«Мы шукаем рашэнне, якое б задаволіла ўсіх», — кажа Інгрыда Шыманіце.
Прэм'ер Літвы Інгрыда Шыманіце заявіла, што ўрад краіны не плануе спыняць транзіт беларускага калію «любой цаной». Яе словы перадае тэлерадыёкампанія LRT.
«Мы шукаем рашэнне, якое, з аднаго боку, захавае рэпутацыю нашай дзяржаўнай кампаніі [Літоўскія чыгункі], у тым ліку ў вачах нашых саюзнікаў, а з другога боку, абароніць урад і дзяржаву ад неабгрунтаваных прэтэнзій або фінансавай шкоды», — заявіла прэм'ер.
Па словах Шыманіце, літоўскі ўрад пастараецца выпрацаваць такое рашэнне, якое можна будзе «абараніць у судзе».
На гэтым тыдні ў «Беларуськаліі» заявілі, што ў выпадку спынення транзіту Літва сутыкнецца са шматмільярднымі пазовамі ад кліентаў беларускай кампаніі.
Урад Літвы абяцае прыняць канчатковае рашэнне на працягу трох тыдняў.
Скандал з беларускімі грузамі разыграўся ў пачатку снежня, калі ўступілі ў дзеянне санкцыі ЗША. Грузы працягваюць пастаўляцца ў Клайпеду.
Каментары