Прадстаўнік Дзярждэпа ЗША наведаў Мінск і абмеркаваў вызваленне палітвязняў
Беларусь на днях наведваў прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартамента ЗША. У Мінску ў яго ў тым ліку адбыліся сустрэчы ў Міністэрстве замежных спраў. Афіцыйных паведамленняў пра гэта не было, піша Белсат.
15 кастрычніка амбасада ЗША арганізавала ў Менску невялікі прыём для прадстаўнікоў іншых замежных прадстаўніцтваў у сувязі з візітам у Беларусь чыноўніка дзяржаўнага дэпартамента ЗША Кевіна Дойла. Дойл не з'яўляецца высокапастаўленым прадстаўніком Дзяржаўнага дэпартамента, і яго візіт прэзентаваўся як досыць руцінная справа (афіцыйных паведамленняў пра візіт наогул не было).
Разам з тым чыноўнікі з Вашынгтона вельмі рэдка наведваюць Мінск, таму гэты факт усё ж такі звяртае на сябе ўвагу.
Паводле звестак «Белсата», Кевін Дойл разам з часовым павераным ЗША Пітэрам Каўфманам меў сустрэчу з прадстаўнікамі МЗС Беларусі, на якой у тым ліку абмяркоўваўся лёс палітвязняў.
«Дзяржаўны дэпартамент падтрымлівае афіцыйныя кантакты з Міністэрствам замежных спраў Беларусі, каб гарантаваць, што мы можам ажыццяўляць звычайную дыпламатычную камунікацыю і абараняць нацыянальныя інтарэсы ЗША ад імя грамадзян ЗША», — паведаміла «Белсату» Колін Сміт, супрацоўніца па сувязях з грамадскасцю аддзела па справах Беларусі амбасады ЗША ў Літве.
Каментары