Свет

Лукашэнка крытыкаваў за адмову ўвесці войскі ў Кыргызстан. Што не так з АДКБ і з якімі мэтамі яе выкарыстоўваюць

30 гадоў таму ў Ташкенце быў падпісаны Дагавор аб калектыўнай бяспецы, а 20 гадоў таму была створаная адпаведная міжнародная арганізацыя. Здавалася б, першапачаткова яна стваралася для абароны сваіх членаў ад знешняй агрэсіі. Але на практыцы ўсё аказалася іначай: АДКБ пасылае ў Казахстан так званы міратворчы кантынгент для падаўлення народнага паўстання, каб выратаваць аўтарытарную ўладу, але пры гэтым нічога не робіць, калі член блока Арменія знаходзіцца ў стане фактычнай вайны з Азербайджанам. Акрамя таго, з Азербайджанам, ворагам Арменіі, блізкія адносіны падтрымліваюць фармальныя саюзнікі: Беларусь і Казахстан. Больш за тое, паміж самімі членамі АДКБ часам узнікаюць канфлікты, у тым ліку вайсковыя, з вялікімі ахвярамі. Разбіраемся, што такое АДКБ і што не так з гэтай міжнароднай арганізацыяй.

Што такое АДКБ і навошта яе стваралі?

Гісторыя АДКБ пачалася ў 1992 годзе, калі Арменія, Казахстан, Кыргызстан, Расія, Таджыкістан і Узбекістан падпісалі ў Ташкенце Дагавор аб калектыўнай бяспецы (ДКБ). Пазней да дагавора далучыліся Беларусь, Грузія і Азербайджан. А вось у 2002 годзе на базе дагавора стварылі паўнавартасную міжнародную арганізацыю — АДКБ (Арганізацыя дагавора аб калектыўнай бяспецы).

Зараз у АДКБ засталося шэсць дзяржаў: Арменія, Казахстан, Кыргызстан, Расія, Таджыкістан і Беларусь. Самы галоўны прынцып дзейнасці арганізацыі калектыўнай бяспекі — напад на аднаго з членаў па статуце лічыцца нападам на ўсіх. Такім чынам, фармальна АДКБ гэта ваенна-палітычная арганізацыя, якая павінна калектыўна абараняцца ў выпадку ўзнікнення нейкай знешняй пагрозы.

Стваралася яна на фоне падзення СССР, у тым ліку каб захаваць вайсковы ўплыў Масквы на постсавецкай прасторы.

У 2009 годзе на базе арганізацыі з'явілася сумеснае войска — Калектыўныя сілы аператыўнага рэагавання (КСАР). 

Галоўнай мэтай АДКБ з'яўляецца адбіццё пагроз бяспекі і стабільнасці, абарона тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту дзяржаў-членаў, фармальна без умяшання ў іх унутраныя справы. Вайсковыя базы дзяржаў, якія не ўваходзяць у арганізацыю, размяшчаюцца на тэрыторыях членаў АДКБ толькі са згоды ўсіх партнёраў па блоку.

Члены АДКБ не могуць уступаць у ваенныя саюзы з трэцімі краінамі, а таксама ўдзельнічаць у дзеяннях, накіраваных супраць іншых краін арганізацыі.

Агрэсія ў дачыненні да аднаго з удзельнікаў АДКБ (узброены напад, пагроза бяспецы, стабільнасці, тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту) разглядаецца як агрэсія супраць усіх членаў дагавора.

Паводле дамовы АДКБ, у выпадку ўзброенага нападу, які пагражае бяспецы і тэрытарыяльнай цэласнасці, на любую з дзяржаў-членаў АДКБ, усе ўдзельнікі арганізацыі па просьбе гэтай дзяржавы «неадкладна дадуць ёй неабходную дапамогу, у тым ліку ваенную».

З 1 студзеня 2020 года пост Генеральнага сакратара АДКБ займае прадстаўнік Беларусі Станіслаў Зась.

Беларусь і АДКБ

У пачатку 1990-х гадоў у Беларусі не было адзінства адносна таго, ці варта Беларусі падпісваць дагавор. Старшыня Вярхоўнага Савета Станіслаў Шушкевіч, БНФ і некаторыя іншыя дэмакратычныя сілы адстойвалі ідэю нейтралітэту, якая была прапісаная ў Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце.

А вось прэм'ер-міністр Вячаслаў Кебіч і большасць дэпутатаў Вярхоўнага Савета былі прыхільнікамі цеснага супрацоўніцтва з Расіяй, у тым ліку ў рамках ДКБ. Лабіраваў падпісанне дагавора таксама ваенна-прамысловы комплекс Беларусі, які працягваў залежыць ад расейскіх прадпрыемстваў.

9 красавіка 1993 года на пасяджэнні Вярхоўнага Савета было прынята рашэнне падпісаць Дамову аб калектыўнай бяспецы.

Пасля вострых дэбатаў спікера парламента Шушкевіча вымусілі ратыфікаваць дакумент 31 снежня 1993 года. Пры гэтым Вярхоўны Савет пацвердзіў «імкненне Рэспублікі Беларусь да набыцця статусу нейтральнай краіны».

Шушкевіч тады, праўда, зрабіў агаворкі, што беларускія вайскоўцы не могуць знаходзіцца на тэрыторыі іншых краін, як забаранялася і размяшчэнне ды выкарыстанне іншых войскаў на тэрыторыі Беларусі. Аднак пазней Беларусь адмовілася ад гэтых агаворак.

Праблемы АДКБ

Яшчэ ў 1990-я гады сярод краін, падпісаўшых дагавор, не было адзінства, на той момант ДКБ так і не стала паўнавартаснай міжнароднай арганізацыяй.

Арменія і Азербайджан як тады, так і цяпер знаходзіліся, па сутнасці, у стане вайны адно з адным. Азербайджан, у сувязі з канфліктам з Арменіяй у Нагорным Карабаху, лічыў, што дамова неэфектыўная. Грузія ўвайшла ў адкрытую канфрантацыю з Масквой. Узбекістан ніяк не мог вызначыцца са знешепалітычнымі арыенцірамі, і то выходзіў з дамовы, то зноў да яе вяртаўся. Усё гэта прывяло да таго, што ў АДКБ цяпер не ўдзельнічаюць Азербайджан, Грузія і Узбекістан.

Таксама Расія разлічвала на ўдзел у АДКБ Украіны, але яна выбрала для сябе еўраатлантычную інтэграцыю. У выніку ўдзел Украіны ў АДКБ стаў цалкам неактуальным пытаннем пасля таго, як галоўнай вайсковай пагрозай для яе стала сама Расія. Аналагічнай была сітуацыя з Грузіяй. 

Паўнавартасная праца АДКБ неаднаразова ставілася ў залежнасць ад бягучай палітычнай або эканамічнай сітуацыі. У 2009 годзе ўзнік скандал вакол перамоваў аб стварэнні Калектыўных сіл аператыўнага рэагавання (КСАР), асноўнай баявой сілы АДКБ.

Тады паміж Расіяй і Беларуссю ўзнікла так званая «малочная вайна», Мінск спачатку адмовіўся ўдзельнічаць у пасяджэнні АДКБ з аргументам, што вайсковая бяспека немагчымая без эканамічнай.

У чэрвені 2010 года прэзідэнт Кыргызстана Роза Атунбаева звярнулася да АДКБ праз абвастрэнне ўнутрыпалітычнай сітуацыі, выкліканай міжэтнічным канфліктам паміж кіргізамі і ўзбекамі на поўдні краіны. Улады Кыргызстана тады папрасілі ўвесці на яго тэрыторыю часткі Калектыўных сіл аператыўнага рэагавання.

Аднак арганізацыя не стала ўжываць вайсковыя сілы, спаслаўшыся на тое, што канфлікт з'яўляецца ўнутранай справай Кыргызстана.

Расійскі прэзідэнт Дзмітрый Мядзведзеў тады сказаў, што «крытэрыем для задзейнічання сіл АДКБ з'яўляецца парушэнне той ці іншай дзяржавай ці якімі-небудзь недзяржаўнымі ўтварэннямі межаў іншай дзяржавы — удзельніка АДКБ. Пакуль пра гэта гаворка не ідзе, таму што ўсе праблемы Кыргызстана караняцца ўнутры. Караняцца ў слабасці ранейшай улады, у іх нежаданні займацца патрэбамі народа. Я разлічваю на тое, што ўсе праблемы, якія сёння існуюць, будуць вырашаныя ўладамі Кыргызстана».

«Увод войскаў мог бы справакаваць яшчэ большае абвастрэнне сітуацыі ў рэгіёне ў цэлым», — адзначыў тады кіраўнік АДКБ Мікалай Бардзюжа.

Чамусьці ў сітуацыі з Казахстанам АДКБ кіравалася іншай логікай.

Таксама АДКБ ніяк не адрэагавала на Другую карабахскую вайну, у якой дэ-факта ўдзельнічала Арменія. У арганізацыі спаслаліся на тое, што тэрыторыя Нагорнага Карабаха фармальна з’яўляецца азербайджанскай.

Але гэта было даволі дзіўным апраўданнем, таму што сутыкненні і інцыдэнты з удзелам Азербайджана здараліся і на тэрыторыі самой Арменіі — туды заляталі азербайджаскія ракеты. Адзін з такіх інцыдэнтаў прызнаваў нават сам Азербайджан. І ніякай рэакцыі ад АДКБ таксама не было.

14 мая 2021 года прэм’ер Арменіі Нікол Пашынян афіцыйна звярнуўся ў АДКБ з просьбай пачаць кансультацыі ў адпаведнасці з артыкулам 2 дамовы пасля таго, як 12 мая Мінабароны Арменіі паведаміла, што ўзброеныя сілы Азербайджана перасеклі дзяржаўную мяжу Арменіі, прайшоўшы ўглыб на 3,5 км.

3 ліпеня генеральны сакратар АДКБ Станіслаў Зась паведаміў, што абвастрэнне сітуацыі з'яўляецца «памежным інцыдэнтам» і не падпадае пад палажэнні дамовы аб калектыўнай бяспецы. 

Ерэван вельмі спадзяваўся на дапамогу АДКБ, але парадаксальным чынам большую салідарнасць атрымаў не ад Лукашэнкі ці Пуціна, а ад амерыканцаў і французаў, быццам Арменія член НАТА, а не АДКБ. 

​​Не стала ўмешвацца АДКБ і ў сітуацыю ў Таджыкістане, калі трохтысячны экспедыцыйны корпус урадавых войскаў спрабаваў знішчыць групоўку ўзброенай апазіцыі, якая базавалася ў Горна-Бадахшанскай аўтаномнай вобласці.

«Гэта цалкам тычыцца ўнутранага жыцця Таджыкістана і не патрабуе ўмяшання Калектыўных сіл, — казаў тады генеральны сакратар АДКБ Мікалай Бардзюжа. — Сілавыя структуры Таджыкістана дзеяздольныя і праблемы ў Горным Бадахшане здольныя вырашаць самастойна».

Словы Бардзюжы прагучалі ў адказ на заяву Лукашэнкі: «Таджыкістан — член нашай арганізацыі, і зварот прэзідэнта без увагі пакінуць нельга». Высветлілася, што можна.

Арганізацыя не проста не абараняе сваіх членаў ад знешніх пагроз, але нават няздольная прадухіліць канфлікты паміж сваімі членамі.

Летась паміж Кыргызстанам і Таджыкістанам здарыўся памежны канфлікт з дзясяткамі забітых, сотнямі параненых людзей, шматлікімі зруйнаванымі дамамі. Прычым гэтыя два члены АДКБ абстрэльвалі адзін аднаго з мінамётаў і БМП толькі з-за таго, што адна з іх вырашыла павесіць на спрэчнай тэрыторыі камеры відэаназірання.

А што можна казаць пра патэнцыйныя канфлікты па больш сур’ёзных і прынцыповых пытаннях? 

Акрамя варожасці паміж Кыргызстанам і Таджыкістанам, Казахстан і Беларусь падтрымліваюць шчыльныя гандлёвыя і вайсковыя адносіны з супернікам Арменіі — Азербайджанам. Усе памятаюць пра пастаўкі беларускай зброі ў Азербайджан.

Лукашэнка пасля вайны ў Карабаху нават прылятаў у Баку і фактычна віншаваў кіраўніка Азербайджана Ільхама Аліева з вынікам вайны, па выніках якой Азербайджан вярнуў пад свой кантроль значныя тэрыторыі, якія раней кантралявалі армяне — саюзнікі Беларусі па АДКБ.

«Гэта важнае палітычнае рашэнне, якое павінна стаць асновай трывалага міру ў рэгіёне, — падкрэсліў тады Аляксандр Лукашэнка. — З чым я хачу павіншаваць народ Азербайджана і народ Арменіі — са сканчэннем гэтай страшнай трагедыі, якая доўжылася 30 гадоў».

Многія планы па развіцці АДКБ застаюцца на ўзроўні заяў. Напрыклад, адзіную сістэму СПА абяцалі стварыць яшчэ ў 2009 годзе, Сітуацыйны цэнтр АДКБ анансавалі ў 2011 годзе. У 2021 годзе заявілі аб перспектыўнасці стварэння адзіных аб'яднаных сістэм сувязі, разведкі і СПА, аднак аб канкрэтных тэрмінах не паведамлялася. 

Таксама арганізацыю крытыкуюць за то, што яна служыць інтарэсам Расіі, для замацавання яе ўплыву на постсавецкай прасторы, для прыкрывання азіяцкага, каўказскага і заходняга напрамкаў. Пры тым, што ў іншых членаў АДКБ ёсць свае рэгіянальныя інтарэсы, якія нават не перасякаюцца.

Калі браць краіны Цэнтральнай Азіі, то яны зацікаўленыя ў тым, каб сілы АДКБ перш за ўсё выкарыстоўваліся ў барацьбе з рэлігійным экстрэмізмам і тэрарызмам, а таксама для забеспячэння бяспекі межаў Афганістана, у Арменіі ж свой інтарэс, звязаны з аховай яе межаў у супрацьстаянні з Турцыяй і Азербайджанам.

А афіцыйны Мінск бачыць АДКБ як інструмент падаўлення народных выступленняў.

АДКБ гэта не пра калектыўную бяспеку, а пра абарону самой Расіі ад пагрозаў рэальных і ўяўных. АДКБ цяжка назваць саюзам, хутчэй гэта сукупнасць вайсковых адносін Расіі з іншымі сябрамі АДКБ. 

Але Расія таксама незадаволеная АДКБ, таму што саюзнікі па арганізацыі доўгі час так і не прызнавалі анексію Крыма законнай. Пра якую калектыўную бяспеку можа ісці гаворка, калі амаль усе краіны-члены АДКБ не прызнаюць Крым расійскай тэрыторыяй? Як яны сябе будуць паводзіць, калі здарыцца паўнавартасная вайна паміж Расіяй і Украінай? 

Яшчэ адна праблема АДКБ — адсутнасць каштоўнасцяў, якія аб’ядноўвалі б яе членаў.

Калі вайсковы блок НАТА аб’ядноўваюць каштоўнасці ліберальнай дэмакратыі, то ў АДКБ ніякіх каштоўнасцяў, акрамя кансервацыі аўтакратычных рэжымаў, няма. 

Даўняя мара Лукашэнкі

Тое, што сілы АДКБ варта выкарыстоўваць не па прызначэнні, для падаўлення дзяржаўных пераваротаў і выступленняў дэмакратычнай апазіцыі, пра гэта даўно гаварыў Лукашэнка.

Ён у свой час моцна крытыкаваў арганізацыю за тое, што яна не ўвяла войскі ў Кыргызстан і «не навяла там парадак». Беларускі палітык тады назваў бесперспектыўнай далейшую дзейнасць гэтай арганізацыі, бо яна не рэагавала на «дзяржаўны пераварот у адной з краін-удзельніц».

У 2011 годзе Лукашэнка выступіў з ініцыятывай выкарыстоўваць КСАР для прадухілення дзяржаўных пераваротаў.

«Таму што вайной, фронтам, ніхто на нас не пойдзе, а вось канстытуцыйны пераварот здзейсніць — рукі свярбяць у многіх», — адзначыў тады ён.

І, здаецца, да Лукашэнкі прыслухаліся.

Праўда, ваенны аналітык Ягор Лебядок у каментары DW звяртае ўвагу на юрыдычныя нестыкоўкі з адпраўкай сіл АДКБ у Казахстан.

Рэч у тым, што туды фармальна адправілі менавіта «міратворчыя сілы», хоць у распараджэнні АДКБ ёсць Калектыўныя сілы аператыўнага рэагавання (КСАР).

«Міратворчая місія прадугледжвае наяўнасць двух канфліктуючых бакоў і іх згоду на аперацыю. А КСАР як раз прызначаны для барацьбы з тэрарызмам, аб чым і кажа прэзідэнт Такаеў. Але тут ёсць момант піяру — калі адправіць КСАР, то гэта будзе выглядаць як падаўленне народнага паўстання, агрэсія і акупацыя. А міратворцы надаюць АДКБ імідж добрай арганізацыі, якая дапамагае».

Аналітык Лебядок таксама кажа, што сілы АДКБ проста вызваляюць сілавыя структуры Казахстана для падаўлення пратэстаў: беларускіх вайскоўцаў на нейкія сур'ёзныя аб'екты не пашлюць. 

«Натуральна, асноўны кантынгент — гэта расейскія вайскоўцы.

Скажу груба: беларусы, армяне, таджыкі там нікому не патрэбныя, гэта проста палітычная шырма, яны там стаяць «для прыгажосці».

Проста ў казахаў ёсць здаровы нацыяналізм, і чыста расейскія войскі былі б успрынятыя як непасрэдная акупацыя. Таму і зрабілі шырму ў выглядзе місіі АДКБ».

Каментары

Жыхарцы Магілёва пагражаюць крыміналкай за тое, што зняла ранішнюю чаргу ў рэгістратуру3

Жыхарцы Магілёва пагражаюць крыміналкай за тое, што зняла ранішнюю чаргу ў рэгістратуру

Усе навіны →
Усе навіны

У Пінску закрылі буйны махлярскі кол-цэнтр. Пацярпелых — амаль 50 тысяч чалавек4

Перад прыездам Лукашэнкі ў Пакістан там забаранілі агульнанацыянальны марш апазіцыі. Тысячы затрыманых5

Пачынаецца суд над святаром Генрыхам Акалатовічам. Яму пагражае да 15 гадоў

Матацыкліст зачапіў тварам дрот, нацягнуты паміж дрэў у лесе пад Гродна6

Фізічныя практыкаванні дапамагаюць аднавіць нервовыя клеткі. Вось як гэта ўдалося даказаць1

У Вільні грузавы «Боінг» упаў на двухпавярховы жылы дом і загарэўся. Ёсць загінулыя3

8 нагод наведаць самы маленькі горад Беларусі5

У Турцыі пасля пасадкі загарэўся расійскі пасажырскі Sukhoi Superjet 100. Каторы раз такое з гэтым самалётам2

Качалоўская: На «Міс Сусвет» я зразумела, што такое жаночая жорсткасць. А ў прыбіральню нас вадзілі ахоўнікі10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Жыхарцы Магілёва пагражаюць крыміналкай за тое, што зняла ранішнюю чаргу ў рэгістратуру3

Жыхарцы Магілёва пагражаюць крыміналкай за тое, што зняла ранішнюю чаргу ў рэгістратуру

Галоўнае
Усе навіны →