Закон не забараняе гэтага рабіць.
У акруговыя выбарчыя камісіі паступіла 440 заяваў на рэгістрацыю ініцыятыўных груп патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты палаты прадстаўнікоў пятага склікання. Менавіта гэту лічбу назваў сёння «Свабодзе» сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік. Але насамрэч патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты прыблізна на сто менш, чым ініцыятыўных групаў.
Былы кандыдат у прэзідэнты Беларусі Мікола Статкевіч стаў своеасаблівым рэкардсмэнам. Ад яго імя пададзеныя заяўкі на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў у 56 акругах.Яшчэ адзін былы прэтэндэнт на пасаду кіраўніка беларускай дзяржавы Алесь Міхалевіч пажадаў зарэгістраваць свае групы ў 18 мінскіх выбарчых акругах. Трэці ў гэтым спісе — прадстаўнік партыі «Справядлівы свет» Аляксандар Ірхо. Ён хоча зарэгістраваць свае ініцыятыўныя групы ў 11 акругах Магілёўскай вобласці. 12 грамадзян агулам жадаюць зарэгістраваць групы сваёй падтрымкі ў 107 акругах.
Выбарчае заканадаўства, тлумачыць сакратар ЦВК Мікалай Лазавік, не забараняе гэта рабіць:«Ніякага парушэння тут няма. Грамадзянін можа вылучацца ў некалькіх выбарчых акругах. Але зарэгістраваны ён можа быць толькі ў адной акрузе».
Актыўнасьць Міколы Статкевіча і Алеся Міхалевіча можна зразумець, адзначае кіраўнік Цэнтра еўрапейскай інтэграцыі Андрэй Ягораў: «Я думаю, што гэта вельмі розныя сітуацыі — Статкевіча і Міхалевіча. Міхалевіч фактычна знаходзіцца ў эміграцыі. І ён праз свае ініцыятыўныя групы спрабуе яшчэ раз агучыць сваё імя ў палітыцы і абазначыць сваю прысутнасць у Беларусі».
У Міколы Статкевіча, на думку спадара Ягорава, крыху іншая матывацыя: «Сяргей Чыслаў рабіў прыкладна тое ж самае пасля таго, як адбыў тэрмін у следчым ізалятары КДБ па абвінавачванні ў тэрарыстычных выбухах на 3 ліпеня. Ён выйшаў і пайшоў тады дэманстратыўна ў дэпутаты. Сяргей хацеў скарыстаць гэтую магчымасць і данесці да людзей інфармацыю пра несправядлівасць у дачыненні да яго. А таксама паказаць, што ён не скораны сваім вязеннем.
Тое ж самае дэманструе і Статкевіч.
Гэта дэманстратыўны крок вельмі мужнага чалавека, які лічыць сябе ні ў чым не вінаватым і годным для таго, каб быць палітычным лідарам нават у такой сітуацыі, у якой ён знаходзіцца».
Міколу Статкевіча вылучалі больш як па 56 акругах, кажа ягоная жонка Марына Адамовіч: «71 акруга, паводле самых сціплых падлікаў. Праўда, у некаторых акругах адмовіліся прымаць дакументы. Але гэта не 15 акруг, значна меней. У Бабруйску іх проста парвалі і выкінулі ў сметніцу. У Брэсце ў адной адмовілі, у Гродне — таксама, у Гомелі, здаецца, у трох…
Якія асноўныя мэты мы ставілі гэтай акцыяй? Найперш — нагадаць грамадству, што ў нашай краіне ёсць палітвязні, што за кратамі знаходзіцца кандыдат у прэзідэнты Мікола Статкевіч».
Канчатковыя вынікі рэгістрацыі ініцыятыўных групаў Цэнтарвыбаркам абяцае абвясціць 25 ліпеня.
Каментары