На канферэнцыю па бяспецы ў Мінск прыедзе міністр замежных спраў Венгрыі
На другой Мінскай міжнароднай канферэнцыі па еўразійскай бяспецы выступяць 14 высокапастаўленых гасцей, у тым ліку кіраўнікі МЗС Венгрыі, Расіі і Сірыі. Мерапрыемства пройдзе з 31 кастрычніка па 1 лістапада ў Мінску. Пра гэта 28 кастрычніка паведаміў прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз.
Паводле слоў Анатоля Глаза, у пятніцу была завершаная афіцыйная рэгістрацыя, і цяпер у Мінску чакаюць каля 600 удзельнікаў.
«Гэта высокапастаўленыя госці з усёй нашай вялікай Еўразіі, прадстаўнікі краін АБСЕ, СНД, ШАС, кіраўнікі шэрагу міжнародных арганізацый, кіраўнікі і высокапастаўленыя эксперты вядучых «фабрык думкі» ўсяго еўразійскага рэгіёну», — сказаў Глаз.
Чакаецца, што ўдзельнікамі канферэнцыі стануць прадстаўнікі 45 краін, адным з самых важных для рэжыму Лукашэнкі, вядома, стане адзіны прадстаўнік краіны Еўрасаюза — міністр замежных спраў Венгрыі Петэр Сіярта. Ягонае выступленне запланавана на 31 кастрычніка падчас адкрыцця канферэнцыі.
Акрамя Сіярта, на гэтай «сесіі высокага ўзроўню» плануюцца таксама выступленні яшчэ 13 высокапастаўленых гасцей, «у тым ліку кіраўнікоў МЗС Расіі, Сірыі, генеральнага сакратара АДКБ, генеральнага сакратара СНД, дзяржсакратара Саюзнай дзяржавы».
Каментары