Спявачка Рыта Дакота выпускае калекцыю дарагіх купальнікаў з «сэксі-прапорцыямі»
Беларуская спявачка Рыта Дакота прэзентавала купальнік уласнага дызайну, які карэктуе фігуру.
Рыта Дакота распавяла ў інстаграме, што выпускае калекцыю купальнікаў сумесна з брэндам RoDaSoleil. Гэты брэнд спецыялізуецца на адзенні для купання з інавацыйнай тканіны, якая, як рэкламуецца, замяняе сонцаахоўны крэм з SPF 35. Вытворца сцвярджае, што разумныя купальнікі прапускаюць прыкладна 70% ультрафіялетавых прамянёў і забяспечваюць дастатковую абарону ад сонечных апёкаў.
Спявачка кажа, што сама прыдумвала некалькі дызайнаў, якія візуальна карэктуюць фігуру і ствараюць «сэксі-прапорцыі». А правярала артыстка ўсё на сяброўках з рознымі тыпамі фігур.
— Прасцей кажучы, гэта купальнікі «з убудаванай упэўненасцю ў сабе», створаныя дзяўчынкай, у якой усё жыццё былі комплексы на пляжы і таму яна як ніхто разбіраецца ў формах купальнікаў для іншых дзяўчынак, якія таксама хочуць быць прыгажунямі на пляжы.
Прадэманстравала спявачка пакуль толькі першую мадэль і папрасіла падпісчыц дапамагчы прыдумаць для яе назву. Брэнд RoDaSoleil шые свае мадэлі ў Літве, а каштуюць іх купальнікі нятанна — у сярэднім каля 200 еўра.
Каментары