Фільм «Джокер» (Joker) амерыканскага рэжысёра Тода Філіпса сабраў у ЗША $ 93,5 млн у першы ўікэнд пракату, пішуць інфармагенцтвы.
Стужка змагла такім чынам усталяваць рэкорд, стаўшы самай прыбытковай па выніках першага ўікэнда з ліку ўсіх фільмаў, якія выпускаліся калі-небудзь у кастрычніку. На працягу апошняга года гэты рэкорд утрымліваў фантастычны фільм «Веном» (Venom, 2018) Рубена Фляйшэра з Томам Хардзі у галоўнай ролі. Яму ўдалося сабраць у пракаце $ 80 млн за першыя выходныя.
У міжнародным пракаце стужка пра Джокера сабрала $ 140,5 млн. Яна была паказаная ў 22,5 тыс. кінатэатраў у 73 краінах свету.
Карціна распавядае гісторыю Джокера - галоўнага антаганіста супергероя Бэтмэна з коміксаў выдавецтва DC Comics. 7 верасня «Джокер», галоўную ролю ў якім выканаў трохразовы намінант на прэмію «Оcкар» Хаакін Фенікс, быў уганараваны «Залатым ільвом Святога Марка» 76-га Венецыянскага кінафестывалю.
Крытыкі прадказваюць гэтай працы, якая ніяк не звязаная з папярэднімі фільмамі пра Бэтмэна, намінацыю на «Оскар».
Каментары