З 16 верасня ўступілі ў сілу новыя правілы па ўвозе сабак і катоў з Беларусі ў ЕС.
Беларусь і Расію выключылі са спісу краін, вызваленых ад абавязку праходзіць тэст на цітр антыцелаў да вірусу шаленства, нагадвае Dzik Pic.
Гэта змяненне прадугледжвае трохмесячны перыяд чакання для сабак, катоў і тхароў перад уездам на тэрыторыю Еўрапейскага Саюза, і адлічваецца з дня забору крыві для даследавання.
Калі гадаванец едзе ў Еўрасаюз
Галоўны дзяржаўны ветэрынар Дэпартамента памежнага кантролю Літвы Аліцыя Заранковіч раней папярэджвала, што з верасня гэтага года:
— для ўвозу ў Еўрасаюз сабак, катоў або тхароў з Беларусі трэба праводзіць тэст на антыцелы да шаленства;
— узор тэсту на антыцелы да шаленства трэба ўзяць як мінімум праз 30 дзён пасля вакцынацыі супраць шаленства і як мінімум за 3 месяцы да выдачы ветэрынарнага сертыфіката і ўезду ў ЕС;
— тэст павінен праводзіцца ў зацверджанай лабараторыі.
Гадаванцы таксама абавязаны мець ветэрынарны сертыфікат узору ЕС, выдадзены Дзяржаўным ветэрынарам трэцяй краіны. А яшчэ — падскурны мікрачып або татуіроўку (зробленую да 3 ліпеня 2011 года).
А што, калі гадаванец вяртаецца з ЕС у Беларусь?
У такой жывёлы павінен быць пашпарт хатняй жывёлы для ўвозу ў ЕС; падскурны мікрачып або татуіроўка; прышчэпка ад шаленства.
Таксама з 16 верасня неабходна будзе падаць інфармацыю, што жывёлу сералагічна праверылі на антыцелы да шаленства перад выездам з ЕС.
Каментары