Стась Карпаў назваў Пазняка «бяздушным хлусам», а Саннікава — «зларадным тролем»
«Чувак шмат гадоў, як кашчэева яйка, прасядзеў у нафталінавай скрынцы. Напэўна, ён шмат думаў пра свой стан і перспектывы. Перажываў і небеспрычынна пакутаваў. І тут. Раптам. Падзея. Ціханоўская збірае галасы за нейкія там перамовы з уладамі, — піша ў сябе ў фэйсбуку Стась Карпаў. — І што ты робіш? Пішаш задуменны пост, у якім мякка ўказваеш на несвоечасовасць ці бесперспектыўнасць гэтага занятку? Ці, можа быць, на правах больш дасведчанага дыпламата прапануеш чалавеку, які на твой асабісты адрас (як і на адрас любога апазіцыйнага беларускага палітыка) ні разу не дазволіў сабе ніякага хамства, — нейкае больш перспектыўнае прымяненне ягонаму электаральнаму рэйтынгу? Не. Ты посціш катлеткі».
Нагадаем, што катлеты ў сябе ў фэйсбуку як рэакцыю на ініцыятыву Святланы Ціханоўскай па зборы подпісаў пад зваротам да ўладаў за мірныя перамовы аб змене сістэмы запосціў экс-кандыдат у прэзідэнты Андрэй Саннікаў. Пасля крытыкі на свой адрас ён гэты пост выдаліў.
«То-бок ты са сваёй нафталінавай скрыні хочаш пры дапамозе гэтай жалю вартай фоткі не проста выскачыць, але адразу ўзяць такую, — піша Стась Карпаў, — вышыню, з якой можна пляваць Ціханоўскай на самую макаўку».
На думку Карпава, «гэта мярзотна. Сядзець на сваёй бюджэтнай канапе і сачыць за драматычнай гісторыяй падзенняў, уставанняў на калені, уздымаў, новых падзенняў, пераадолення, сталення — каб пасля праз губу намякнуць, што ўся гэтая гісторыя — гэта гісторыя чалавека, які «лепей бы ля пліты стаяў»?» — абураецца Карпаў.
«Калі ты збіраўся не так даўно быць прэзідэнтам для ўсіх, аб'яднаць нацыю і кудысьці там яе павесці, а пасля скончваеш кар'еру бессаромным, бяздушным хлусам і параноікам — як Зянон Станіслававіч, альбо пошлым і зларадным тролем — як Андрэй Алегавіч, — то ці такая ўжо несправядлівасць здарылася з табой, раз табе не далі шанца? Думаю, не, — падсумоўвае Стась Карпаў. — Ні з Саннікавым, ні з Пазняком, прынамсі ў кармічным сэнсе, не здарылася ніякай несправядлівасці».
Чытайце таксама: Стась Карпаў: Для чаго былі ўсе хаджэнні і што самае важнае далей
Ініцыятыва Святланы Ціханоўскай па зборы подпісаў пад зваротам да ўладаў за мірныя перамовы аб змене сістэмы ў краіне выклікала крытыку радыкальнай часткі апазіцыі, у тым ліку экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава і рэдактаркі «Хартыі-97» Наталлі Радзінай, якія выступаюць за больш радыкальныя дзеянні, хоць самі застаюцца за мяжою. У той жа час шырокія колы грамадскасці ідэю Ціханоўскай падтрымалі. За 4 дні зварот падпісалі больш за 670 тысяч чалавек — гэта абсалютны рэкорд для падобнага роду палітычных зваротаў.
У сваю чаргу, лукашэнкаўцы адказалі на зварот Ціханоўскай хваляй ачарнення, а таксама блакаваннем сайта платформы «Голас», на базе якой адбываецца збор подпісаў. Пры гэтым заблакаваць старонкі «Голасу» ў тэлеграме і вайберы ў лукашэнкаўцаў тэхнічнай магчымасці няма.
Каментары