Статкевіч: Увечары у мяне пачалася хуткая і вострая алергічная рэакцыя. У выпадковасць не веру
Палітык Мікола Статкевіч расказаў пра дзіўны выпадак, які здарыўся з ім увечары 19 снежня.
«Позна вечарам у мяне пачалася вельмі хуткая і вострая алергічная рэакцыя. Пачаўся ацёк дыхальных шляхоў. Жонка — урач. Не марудзіла ні хвіліны — знайшла ў хатняй аптэчцы антыалергічны прэпарат для ін’екцый, разламала капсулу і дала выпіць. Спыніла працэс да прыезду «хуткай».
Дзяўчаткі, што прыехалі і зрабілі ін’екцыі — дзякуй ім. Ад шпіталізацыі я адмовіўся.
Не ведаю, як да мяне дабраліся, але ў выпадковасць гэтага інцыдэнта менавіта ў такі дзень не веру. Раней такога са мной ніколі не здаралася. Звычайнае харчовае атручванне выключаю — еў за некалькі гадзін перад гэтым і толькі раней выпрабаваную мной ежу», — напісаў ён на Hramada.org.
Статкевіч сцвярджае, што алергічная рэакцыя з такімі ж сімптомамі была некалькі месяцаў таму ва Уладзіміра Някляева «пасля візіта аднаго нібыта беларускага эмігранта».
Каментары