Роздумы беспрацоўнага інквізітара. Блог бр. Пётры

Вяртанне да крыніц, або Як грэчаская дапамагае вырашаць побытавыя праблемы

Эфект летніка? Загарэўся агонь.

Бягомль, раніца 15 ліпеня. У гэты дзень павінен пачацца першы этап філасофскага летніка «Вяртанне да крыніц», прысвечанага старажытнагрэчаскай філасофіі. Два папярэднія дні былі ў мяне даволі напружаныя, звязаныя з тым, што ў нашым дамініканскім доме ў Віцебску адбываўся міжнародны сімпозіюм, а ягоны арганізатар сур’ёзна захварэў. Гэтае напружанне разам з тузінам арганізацыйных пытанняў, якія я не паспеў абдумаць, прыехала са мной у Бягомль.

Памяшканні для правядзення летніка ласкава нам удаступніў ксёндз Віктар Місевіч, пробашч тамтэйшай рыма-каталіцкай парафіі. У будынку былой гасцініцы месцілася капліца, пакой гаспадара, ды сем рознага роду пакояў, якія да гэтага часу выкарыстоўваліся перадусім для прымання пілігрымаў альбо рэгіянальных моладзевых з’ездаў. Гэтым разам памяшканні паслужылі як месца сустрэчы са старажытнымі філосафамі.

Дзесь каля дзесяці прыбывае чацвёрца дзяўчат. Тры загартаваныя філасафіні і адна журналістка. Багатыя і галодныя. Багатыя, бо шырока адукаваныя і здольныя, а галодныя, бо прагныя новых ведаў. Яны ж возьмуць на сябе гаспадарчыя і куханныя справы, што было адной з ключавых умоваў поспеху летніка. З першага дня я стаў фанам гатаванае імі макароны і т.зв. «учорашняе салаты».

Паўгадзіны пазней прыязджае спадар Павел Баркоўскі, дацэнт, выкладчык антычнай філасофіі ў БДУ. Вельмі цешуся, што меў магчымасць з ім супрацоўнічаць у часе падрыхтоўкі і правядзення летніка. Часам празмерна скептычны, часам празмерна зацяты, ён захапляў сваім захапленнем грэчаскай філасофіяй. Апроч таго, чалавек з высокай асабістай культурай і лёгкі ў супрацоўніцтве.

Незадоўга пасля прыезду Паўла пачаліся заняткі. Першы этап летніка — 15—18 ліпеня — быў прысвечаны выключна старагрэчаскай мове. Так бы мовіць, інтэнсіў-курс для тых, хто пачынаў вывучэнне мовы «з нуля» або «амаль з нуля». Роля выкладчыкаў ст-грэчаскай, ці, як падчас летніка прынялося называць, «гегемонаў» была на гэтым этапе адведзена Паўлу і мне. Я ўзяў на сябе выкладанне граматыкі, Павел — перакладніцкі практыкум.

Ці шмат можна зрабіць на працягу няпоўных чатырох дзён?

Усё залежыць ад наяўнасці «голаду» і настойлівасці ў здабыванні інтэлектуальнага корму. Судзіце самі: а 12-ай гадзіне мы яшчэ вывучалі грэчаскія літары і правілы чытання, а 16-ай гадзіне — перакладалі простыя сказы, а каля 20-ай гадзіны ўжо адбыўся першы перакладніцкі практыкум, падчас якога навучэнкі пад кіраўніцтвам Паўла перакладалі невялічкія ўрыўкі з філасофскіх тэкстаў.

На наступны дзень прыбылі яшчэ два чалавекі — Маша і Олэксій, абодва з Украіны. Што адзін, што другі — гіганты ў плане эрудыцыі, а адначасова вельмі таварыскія і добразычлівыя людзі. Думаю, што без гэтага ўкраінскага ферменту летнік згубіў бы вялікую частку свайго каларыту.

Нядзельны вечар 19 ліпеня быў часам прыезду ўсіх астатніх удзельнікаў. Прыбылі філосафы Андрэй Дудчык і Іван Новік, цікавыя людзі, з якімі ўпершыню меў магчымасць пабачыцца ў «рэале». Потым прыехаў Зміцер Мінкевіч, ст-грэчаскі філолаг, выкладчык у БДУ, перакладчык «Рыторыкі» Арыстотэля. На другім — асноўным — этапе летніка ён будзе займацца выкладаннем старагрэцкай. Майстар сваёй справы, як кажуць, «расавы» філолаг. Апроч таго, мяне асабіста захапляла яго ўважлівае стаўленне да перакладніцкіх прапаноў іншых удзельнікаў, якія ў сваёй большасці былі ўсяго толькі аматарамі-навічкамі. Гэта чалавек, які ўмее слухаць. Разам са Зміцерам прыехала Ксюша — сціплая, добрая і ўважлівая дзяўчына. Яна будзе часам, калі дзяжурныя гэта занядбоўвалі, sua sponte мыць посуд і прыбіраць у кухні.

Урэшце прыехала група студэнтаў філасофіі, якія толькі-толькі закончылі першы курс. Калі я пабачыў іх, адна з першых маіх думак была: ці ведаюць яны, дзеля чаго прыехалі? Але ўжо на наступны дзень я пераканаўся, наколькі беспадстаўнай была тая мая паняверка. Так, яны ведалі. Больш таго, яны прывезлі ў сабе нейкі агонь, полымя, энтузіязм, жаданне вучыцца і ісці наперад.

Ад панядзелка да пятніцы заняткі складаліся з трох такіх блокаў: 1) лекцыя ст-грэчаскай мовы, якая трывала ад паўтара да дзвюх гадзін; 2) праца ў групах з невялікім урыўкам грэчаскамоўнага філасофскага тэксту; 3) «пленарнае паседжанне», то бок, спатканне ўсіх групаў, прэзентацыя выпрацаваных версій перакладу і дыскусія.

Праца была інтэнсіўнай. Нават занадта. Часавыя межы, прадугледжаныя на працу з тэкстамі, амаль заўсёды парушаліся — часам на дзве, тры, а то і чатыры гадзіны гэтая праца трывала даўжэй, чым планавалася. Запланаванае на вечар серады выйсце на возера не адбылося, бо многія не хацелі прарываць працы з тэкстамі. Такі інтэнсіў пачаў быў ужо трошкі непакоіць. Таму ў чацвер было рашуча пастаноўлена: пасля абеду — ніякіх заняткаў! Ідзем на возера!

Што яшчэ вартае падкрэслення? Беларускамоўная атмасфера. Дакладней, беларуска-ўкраінамоўная. Да таго ж і сівенькая грэччына час ад часу ўпляталася ў камунікацыю. Тіс эсті так доўга ў балянэён? Ах, што за хюдор калён! — можна было пачуць. Дзесь на трэці дзень летніка пачаў фармавацца новы, зусім асаблівы і, сказаў бы, найкультурнейшы з магчымых тып трасянкі: беларуска-грэчаская і ўкраіна-грэчаская трасянка. Што ж тычыцца дамінацыі беларускай мовы — нейк само па сабе гэта выйшла. Ніякай «моўнай дысцыпліны» ніхто не ўводзіў.

Эфект летніка? Загарэўся агонь. У Менску плануюцца рэгулярныя семінары, прысвечаныя працы з грэчаскімі тэкстамі. У Кіеве нешта падобнае. Зарысоўваецца відмо адмысловага часопіса, якія б быў прысвечаны антычнай філасофіі. Хто ведае, можа і такі часопіс паўстане. Большасць удзельнікаў выразіла спадзяванне на арганізацыю наступных такога тыпу летнікаў (або «зімнікаў»).

Што яшчэ? Грэчаскамоўны трэнінг мне падаецца рэальным шанцам на павышэнне ўзроўню філасофскай рэфлексіі. Справа тут не толькі ў тым, што дзякуючы грэчаскай мове робіцца магчымым непасрэдны кантакт з фундаментальнымі для еўраатлантычнай культуры творамі. Важна тут таксама тое, што вывучэнне грэчаскай мовы дысцыплінуе філасофскі розум, не пазбаўляючы яго творчага палёту. Бо дысцыпліна і творчасць — гэта два неад’емныя рысы ст-грэчаскамоўнага тэксту. Падчас абмеркавання версій перакладу часам забаўна было назіраць, як некаторыя філосафы імкнуліся любой цаной вырвацца з абдымкаў граматыкі і выйсці ў прывычны для іх прастор інтуітыўных інтэрпрэтацый, але граматыка ўсё ж казала: стоп, не так хутка! З другога боку, грэчаская мова не талеруе паслядоўных «матэматыкаў», якім не стае творчага спагляду на тэкст і інтэрпрэтацыйныя магчымасці. Грэччына стымулюе развіццё творчай дысцыпліны.

Напрыканцы яшчэ адна ўзгадка. Нейк трэба было ўнесці ў залу адзін вялікі стол. Але вузкі калідор ды вузкія дзверы ніяк не дазвалялі яго ўнесці стандардовым спосабам. У пэўны момант спадар Зміцер (выкладчык грэчаскай мовы) запрапанаваў нестандардовы спосаб: паставіць стол вертыкальна, перакруціць яго і нахіляць у накірунку ўваходу ў залу. Неўзабаве стол апынуўся на патрэбным месцы. А Зміцер гэтак скаментаваў: «Унясенне стала нічым не розніцца ад спражэння дзеясловаў у грэчаскай мове».

Вось як: ст-грэчаская мова дапамае вырашаць нават побытавыя праблемы.

Каментары

«Цябе б бацька пракляў»: у Барысаве шырыцца сапраўдная прычына маўчання Генадзя Скітава, цэнтральнай фігуры «малочнай справы»1

«Цябе б бацька пракляў»: у Барысаве шырыцца сапраўдная прычына маўчання Генадзя Скітава, цэнтральнай фігуры «малочнай справы»

Усе навіны →
Усе навіны

Украіна заявіла аб стварэнні лазернай зброі «Трызуб». Што гэта можа быць?4

Ідэолаг Мінабароны Беларусі распаўсюджвае старыя фэйкі пра паходжанне еўрапейскіх чыноўнікаў ад гітлераўцаў6

Еўракамісія пачала разгляд у дачыненні да сэрвісу ТікТок1

Памёр Мікалай Крыжаноўскі

«Найчасцей да нас на кантроль прыходзіла Дрыга». Былы акцёр РТБД — пра цэнзуру ў тэатры, новага міністра культуры і здымкі ў польскай рэкламе2

Пад Дамаскам знайшлі масавае пахаванне ахвяр рэжыму Асада

Участкам у Сочы, які належаў Беларусі, валодае былы ахоўнік Лукашэнкі4

«Люстраныя клеткі»: сінтэтычнае жыццё, што можа знішчыць чалавецтва5

Ці можна ў гарадскім двары самачынна паставіць ялінку?1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Цябе б бацька пракляў»: у Барысаве шырыцца сапраўдная прычына маўчання Генадзя Скітава, цэнтральнай фігуры «малочнай справы»1

«Цябе б бацька пракляў»: у Барысаве шырыцца сапраўдная прычына маўчання Генадзя Скітава, цэнтральнай фігуры «малочнай справы»

Галоўнае
Усе навіны →