюцца на выставе, паказваюць вядомыя і схаваныя ад погляду чалавека азёры і рэкі.

Каментары12

Украінскі дэпутат на форуме «добрых рускіх»: Важна пераносіць вайну ў Беларусь78

Украінскі дэпутат на форуме «добрых рускіх»: Важна пераносіць вайну ў Беларусь

Усе навіны →
Усе навіны

Ракетным ударам украінцы знішчылі каля Данецка шасцярых афіцэраў з КНДР — Kyiv Post3

У Мазыры палаў будынак былой павятовай бальніцы пачатку XX стагоддзя4

Лукашэнка просіць выратаваць яго ад Пуціна — меркаванне Чалага35

«Для мяне гэты занятак — не каб пакласці паштоўку ці фотку ў шуфляду». Як і для чаго краязнаўца набывае старыя фатаграфіі з Беларусі1

У Іспаніі затрымалі беларуса, якога называюць адным з лідараў злачыннай міжнароднай хакерскай групоўкі

Telegram патлумачыў глабальны збой вайной на Блізкім Усходзе

Пскоўскі мастак захацеў паваяваць з бел-чырвона-белым сцягам, але нашкодзіў сабе самому8

ЕС падтрымаў значнае павышэнне пошлін на кітайскія электрамабілі

У цэнтры Брэста паставілі незвычайны арт-аб'ект

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Украінскі дэпутат на форуме «добрых рускіх»: Важна пераносіць вайну ў Беларусь78

Украінскі дэпутат на форуме «добрых рускіх»: Важна пераносіць вайну ў Беларусь

Галоўнае
Усе навіны →