Выбітны праваслаўны святар, тэолаг і беларусазнаўца з Падляшша (Польшча) памёр на 77-ым годзе жыцця пасля працяглае і цяжкай хваробы. Гэта адбылося сёння, 6 студзеня, у 9:15 паводле польскага часу ў беластоцкім шпіталі, паведамляе Радыё Рацыя.
Свайго даўняга сябра згадвае праграмны дырэктар радыё Юры Ляшчынскі:
«Перш найперш хачу выказаць спачуванні сям’і і блізкім айца Рыгора Сасны. Не стала чалавека, які быў вельмі заслужаны, вельмі вартасны для беларускай культуры, для праваслаўя ў Польшчы і не толькі. Гэта мой зямляк, бо я нарадзіўся ў Орлі, а ён нарадзіўся ў Шэрнях – гэта ўсяго 3 кіламетры ад мяне. Ён хадзіў у школу ў Орлю, куды і я хадзіў. Ягоная матушка Антаніна з Рэдут – суседняя вёска, 5 кіламетраў ад Орлі. Мы з адной ваколіцы. Айцец Рыгор вельмі любіў сваю ваколіцу, вельмі любіў Беласточчыну і шмат пісаў, шмат плённай працы публікаваў у сваіх кніжках, манаграфіях праваслаўных прыходаў і на старонках тыднёвіка беларусаў у Польшчы «Ніва» – менавіта пра Беласточчыну, пра праваслаўе на Беласточчыне, пра праваслаўна-каталіцкія суадносіны, пра гісторыю».
Кажа святар, журналіст Кастусь Бандарук, які ведаў айца Рыгора яшчэ з канца 70-х гадоў:
Калі б айцец Рыгор Сасна быў толькі звычайным парафіяльным святаром, яго імя не запісалася б гэтак у гісторыі, як ужо запісалася дзякуючы яго навуковай дзейнасці. Айцец Рыгор Сасна абсалютна ўнікальны чалавек у маштабах Польскай Праваслаўнай Царквы, цягам прыблізна паўстагоддзя ён зацікавіўся царкоўнай гісторыяй і гэта стала для яго не проста хобі, а нейкай задачай. Ён вырашыў, што трэба ўзнавіць мінуўшчыну і паказаць гэта наступным пакаленням.
Пра свайго калегу кажа прафесар, гісторык Антон Мірановіч:
– Айцец Рыгор Сасна быў не толькі выдатны святар, але і цудоўны навуковец, які нас – маладое пакаленне, вучыў разумець і глядзець на гісторыю сваёй царквы, бачыць вачыма не толькі сённяшняга дня, але і крыніцамі. Рыгор быў таксама выдатным чалавекам, які заўсёды дапамагаў людзям, асабліва маладым, якія займаліся не толькі навукай, але і пачыналі сваё асабістае жыццё. Кожны з нас мае духоўны доўг адносна айца Рыгора. Ён заўсёды быў з намі, ён ніколі не адмаўляў у дапамозе, заўсёды меў адчыненыя дзверы. Ён заўсёды запрашаў спачатку ў Семятычы, а пазней у Рыбалы. Казаў: «Памятайце, што па дарозе ёсць мой прыход, мая плябанія. Прыязджайце проста пагутарыць, пабыць з сабой». Гэта быў узор духоўніка, узор чалавека, узор цудоўнага чалавека, які пакінуў нам вялізныя навуковыя веды пра гісторыю сваёй царквы і нашай беларускай грамадскасці.
Рыгор Сасна нарадзіўся ў 1939 годзе ў Шэрнях каля Орлі. Святарскую службу пачаў у 1960 годзе ў Кальнікове. У той час ён зацікавіўся гісторыяй Праваслаўнай Царквы.
Сваё святарскае служэнне: у Кодні, Семятычах і затым цягам апошніх 27 гадоў у парафіі ў Рыбалах айцец Рыгор спалучаў з навуковай працай.
Ён апублікаваў каля 30-ці кніжак, сотні артыкулаў, у прыватнасці датычных гісторыі Праваслаўнай Царквы на тэрыторыі Рэчы Паспалітай, як і асобных парафій. Айцец Рыгор Сасна заўсёды адчуваў сябе свядомым беларусам. Ён ахвотна супрацоўнічаў з Радыё Рацыя. Разам з Матушкай Антанінай ён стварыў у Рыбалах этнаграфічны музей «Бацькаўшчына».
Каментары