Былы беларускі спецназавец спрабаваў узарваць уладальніка бара ў Маскве
Учора ў Маскве падарвалі аўто бізнэсмена Віктара Мішачова. Яму часткова адарвала руку. У падрыве машыны падазраюць 51-гадовага Віталя Слабадзяніка з Беларусі, які быў бізнэс-партнёрам пацярпелага. Яго затрымалі, паведамляе тэлеграм-канал «Аператыўныя зводкі».
Паведамляецца, што ў яго канфіскавана 7 адзінак зброі, 20 упаковак патронаў. Зброя афіцыйна зарэгістравана. Навыкам абыходжання са зброяй, тактыцы вядзення бою ён быў навучаны падчас праходжання тэрміновай службы ў спецназе Беларусі.
У момант правядзення следчых дзеянняў у кватэры Слабадзянік паводзіў сябе спакойна, да прыходу аператыўнікаў быў гатовы (пачысціў перапіску ў тэлеграм). Затрыманы валодае долямі ў масе піцейных устаноў, у тым ліку ў барах «Гадкі Каёт» і Dirty dance bar. Гэтымі ж барамі валодае і Мішачоў.
Выбух на паўднёвым захадзе Масквы, на вуліцы Прафсаюзная, адбыўся ўчора раніцай каля 8:00. Самаробнае выбуховае прыстасаванне спрацавала, калі 44-гадовы прадпрымальнік Віктар Мішачоў спрабаваў прыбраць бомбу з капота сваёй машыны. Пры выбуху быў пашкоджаны аўтамабіль, раненні атрымалі тры чалавекі, у тым ліку 6-гадовы сын бізнэсмена. Мішачову часткова адарвала руку. Пацярпелых шпіталізавалі.
Каментары