Сталі вядомыя новыя падрабязнасці інцыдэнту ў лесе ў Варшаве: педафіліі не было, затое быў разбой
Нядаўна паведамлялася, што ў Варшаве беларускія і ўкраінскія падлеткі нібыта на жыўца лавілі педафіла, а той адбіваўся ад іх нажом. Выглядае, аднак, што ўсё было не зусім так. Новыя падрабязнасці бойкі ў варшаўскім лесе прыводзяць польскія медыя, піша Most.
На самай справе падлеткі з Беларусі і Украіны, якія цяпер жывуць у Варшаве, задумалі абрабаваць 26-гадовага мужчыну, грамадзяніна Узбекістана. Для гэтага 13-гадовая беларуска завабіла яго ў лес пад назвай Брудноўскі. У узбека, які прыехаў на сустрэчу, пры сабе апынуўся нож, якім ён, абараняючыся, параніў двух украінскіх падлеткаў.
Паводле звестак выдання Fakt, беларуска пазнаёмілася з мужчынам у адным з дадаткаў для знаёмстваў. На 22 ліпеня яна прызначыла яму сустрэчу ў Брудноўскім лесе, недалёка ад гандлёвага цэнтра Atrium Targówek.
У гэтым месцы ахвяру чакалі трое ўкраінскіх падлеткаў — дваім па 15 гадоў, а аднаму 16. Яны папярэдне схавалі непадалёк тэлескапічныя палкі і кішэнныя нажы.
Калі мужчына прыехаў на сустрэчу, падлеткі накінуліся на яго з розных бакоў і адабралі ключы ад машыны ды тэлефон. Аднак у мужчыны быў пры сабе нож, абараняючыся якім, ён нанёс дваім маладым людзям колата-рэзаныя раны рук, а аднаму з іх — таксама два раненні ў вобласць рэбраў. На шчасце, лёгкае аказалася не прабіта, але падлетка ўсё ж прыйшлося шпіталізаваць.
Падлеткі пасля таго з крыкамі сталі разбягацца, узбек таксама пакінуў месца здарэння. Аднак ягоныя асабістыя рэчы засталіся ў лесе. Следчыя знайшлі тэлефон, шапку, пачак цыгарэт і ключы ад кватэры.
Раней паведамлялася, што мужчына выпусціў рэчы падчас бойкі, аднак, верагодна, усё гэта першапачаткова адабралі падлеткі. Мужчыну вылічылі і затрымалі цягам гадзіны.
Паліцыя вінаваціць грамадзяніна Узбекістана у прычыненні сярэдняй і лёгкай шкоды здароўю, за гэта злачынства пагражае да двух гадоў пазбаўлення волі. Ён не арыштаваны, але яму забаронена пакідаць Польшчу, і ў дачыненні да яго ўведзены паліцэйскі нагляд.
Дапытаўшы мужчыну і вывучыўшы доказы, следчыя прынялі рашэнне затрымаць таксама падлеткаў.
Паводле звестак выдання Gazeta Wyborcza, іх падазраюць у разбойным нападзе, а 13-гадовая беларуская дзяўчынка павінна будзе адказаць за дапамогу ў разбоі. На тры месяцы яе змясцілі ў моладзевы выхаваўчы цэнтр.
Дарослым за такі разбойны напад можа пагражаць да 15 гадоў пазбаўлення волі, альбо да 20 гадоў, калі для нападу выкарыстоўваюцца небяспечныя прадметы.
Каментары