Орбан прыбыў у Кіеў і паабяцаў «першыя крокі да міру» ўжо падчас візіту
Прэмʼер-міністр Венгрыі Віктар Орбан упершыню з пачатку поўнамаштабнай вайны прыбыў у Кіеў. Напярэдадні ён анансаваў «першыя крокі» для садзейнічання міру ва Украіне, піша «Еўрапейская праўда».
Віктар Орбан прыбыў у Кіеў раніцай 2 ліпеня. Картэж венгерскага прэмʼера са шматлікіх аўто прыбыў да пасольства Венгрыі.
У яго запланаваны сустрэчы з прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім і іншымі топ-чыноўнікамі. Прадстаўнік венгерскага ўрада пацвердзіў, што найважнейшай тэмай дыскусіі стане магчымасць стварэння міру.
У панядзелак вечарам Віктар Орбан даў інтэрвʼю М1, у якім расказаў пра старшынства Венгрыі ў Савеце ЕС і пра тое, якіх мэт Будапешт плануе дасягнуць у бліжэйшыя паўгода.
Орбана спыталі, што можа зрабіць Венгрыя падчас свайго старшынства, каб спыніць вайну ва Украіне. На гэта ён адказаў, што першыя крокі для садзейнічання міру будуць зроблены ў аўторак.
«Калі вы паглядзіце заўтрашнюю прэсу, вы ўжо ўбачыце першыя крокі», — сказаў кіраўнік венгерскага ўрада.
Каментары