Разляцеўся фэйк, быццам Тэйлар Свіфт страціла 17 мільёнаў падпісчыкаў, бо не падтрымала Трампа
Фэйк распаўсюдзіла адна з найбуйнейшых і прэстыжных асацыяцый гольфа ЗША, якая падтрымлівае Дональда Трампа. Для пераканаўчасці ўкіду афіцыйны акаўнт асацыяцыі нават падрабіў скрыншот старонкі Тэйлар Свіфт у інстаграме. Аднак у рэальнасці папулярнасць спявачкі толькі ўзрасла.
Афіцыйны твітар-акаўнт прэстыжнай асацыяцыі гольфа ЗША PGA Tour (Professional Golfers' Association Tour), які ладзіць буйныя спаборніцтвы паміж прафесійнымі гульцамі ў гольф па ўсім свеце, апублікаваў фэйк аб нібыта велізарных стратах падпісчыкаў у Тэйлар Свіфт пасля таго, як яна падтрымала прэзідэнцкую кандыдатуру Камалы Харыс.
Як запэўнівае акаўнт PGA Tour, на мінулым тыдні ў Тэйлар Свіфт быў 301 мільён падпісчыкаў у інстаграм. А пасля таго, як спявачка падтрымала Камалу Харыс, а не Дональда Трампа, то за пяць дзён нібыта страціла 17 мільёнаў падпісчыкаў. Потым акаўнт асацыяцыі ў каментарах пад допісам дадаў, што калі б спявачка падтрымала менавіта Трампа, то імгненна б прыцягнула яшчэ больш за сотню мільёнаў падпісчыкаў.
Сам PGA Tour публічна падтрымлівае Дональда Трампа, аб чым адкрыта піша ў твітары.
Taylor Swift had 301 Million Instagram followers last week.
She endorsed Kamala Harris 5 days ago.
She now only has 284 Million followers.
She lost 17 Million followers by endorsing Kamala pic.twitter.com/vF72OrYZsR
У каментары пад допіс, які цяпер набраў больш за 2,5 мільёна праглядаў, набегла велізарнае мноства захопленых прыхільнікаў Трампа, якія дагэтуль злараднічаюць з-за страты папулярнасці Свіфт.
Аднак знайшліся і тыя, хто не паверыў публікацыі і запатрабаваў ад акаўнта PGA Tour доказы. Той у адказ паказаў скрыншот інстаграм-старонкі Свіфт, нібыта зроблены пяць дзён таму і дзе бачныя ўжо 306 мільёнаў падпісчыкаў спявачкі (а не 301, як сцвярджаў акаўнт раней). Карыстальнікі прыняліся правяраць інфармацыю ў спецыяльных сэрвісах па адсочванні інтэрнет-трафіку ў сацсетках і вылічылі, што PGA Tour не толькі схлусіў, але і падрабіў скрыншот.
Адзін з карыстальнікаў, які знайшоў доказы хлусні, прад'явіў гэта асацыяцыі гольфа ў каментарах, але адразу ж быў заблакаваны. Блакаваліся і іншыя карыстальнікі, якія падвяргалі сумневу хлуслівыя сцвярджэнні акаўнта PGA Tour.
Праверылі допіс PGA Tour на праўдзівасць і мы. Папулярны сэрвіс па адсочванні трафіку ў інстаграме InsTrack паказвае, што 300 мільёнаў падпісчыкаў на старонцы Свіфт ніколі не было, а пяць дзён таму на спявачку былі падпісаныя 283,9 мільёна чалавек.
Сэрвіс паказаў, што пасля публікацыі ў падтрымку Камалы Харыс Свіфт наадварот стала яшчэ больш папулярнай і атрымала каля 136 тысяч падпісчыкаў.
Тыдзень таму, пасля дэбатаў Харыс і Трамп, спявачка публічна абвясціла, што падтрымлівае кандыдатку ад Дэмакратычнай партыі.
Паводле слоў Свіфт, яна выбірае Харыс, таму што ЗША патрэбны спакой, а не хаос, і дэмакраты змагаюцца за правы ЛГБТК+ і жанчын. Свой допіс яна суправадзіла фатаграфіяй з катом і падпісала яго «бяздзетная кашатніца», які адсылае да слоў сенатара Джэй Дзі Вэнса, віцэ-прэзідэнта ў камандзе Трампа. Вэнс тры гады таму назваў прадстаўнікоў дэмпартыі, у тым Харыс, «бяздзетнымі кашатнікамі, якія хочуць зрабіць астатнюю частку краіны няшчаснай».
За гэты час допіс Свіфт сабраў больш за 11 мільёнаў лайкаў, а па яе рэферальнай спасылцы на дзяржаўны сайт з інфармацыяй аб выбарах перайшлі больш за 300 тысяч чалавек. Нават Камала Харыс пачала крытыкаваць Трампа, спасылаючыся на песні Свіфт.
Сам Трамп у адказ на публічную пазіцыю Свіфт напісаў ва ўласнай сацыяльнай сетцы Truth Social капслокам, што ненавідзіць спявачку.
Узровень уплыву поп-зорак на выбары ў ЗША — цяпер адна з тэм, якую найбольш абмяркоўваюцца ў краіне. Музыканты і цэлыя гурты сабатуюць кампанію Трампа, які выкарыстоўвае іх музыку, падаюць пазовы і выступаюць з публічнымі заявамі супраць мільярдэра. Напрыклад, шведская ABBA запатрабавала спыніць выкарыстанне яе музыкі на мерапрыемствах рэспубліканцаў, а The White Stripes падала ў суд на Трампа, назваўшы яго «фашыстам» за «абуральнае прысваенне» песні.
Трамп на дэбатах з Харыс заявіў, што мігранты ядуць катоў і сабак амерыканцаў. Адкуль узяўся гэты мем?
«Якасці, якія ў Лукашэнкі ўспрымаюцца з негатывам, у Трампе выклікаюць сімпатыі». Беларускі ЗША распавялі, за каго будуць галасаваць
Фанаты Тэйлар Свіфт ператварылі яе безыменную кнігу ў мегапапулярны бестселер. Як потым высветлілася, кнігу спявачка ўвогуле не пісала
Каментары