У Осла адкрылі 13-павярховы музей мастака Эдварда Мунка. Адну яго карціну вы ведаеце дакладна
На набярэжнай Осла 22 кастрычніка адкрыўся новы музей, прысвечаны нарвежскаму мастаку Эдварду Мунку, піша Reuters. Праект 13-павярховага будынка вышынёй 57 метраў распрацавала іспанскае архітэктурнае бюро Estudio Herreros.
У новым памяшканні 11 выставачных залаў. Яно ў пяць разоў большае за ранейшы музей Мунка, які працаваў у Осла з 1963 года. У новай установе будзе захоўвацца самая вялікая ў свеце калекцыя работ мастака, у тым ліку тры версіі яго знакамітай карціны «Крык». Акрамя твораў Мунка тут будуць паказваць палотны аўтараў, на якіх паўплывала яго творчасць.
Верхняя частка будынка нахіленая ў бок гістарычнага цэнтра Осла, што, паводле задумы стваральнікаў, сімвалізуе прывітанне. Збудаванне ўзвышаецца над оперным тэатрам, бібліятэкай і жылымі дамамі — усё гэта было пабудавана ў апошнія гады ў рамках праекта рэканструкцыі горада.
Вестыбюль музея падзелены на дзве часткі: адна адведзена пад гандлёвыя плошчы, другая прызначана для адпачынку наведвальнікаў і правядзення мерапрыемстваў. Тут будуць праходзіць канцэрты, лекцыі і майстар-класы. На верхнім паверсе размешчаны рэстаран і назіральная пляцоўка з відам на горад.
У 2018-м Музей Мунка выклаў у адкрыты доступ анлайн-архіў графікі мастака. Калекцыя налічвае каля 7,6 тысячы работ і ўключае ў сябе дзіцячыя малюнкі, кніжныя ілюстрацыі, карыкатуры і накіды, выкананыя Мункам у розныя гады.
Каментары