Працуе ў IT, ведае стараанглійскую і санскрыт. Вялікая гутарка з перакладчыкам «Валадара пярсцёнкаў» на беларускую мову
Адной з галоўных літаратурных падзей мінулага года стаў выхад па-беларуску першай часткі легендарнага рамана «Валадар пярсцёнкаў» Джона Толкіна. Сёлета выйшла другая частка кнігі, на падыходзе трэцяя. Усе іх па-беларуску перастварыў перакладчык Ігар Кулікоў. «Люстэрка» паразмаўляла з ім пра літаратуру і асноўную працу ў ІT, напісанне праграм, якія дазваляюць спрасціць перакладчыцкую працу, пра перастварэнне Толкіна, на якое пайшло два гады, заробкі і веданне старажытных моваў, на якіх ужо не размаўляе амаль ніхто ў свеце.
Ігар Кулікоў нарадзіўся ў 1988 годзе ў Мінску. Скончыў філфак БДУ. Працаваў у Беларускай акадэміі мастацтваў выкладчыкам, цяпер — у польска-беларускай IT-кампаніі.
Аўтар сямі зборнікаў паэзіі. Сярод перакладзеных ім на беларускую мову твораў — «Валадар пярсцёнкаў» Джона Толкіна і «Чытво» Чарлза Букоўскі (з англійскай), Першае кола старажытнай індыйскай «Рыгведы» і ўрыўкі з «Махабхараты» (з санскрыту). Цяпер працуе над перастварэнннем славутай «Дзюны» амерыканскага фантаста Фрэнка Герберта.
«На звычайнай працы ты атрымліваеш заробак кожны месяц. З перакладамі так не працуе»
— Ігар, як вы трапілі ў IT?
— Паводле дыплома я філолаг. Пасля філфака БДУ шэсць гадоў выкладаў англійскую мову ў Акадэміі мастацтваў. Праз пэўныя вядомыя ўсім падзеі мяне чакала звальненне. Вырашыў не чакаць гэтага моманту і знайсці іншую працу.
Знаёмая прапанавала паспрабаваць прайсці інтэрв'ю. Я вывучыў патрэбныя мовы праграмавання і інструменты, прайшоў інтэрв'ю — і трапіў на праект Oxford dictionaries. Праз беларуска-польскую IT-кампанію мы займаемся стварэннем электронных слоўнікаў выдавецтва Оксфардскага ўніверсітэта. Хоць «стварэнне» — гэта гучна сказана. Мы ствараем не сам слоўнік (гэта робяць лінгвісты), а электронную абалонку для яго. Асабіста я правяраю, наколькі гэтая абалонка адпавядае стандартам Оксфарда.
— Вашыя калегі ведаюць, з кім працуюць?
— У нашай камандзе пяць чалавек. Мая цімлідарка (кіраўніца каманды. — Заўв. рэд.) сама па адукацыі філолаг, таму ёй цікава. Астатнія ўдзельнікі каманды — класічныя тэхнары. Яны ведаюць пра мае пераклады, але не больш за тое. Глабальна на працы нікога не турбуе, што супрацоўнікі робяць у свой вольны час. А ў іншых свае цікавасці.
— Асноўная праца таксама крыніца натхнення для літаратуры ці ўсё ж сродак зарабіць грошы?
— Хутчэй другое, але сякія-такія навыкі, атрыманыя на працы, я ўжываю і падчас перакладу. Напрыклад, вельмі карысным было нарэшце вывучыць RegEx (інструмент для больш глыбокага пошуку па тэксце. — Заўв. рэд.) і выкарыстоўваць яго для перакладчыцкай працы. Мне спатрэбілася маё веданне, хай сабе і павярхоўнае, мовы праграмавання Python: дзякуючы ёй пісаў просценькія праграмы, якія правяралі пераклад на банальныя памылкі (кшталту падвоеных прабелаў або правапісу «ў»).
Потым вырашыў, што перакладаць будзе зручней, калі сказы ў тэксце будуць рознага колеру. Ёсць аўтары, у якіх фразы кароткія, — там няма праблемаў. А вось у Толкіна сказы часта вельмі доўгія. Напісаў сабе просценькую праграмку, якая адным клікам мышкі размячае тэкст — кожны сказ вылучаецца іншым колерам. Тады адразу візуальна відаць, дзе мяжа сказа, і над ім лягчэй працаваць. Падчас працы над «Сільмарыліянам» Толкіна (адзін з найбольш вядомых раманаў аўтара, які не з’яўляецца часткай «Валадара пярсцёнкаў». — Заўв. рэд.) гэта вельмі дапамагала.
— У сацсетках вы расказвалі, што, пакуль жылі ў Беларусі, маглі самі надрукаваць наклад уласнай кнігі на 200 асобнікаў, а цяпер увесь заробак ідзе на жыццё.
— Каб сабраць грошы на выданне праз краўдфандынг, трэба рэклама. Я магу расхвальваць творцаў, якіх перакладаю, бо гэта выбітныя пісьменнікі. А вось рэкламаваць сябе заўсёды няёмка. Таму раней свае вершы я заўсёды выдаваў толькі за ўласныя грошы. Толькі нядаўна першы раз у жыцці атрымалася іначай: Дзмітрый Строцаў у сваім выдавецтве hochroth minsk сам выдаў невялічкую кніжачку маіх апошніх вершаў.
Але тое было ў мінулым. Зразумела, што ў Літве, што ў Польшчы арандаваць жыллё — нятанная асалода. На гэта ідзе больш за палову заробку.
— А нельга жыць за перакладчыцкія ганарары?
— На звычайнай працы ты атрымліваеш заробак кожны месяц. З перакладамі так не працуе. У нас — не ведаю, як у Германіі ці ў Расіі — грошы можна атрымаць, калі кніга выйшла і прайшлі нейкія продажы, з якіх выдавец можа выплаціць табе пэўную суму, агавораную ў кантракце. Якога б памеру гэты ганарар ні быў, пакуль яго не атрымаеш, табе трэба за нешта жыць.
Можна чыста тэарэтычна дапусціць, што перакладчыкі маглі б мець рэгулярныя замовы і рэгулярна атрымліваць ганарары. Але нават у такім выпадку не ўпэўнены, што гэтага б хапала. Не буду называць сумы, але грошы ў прафесіі не такія ўжо і вялікія. Таму, безумоўна, гэта не можа быць асноўнай працай.
Але, зноў жа, лічу, што ў гэтым ёсць і свой плюс. Калі працаваць у штаце перакладчыкаў (як тое, відавочна, мае месца, напрыклад, у Расіі), то перакладаеш тое, што табе даюць выдаўцы. Выбару няма: далі працу — рабі. А ў нас выдатная сітуацыя. Так, людзі перакладаюць у вольны час (ведаю па сябрах і знаёмых) — але менавіта тое, што хочуць. Калі чалавек перакладае тое, што яму падабаецца, гэта ўжо першы крок да якасці. Я нават не памятаю, каб хоць раз працаваў над тым, чаго не люблю сам. Цяпер працую над «Дзюнай» Герберта (паводле гэтага навукова-фантастычнага рамана ў 2021-м пачалі здымаць серыю галівудскіх фільмаў з Цімаці Шаламэ ў галоўнай ролі. — Заўв. рэд.) — і гэты твор мне даспадобы.
«Тэрарызаваў школьную настаўніцу рознымі архаізмамі, якіх яна сама не ведала»
— Відавочна, што прыклад такой працы — і «Валадар пярсцёнкаў». У сацсетках вы расказвалі, што да яго прачытання былі ўпэўненыя, што станеце інжынерам або праграмістам. Але ў выніку паступілі на філфак і заняліся літаратурай. Як так атрымалася?
— «Валадара пярсцёнкаў» прачытаў у восьмым класе. У дзявятым зацікавіўся, чым займаўся яго аўтар, і даведаўся, што ён сярод іншага быў прафесарам у Оксфардзе і выкладаў стараанглійскую мову (на ёй размаўлялі ў старажытнай Англіі. — Заўв. рэд.). Тады вырашыў чытаць па-англійску. Першай кнігай стаў раман «Айвенга» Вальтэра Скота. Дагэтуль памятаю, як першую старонку чытаў дзве гадзіны (усміхаецца). А потым набыў «Сільмарыліян» Толкіна, які ўжо хутка адужаў. Разам з ім узяў і падручнік па гісторыі стараанглійскай мовы, якую пачаў вывучаць. У выніку тэрарызаваў школьную настаўніцу англійскай мовы рознымі архаізмамі, якіх яна сама не ведала (усміхаецца). Так і зразумеў, што не лёс мне стаць інжынерам ці праграмістам. Захацеў перакласці «Валадара пярсцёнкаў».
— Вы ўжо тады хацелі, каб ён з’явіўся па-беларуску?
— Рускамоўны пераклад я ўжо бачыў (прычым ведаў, што існуе нават некалькі варыянтаў). Ды і быў самасвядомым чалавекам. Пафасна кажучы, нацыянальная свядомасць ува мне абудзілася роўна з пачаткам пераходнага ўзросту. Тады, у класе шостым ці сёмым, мазгі сталі працаваць па-іншаму і ўзнікла нестыкоўка ў галаве: як жа так, мы жывём у Беларусі, а чамусьці ўсе гавораць па-руску.
Між тым па-беларуску тады не было нават першага, пірацкага, выдання (да працы Кулікова кнігу Толкіна пераклалі без дазволу праваўладальнікаў яго спадчыны, таму яна распаўсюджвалася нелегальна. — Заўв. рэд.). Асобныя ўрыўкі можна было знайсці толькі на форумах у інтэрнэце.
Памятаю, што сам паспрабаваў перакласці ўступны верш Толкіна і загрузіў яго на той форум. Цяпер разумею, што ўзровень таго перастварэння быў жахлівы. Добра, што верш не захаваўся (усміхаецца). Зрэшты, і пераклад на форуме быў страшны. Дарэчы, тады вершаў я не пісаў. Зусім не ўяўляў, як гэта робіцца. Меркаваў, што, відаць, давядзецца камусьці іх (вершы Толкіна, якіх шмат у «Валадары пярсцёнкаў». — Заўв. рэд.) аддаваць [на пераклад]. Але проза — тут я быў ўпэўнены — павінна ж атрымацца (усміхаецца).
— Атрымліваецца, што вы ажыццявілі падлеткавую мару. А за колькі часу вы пераклалі «Валадара пярсцёнкаў»?
— На ўсе тры часткі пайшло два гады. Паколькі «Валадар пярсцёнкаў» быў камерцыйным праектам, у мяне быў дэдлайн, пастаўлены выдаўцом Андрэем Янушкевічам. Перад тым як вызначыць тэрмін, я ўзяў англамоўнае выданне кнігі і праверыў, колькі змагу перакласці за дзень. Палічыў колькасць старонак — і атрымалася, што праца зойме тры гады. Зразумеў, што як бы я ні любіў Толкіна, рабіць тры гады адно і тое ж не хочацца (усміхаецца). У выніку вырашыў перакладаць больш, і пакрысе ўсталяваўся такі рэжым працы.
Я прачынаўся раніцай, недзе ў 06.40. Рабіў зарадку. Потым абавязкова чытаў «Рамаяну» (старажытнаіндыйскі эпас. — Заўв. рэд.) на санскрыце. У 08.30 сядаў перакладаць «Валадара пярсцёнкаў» — і так да пачатку працоўнага дня (у Мінску ён пачынаўся ў 10.30). Потым пачаў браць на пераклад яшчэ і палову перапынку на абед. Вечарам за камп’ютарам рэдка перакладаў, бо вельмі стамляўся. Браў адзін з толкінскіх вершаў і перакладаў яго на паперу. Мог пайсці на вуліцу і круціць яго ў галаве. Было і такое.
На выходных, як правіла, перачытваў тое, што пераклаў у буднія дні, і рабіў першасную рэдактуру. Калі скончыў увесь першы том, то ўжо свежым вокам перачытаў яго цалкам, рабіў другую самарэдактуру. Пасля тэкст прачытваў рэдактар, а за ім карэктар. Кожны том прайшоў такія этапы.
— Але ж такі рытм надзвычай фізічна і псіхалагічна складаны. Фактычна, нон-стоп без перапынку — ды яшчэ пры асноўнай працы ў IT.
— Так, гэта складана, але мы ўсе ведаем, у якіх умовах мы тады жылі і цяпер жывём пасля 2020 года. Мне трэба было нечым заняць галаву, каб не было часу на іншыя думкі. Таму пераклад быў для мяне як манна нябесная. Меў канкрэтную мэту і ведаў, колькі на яе трэба выдаткоўваць часу. Для мяне пераклад спрацаваў у пэўным сэнсе тэрапеўтычна.
«Перакладаю толькі тое, што мне падабаецца і што, як я адчуваю, мог бы напісаць сам»
— Вашая асноўная мова для перакладу — англійская?
— Часцей за ўсё перакладаю з яе і з санскрыту. Трохі з хіндзі (сучасная мова, распаўсюджаная на поўначы Індыі. — Заўв. рэд.). Стараанглійскую калісьці перакладаў, але закінуў і амаль усё забыў. Стараісландскую (больш распаўсюджаная назва — старажытнаскандынаўская мова. — Заўв. рэд.) так нармальна ніколі не давучыў, таму пераклад «Сагі пра Эйрыка Рудога» застаўся няскончаным. Былі невялікія спробы перакладаць з нямецкай і італьянскай.
— А вам не шкада сыходзіць з нейкай моўнай прасторы і пакідаць недаробленай працу?
— Хіба трошкі спачатку. Тую ж стараісландскую вывучыў іншы беларус, які зрабіў усё, што я калісьці планаваў зрабіць. Калі б я не заняўся санскрытам, то, відаць, працягваў бы. Але атрымалася як найлепш. Я перакладаю з санскрыту, ён — са стараісландскай.
— А які стымул паглыбляцца ў мовы, на якіх цяпер ніхто не размаўляе?
— Першы і галоўны стымул — эстэтычны. Яго я часткова пераняў ад Толкіна, які быў прапагандыстам эстэтыкі мовы: ён атрымліваў асалоду ад таго, як яна гучыць. Паводле гэтага прынцыпу ён і прыдумляў свае эльфійскія мовы. Напрыклад, мне проста вельмі падабаюцца, як гучаць стараісландская і стараанглійская. Другі стымул — мяне цікавіла культура старажытных германцаў. Хто ў свой час не цікавіўся рунамі ці вікінгамі?
— Калі вы дарабілі пераклад з сярэднеанглійскай мовы паэмы «Сэр Гавейн і Зялёны рыцар», то напісалі ў сацсетках, што працавалі «перадусім для сябе самога, але і таксама жмені вар’ятаў, якім такое можа быць цікавае».
— Насамрэч, дзякуючы таму, што гэтую паэму перакладаў Толкін, яна стала вельмі папулярнай у англамоўным свеце. Нядаўна нават зрабілі яе новую экранізацыю (гаворка пра фільм 2021 года «Легенда пра зялёнага рыцара». — Заўв. рэд.). Дастаткова вольную, насамрэч. Я вырашыў узяцца за пераклад не толькі таму, што паэма мне падабаецца. Я пабачыў, што на хвалі папулярнасці Толкіна і яна стала папулярнай. А фраза пра «вар'ятаў» датычыла толькі ўступу, дзе я разбіраў, як напісаны твор. Магчыма, гэта будзе сапраўды цікавае не ўсім.
— Англійскую вы, натуральна, вывучалі ў школе, пасля ў БДУ. Астатнія мовы вы вучылі самі? Ці праз нейкія курсы?
— Сам. Я лічу, што бальшыню моваў — еўрапейскіх дык дакладна — на ўзроўні чытання можна вывучыць самастойна. Вось калі трэба навучыцца гаварыць, то тут трэба шукаць, прынамсі, з кім. Лепш знайсці курсы ці рэпетытара. А з чытаннем не праблема. Натуральна, са старажытнымі мовамі ўсё складаней. Тут нават на ўзроўні чытання без настаўніка цяжкавата.
Але матэрыялаў па стараанглійскай і стараісландскай мора. Калі я вывучаў гэтыя мовы, знаходзіў суполкі сапраўдных фанатаў. Яны стваралі на гэтых мовах «Вікіпедыю», пісалі на іх рэгулярна навіны. Пра апошняе (а таксама пра тое, якія словаўтваральныя мадэлі яны выкарыстоўваюць) я нават пісаў на філфаку курсавую. Але мяне ўсё ж цікавіла чытанне тэкстаў, а не маўленне. Не было патрэбы размаўляць на гэтых мовах.
— А на якіх мовах, з якіх перакладалі, вы размаўляеце?
— На англійскай, натуральна. На санскрыце магу нешта простае гаварыць, на складаныя тэмы — ужо не. На хіндзі таксама нешта простае магу сказаць. Ну і на ўкраінскай усе могуць (усміхаецца).
— Выбар мовы для перакладу залежыць ад замовы выдаўца ці ад вашага натхнення?
— Той жа санскрыт — гэта выключна мае праекты, тут я сам сабе замоўца. Агульны ж прынцып у мяне вельмі просты: перакладаю толькі тое, што мне падабаецца і што я, як адчуваю, мог бы напісаць сам. Не ў тым сэнсе, што на гэта здольны (усміхаецца). Гаворка пра тое, што ў ідэальных умовах я хацеў бы гэта напісаць. Але вось ёсць цудоўны аўтар, які напісаў тое за мяне, і я хачу, каб яго твор загучаў па-беларуску.
— Вы асабіста верыце, што калісьці ў Беларусі будуць масава чытаць ваш пераклад «Валадара пярсцёнкаў» ці «Дзюны», а не рускамоўны?
— Гэта пытанне вельмі глыбокае. У тым сэнсе, што яно ўжо не толькі пра пераклады ў цэлым, а пра моўную сітуацыю.
Людзі, якія чытаюць кнігі па-беларуску, будуць чытаць «Дзюну» па-беларуску. Вось і ўсё. Я ўжо сустракаў некалькі чалавек, якія глядзелі «Валадара пярсцёнкаў» у кіно, але не чыталі па-руску, а вось калі выйшаў беларускі пераклад, вырашылі паспрабаваць. Гляджу на сітуацыю пазітыўна. Трэба перакладаць. А далей… Ад нас, перакладчыкаў, гэта не залежыць. Пра гэта будзе хвалявацца выдавец (смяецца).
Каментары