Расійскі салдат прыстрэліў параненага калегу. Прапаганда спрабавала спіхнуць гэта на ўкраінцаў
Тэлеканал «Настоящее время» і звязаны з ім расследавальніцкі праект «Сістэма» выпусцілі расследаванне аб забойстве вайскоўца, якога застрэліў калега ў раёне Рабоціна ў Запарожскай вобласці. Відэа ў нізкім разрозненні, знятае дронам, раней шырока разышлося ў расійскіх Z-каналах. Таксама запіс паказалі ў эфіры тэлеканала «Расія 24», расійскія прапагандысты сцвярджалі, што гэта ўкраінскія вайскоўцы. Насамрэч жа ўсё аказалася зусім наадварот, піша «Медуза».
Аўтары расследавання прааналізавалі відэа забойства, якое зрабіў беспілотнік, атрымаўшы арыгінальны запіс у вялікім разрозненні ад вайскоўцаў 118-й брыгады УСУ (гэтая брыгада запусціла дрон). Па некалькіх прыкметах журналісты вызначылі, што ў кадр трапілі расійскія вайскоўцы, а не ўкраінскія.
У відэа трое вайскоўцаў у камуфляванай вопратцы без апазнавальных знакаў бягуць па дарозе. Побач з адным з іх выбухае беспілотнік. Вайсковец падае, відавочна, атрымаўшы раненні. Саслужывец, які бег за ім, падыходзіць да параненага. Той паказвае яму на сваю галаву. Калега забівае параненага стрэлам у галаву. Вайсковец, які атрымаў раненні і пасля забіты, паказаны ў відэа без зброі.
Увага. У відэа паказаны момант забойства. Занадта чуллівым людзям не варта глядзець яго.
У арыгінальным відэа, падкрэсліваюць аўтары расследавання, можна разгледзець дэталі, непрыкметныя ў версіі запісу, які публікавалі тэлеграм-каналы. Вось якія моманты вылучылі аўтары расследавання:
- З-пад камуфляжных штаноў забітага вайскоўца высоўваецца палоска ніжняй бялізны. Гэта кітайскія трусы BOKAI, якія распаўсюджаныя ў Расіі. Раней такія трусы таксама прадавалі і ва Украіне, але як мінімум апошнія два гады іх амаль немагчыма купіць.
- Штаны на вайскоўцах на відэазапісе падобныя на лінейку камуфляванага адзення A-Tacs FG, якое носяць расійскія вайскоўцы. Пры гэтым ва ўкраінскіх крамах таксама можна купіць штаны такой расфарбоўкі.
- У відэа можна разглядзець аўтамат, з якога вайсковец забівае калегу. Гэта АК-12, які «Калашнікаў» запусціў у вытворчасць у 2018 годзе. Мяркуючы з відэа на расійскіх вайсковых рэсурсах, расійскія салдаты раней выкарыстоўвалі АК-12 у Рабоціне, дзе знятае відэа. Пры гэтым ва УСУ ёсць трафейныя аўтаматы АК-12.
Журналісты «Настоящего времени» атрымалі ад УСУ здымку з камеры FPV-дрона, які наносіць удар па адным з вайскоўцаў. На запісе паказаны момант паражэння. «Наяўнасць другой здымкі выразна сведчыць пра тое, што ўвесь сюжэт — не пастаноўка», — гаворыцца ў матэрыяле.
Журналісты пагаварылі з двума вайскоўцамі 118-й брыгады УСУ, якія сталі сведкамі таго, як адзін вайсковец забівае іншага. Аператар дрона з пазыўным «Шустры», які зняў відэа, расказаў, што ўбачыў у траншэі чатырох чалавек: адзін з іх быў мёртвы, а трое іншых, на яго думку, не, паколькі вакол іх не было крыві і мух. Калі да іх падляцеў FPV-дрон, трое вайскоўцаў падскочылі і пабеглі ад яго, дрон ударыў па вайскоўцу, які бег у цэнтры.
«Было відаць, што ён не ўстане, што яму перабіла ногі і што эвакуацыя да яго туды 100 адсоткаў не даедзе. Побач прабягаў ягоны пабрацім, і ён паказаў яму рукой, маўляў, дабі мяне, калі ласка. І той без усялякай спагады ўзяў і імгненна яго прыстукнуў. Я быў трохі шакаваны. Гэта ж твой пабрацім. А ты яго бярэш і так забіваеш. Маглі б пастарацца хоць бы ў кусты яго адцягнуць», — расказаў Шустры.
Таксама з журналістамі пагаварыў украінскі вайсковец з пазыўным «Ціхоня», ён кіраваў FPV-дронам, які нанёс удар па вайскоўцу. Па словах Ціхоні, двое вайскоўцаў, якія засталіся жывыя, уцяклі і спрабавалі схавацца ў кустах, але хутка УСУ нанеслі па іх удар іншым дронам. Шустры сцвярджае, што ніхто з трох расійскіх вайскоўцаў, якія трапілі на відэа, не выжыў.
Журналісты адзначылі, што не змаглі незалежна пацвердзіць інфармацыю, што двое астатніх членаў гэтай групы загінулі.
Як Украіна вызваляе з Беларусі сваіх. Тлумачэнне ўкраінскага эксперта
Z-блогер пахваліўся, што ў Бярдзянску «адправіў на падвал» дзяўчыну за тое, што яна гаварыла з ім па-ўкраінску
«ПВК Вагнер» завербавала на вайну ва Украіне ў калоніях 48 тысяч зняволеных. З іх пад Бахмутам загінулі не менш за 17 тысяч
Каментары