Трамп заявіў аб намеры зрабіць ЗША крыптавалютнай звышдзяржавай. Раней ён называў біткойн афёрай
Кандыдат у прэзідэнты ЗША ад Рэспубліканскай партыі стаў галоўным спікерам на мерапрыемстве, які сабраў найбольш уплывовых удзельнікаў крыптавалютнай супольнасці. Трамп папрасіў крыптавалютную індустрыю пра падтрымку яго на выбарах. Раней Трамп называў біткойн жульніцтвам, піша BBC.
Дональд Трамп выступаў каля 45 хвілін. Ён сярод іншага сцвярджаў, што Дэмакратычная партыя і асабіста віцэ-прэзідэнт Камала Харыс, яго верагодная суперніца на выбарах, «супраць крыпты».
Трамп заявіў, што мае намер ператварыць ЗША ў «крыптасталіцу планеты», калі прыйдзе да ўлады.
«Калі крыптавалюта будзе вызначаць будучыню, я хачу, каб яе майнілі, чаканілі і выраблялі ў ЗША», — сказаў ён.
«Сёння днём я выкажу свой план, які дасць магчымасць Злучаным Штатам стаць крыптасталіцай планеты і біткойн-звышдзяржавай свету, і мы гэтага дасягнем», — дадаў Трамп.
Ён адзначыў, што мае намер стварыць «стратэгічны рэзерв» біткойну ў краіне ў выпадку прыходу да ўлады.
Цяперашняя падтрымка Трампам крыптавалютного бізнесу і барацьба за яго сімпатыі рэзка кантрастуе з яго ж пазіцыяй 2021 года, калі ён казаў тэлеканалу Fox Business, што біткойн— гэта афёра, якая цісне на курс даляра.
Каментары