Грамадства1111

Юрконіс пра беларусаў у Літве: Гуманітарны ДНЖ цяпер выдаюць хутчэй. А пагрозай нацбяспекі прызналі менш за 3%

Пагутарылі з дырэктарам Freedom House Vilnius Віцісам Юрконісам пра беларусаў у Літве, прызнанне іх пагрозай нацыянальнай бяспекі, выдачу пашпартоў замежнікаў і гуманітарныя ДНЖ.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Попыт на гуманітарны ДНЖ расце

Літоўскі палітолаг, дырэктар Freedom House Vilnius Віціс Юрконіс прыводзіць статыстыку па колькасці беларусаў у Літве.

Па стане на 1 ліпеня 2024 года, 62 535 беларусаў маюць дзейны літоўскі від на жыхарства. На пачатак года каля тысячы з іх мелі ДНЖ на гуманітарных падставах. Аднак гэтая лічба не адлюстроўвае рэальную колькасць беларусаў, якія жывуць у Літве па прычыне немагчымасці вярнуцца на радзіму.

«Не здзіўлюся, калі патэнцыйна па праваабарончай лініі ў Літве пражывае да 10 тысяч грамадзян Беларусі,

Напрыклад, частка журналістаў легалізавалася ў Літве праз акрэдытацыю, частка атрымалі Blue Card. Ёсць і тыя, хто прыехаў у Літву па гуманітарных падставах, але ўладкаваліся на працу і атрымалі ДНЖ на падставе працы па кантракце.

Іншыя ўдзельнічалі ў пратэстах, але пераехалі ў Літву як высокакваліфікаваныя супрацоўнікі IT-сектара і атрымалі ДНЖ тыпу Blue Card. Частка моладзі паступіла ва ўніверсітэты і легалізавалася на падставе вучобы», — прыводзіць прыклады Юрконіс.

Ён адзначае, што дакладных лічбаў за 2024 год няма, але колькасць беларусаў, якія маюць гуманітарныя ДНЖ, расце.

Тры гады замест аднаго

На думку Юрконіса, адной з важных прычын, чаму легалізацыя ў Літве праз атрыманне ДНЖ на гуманітарных падставах не была вельмі папулярнай, — гэта тэрмін дзеяння дакумента.

Рэч у тым, што да 2024 года гуманітарныя ДНЖ выдаваліся тэрмінам толькі на год, у той час як звычайны працоўны дазвол на жыхарства выдаваўся на 2-3 гады, а Blue Card — адразу на 3 гады.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

«У канцы 2023 года заканадаўства змянілася, і ўжо ў студзені беларусы пачалі атрымліваць ДНЖ на гуманітарных падставах тэрмінам на 3 гады (максімальны тэрмін для часовага ДНЖ. — НН). Пасля гэтага з'явілася больш ахвотных пераходзіць з іншых тыпаў ДНЖ на гуманітарны.

Мы, напэўна, будзем назіраць рост колькасці ўладальнікаў гуманітарных ДНЖ, але ўсё роўна гэта будзе невялікая частка ў параўнанні з колькасцю беларусаў, якія едуць у Літву на заробкі, працуюць дальнабойшчыкамі або будаўнікамі», — адзначае палітолаг.

Таксама Юрконіс звяртае ўвагу на тое, што ўладальнікі ДНЖ, выдадзенага па гуманітарных падставах, не маюць права ездзіць у Беларусь. У адваротным выпадку дакумент будзе ануляваны. Гэта ж тычыцца і членаў сям’і, якія атрымалі ДНЖ на гэтай падставе.

«Калі ўладальнік гуманітарнага ДНЖ едзе ў Беларусь, то ў такім выпадку страчваецца сама падстава яго выдачы, бо чалавек сам едзе туды, дзе яму нібыта небяспечна знаходзіцца», — тлумачыць дырэктар Freedom House Vilnius.

Паводле яго слоў, яму вядома пра дзясяткі такіх выпадкаў, калі людзі не выконвалі правілы выкарыстання гуманітарнага ДНЖ.

Праз гэта, на яго думку, частка беларусаў будзе працягваць жыць у Літве па іншых тыпах ДНЖ, нават калі маюць усе падставы для атрымання гуманітарнага.

«Такім чынам людзі пакідаюць калі не для сябе, то для членаў сям’і магчымасць ездзіць у Беларусь, бо ў многіх там засталіся бацькі. Атрымаць візу цяпер няпроста, таму некаторыя працягваюць наведаць сваякоў нягледзячы на існуючыя рызыкі».

Хто можа атрымаць пашпарт замежніка?

Што тычыцца пашпарта замежніка, то, насуперак папулярнаму меркаванню, атрымаць яго могуць не толькі беларусы з гуманітарнымі ДНЖ.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: Пагранкамітэт Беларусі

«Атрымаць яго можна маючы звычайны (працоўны) ДНЖ або Blue Card, адзінае, што заяўніку неабходна будзе абгрунтаваць, чаму ён не можа паехаць у Беларусь і там памяняць пашпарт.

Адзін з важных крытэрыяў, на які ў такіх выпадках звяртаюць увагу, — калі чалавек апошні раз быў на радзіме.

Калі ён гадамі не ездзіў у Беларусь, то праблем з атрыманнем праязнога дакумента (пашпарта замежніка) быць не павінна. Іншая рэч, калі такі заяўнік перыядычна ездзіў у Беларусь або з моманту апошняга візіту прайшло мала часу», — тлумачыць Юрконіс.

Заяўкі на пашпарты замежніка пакуль не былі масавымі, але чакаецца, што іх колькасць будзе расці. «Пасольствы больш не мяняюць пашпарты, плюс у беларусаў, якія не могуць вярнуцца, нараджаюцца дзеці, таму людзей з такімі дакументамі будзе станавіцца больш».

Пагрозай нацбяспецы прызналі менш за 3% беларусаў

Закранаючы тэму прызнання беларусаў пагрозай нацыянальнай бяспекі Літвы, Віціс Юрконіс лічыць, што праблема гіпербалізаваная, а СМІ не заўсёды аб'ектыўна даносяць інфармацыю.

«Калі глядзець на агульную колькасць беларусаў, якія маюць ДНЖ у Літве (62 535 на 1.07.2024. — НН), то пагрозай прызналі зусім няшмат — менш за 3%. Думаю, працэнт сілавікоў у Беларусі значна вышэйшы».

З яго слоў, сёлета не выдадзена або не прадоўжана каля 300 ДНЖ па лініі дзяржбяспекі. У 2023 годзе гэта лічба была амаль у тры разы большай.

«Лічбы не жахлівыя, але зразумела, што за імі ёсць асабістыя гісторыі людзей, якія планавалі сваё жыццё ў Літве, але папярэдняя праца ў дзяржустановах, Белгазпрамбанку, Астравецкай АЭС ці блізкія члены сям’і, якія працуюць у сілавых структурах Беларусі або на санкцыйных прадпрыемствах, сталі перашкодай», — кажа Юрконіс.

Ён адзначае, што некаторыя людзі толькі пасля прызнання іх пагрозай нацыянальнай бяспекі даслалі інфармацыю пра сваю грамадзянскую пазіцыю, удзел у пратэсным руху, што, вядома, запозна. Таму ён раіць не хаваць такія факты пры падачы заяўкі на ДНЖ.

«Літва была і застаецца найбольш паслядоўнай і салідарнай з беларускімі дэмакратамі краінай сярод краін ЕС», — лічыць Юрконіс.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Чаму пік прызнання беларусаў пагрозай прыпаў на 2023 год?

2023 год аказаўся пікавым па колькасці беларусаў, прызнаных пагрозай нацыянальнай бяспекі, паколькі Літве давялося дадаткова правяраць грамадзян Беларусі, якія прыбылі да вайны і нават да падзей 2020 года.

«Гэта стала вялікай нагрузкай на Дэпартамент міграцыі і іншыя органы, што таксама магло ўплываць на больш доўгі тэрмін разгляду заяў. Пік прайшоў, цяпер Дэпартамент міграцыі і іншыя структуры працуюць у звычайным рэжыме, тэрміны разгляду заявак і выдачы дакументаў значна карацейшыя, чым былі ў мінулым годзе», — адзначае палітолаг.

Яго словы пацвярджаюць рэальныя гісторыі беларусаў, якія ў гэтым годзе падаваліся на прадаўжэнне ДНЖ па гуманітарных падставах.

Так, напрыклад, некаторым удалося атрымаць новы дазвол на жыхарства менш чым за два тыдні з моманту падачы заявы.

Каментары11

  • Віленчук
    16.10.2024
    Не пляці, лапаць
  • user
    16.10.2024
    Можно подумать он мог что-то другое сказать...
  • Мінчук
    16.10.2024
    Віленчук, лапці плялі вашыя ўсходнія гаспадары з масковіі

Кубракоў даводзіў, што міліцыянт Згірскі не датычны да банды налётчыкаў. Цяпер таго судзяць — пагражае да 20 гадоў3

Кубракоў даводзіў, што міліцыянт Згірскі не датычны да банды налётчыкаў. Цяпер таго судзяць — пагражае да 20 гадоў

Усе навіны →
Усе навіны

Падарыў кватэру сваяку, а пасля пашкадаваў. Ці можна адмяніць дагавор?

Фірма, якая належала мадэлі з Мінска, адпраўляла ў Расію брытанскую вайсковую оптыку6

У 52 гады памёр лукашэнкаўскі прапагандыст Дзмітрый Крат14

Блакітнае святло смартфонаў выклікае заўчаснае палавое даспяванне дзяцей — вучоныя2

СБУ паказала рэшткі расійскай ракеты «Арэшнік»1

Што ў згубленых пасылках, якія прадаюць па 10 рублёў? Журналісты правялі эксперымент

«Нібыта людзі з іншай планеты». Чым уразіла Беларусь замежнікаў, якія прыехалі па бязвізе14

Модны аўтамат з нашумелым кобрынскім марозівам паставілі ў Мінску2

Як хлопец з Бабруйска стаў зоркай ва Украіне6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Кубракоў даводзіў, што міліцыянт Згірскі не датычны да банды налётчыкаў. Цяпер таго судзяць — пагражае да 20 гадоў3

Кубракоў даводзіў, што міліцыянт Згірскі не датычны да банды налётчыкаў. Цяпер таго судзяць — пагражае да 20 гадоў

Галоўнае
Усе навіны →