Улады ЗША прапануюць $10 мільёнаў за інфармацыю пра грамадзяніна Расіі
Што ён зрабіў?
Як піша The Washington Post, федэральнае вялікае журы на гэтым тыдні выставіла абвінавачанне, а акруговы суд штата Мэрылэнд выдаў ордар на арышт 22-гадовага грамадзяніна Расіі Аміна Стыгала, які, па словах пракурораў, застаецца на свабодзе. Федэральныя ўлады прапануюць узнагароджанне ў памеры да 10 мільёнаў долараў за інфармацыю пра яго месцазнаходжанне.
Амін Стыгал абвінавачваецца ў датычнасці да маштабнай кібератакі, вядомай як WhisperGate, на камп'ютарныя сістэмы ўкраінскага ўрада перад пачаткам ваеннай агрэсіі Расіі. Атака таксама была накіраваная на адну з краін-саюзніц Украіны ў Цэнтральнай Еўропе і ўключала «пробінг» (прамацванне) камп'ютарных сістэм урадавых аб'ектаў ЗША ў Мэрылэндзе.
Як гаворыцца ў абвінаваўчым заключэнні, WhisperGate пачалася прыкладна за месяц да пачатку вайны. Выконваючы інструкцыі афіцэраў расійскай вайсковай разведкі з ГРУ, Стыгал узламаў камп'ютары дзясяткаў украінскіх дзяржаўных структур, у тым ліку тых, што мелі адносіны да крытычна важнай інфраструктуры.
Мужчына выкарыстаў праграмнае забеспячэнне, замаскіраванае пад праграмы-вымагальнікі, калі доступ да файлаў блакуецца да той пары, пакуль не будзе выплачаны выкуп. Але на самай справе файлы былі цалкам выдаленыя.
WhisperGate таксама скраў і зліў асабістыя даныя, у тым ліку медыцынскія карты тысяч украінцаў, што, па словах федэральных уладаў ЗША, павінна было «пасеяць занепакоенасць сярод украінскіх грамадзян» адносна бяспекі і надзейнасці сістэм іх урада.
У кастрычніку 2022 года Стыгал і расійскія вайскоўцы таксама ўзламалі транспартную інфраструктуру адной з краін Цэнтральнай Еўропы, якая падтрымлівала Украіну, аказваючы ёй цывільную і вайсковую дапамогу. Што гэта за краіна, у судовых дакументах не канкрэтызуецца.
Федэральныя пракуроры таксама сцвярджаюць, што са снежня 2020 года і дагэтуль расійскія вайскоўцы сканавалі абароненыя ўрадавыя камп'ютары па ўсім свеце, у якасці «папярэдняга кроку да атрымання несанкцыянаванага доступу». Толькі на вэб-сайты ўрада ЗША, размешчаныя на абароненых камп'ютарах у Мэрылэндзе, расійскія вайскоўцы і Стыгал зрабілі 63 пранікненні для выяўлення ўразлівасцяў.
Узнагарода за інфармацыю пра месцазнаходжанне Стыгала будзе выплачаная Фондам «Узнагарода за дапамогу правасуддзю» (Rewards for Justice) Дзярждэпартамента ЗША.
«Зламыснікі, якія атакуюць нашых саюзнікаў, павінны ведаць, што мы будзем пераследаваць іх па ўсёй строгасці закона», — цытуе выданне словы пракурора ЗША ў Мэрылэндзе Эрэка Бэрона (Erek Barron).
Расійскія хакеры знаходзіліся ў сістэме аднаго з найбуйнейшых мабільных аператараў Украіны з мая 2023 года
Reuters: Расія стаяла за кібератакай на спадарожнікавую інтэрнэт-сетку ва Украіне
З'явіліся новыя падрабязнасці кібератакі на Украіну. Microsoft кажа аб маштабным пашкоджанні сервераў і знішчэнні звестак
Хакерская атака, у якой падазраюць беларускую разведку, пахавала мроі Украіны пра «дзяржаву ў смартфоне»
«Бойцеся і чакайце горшага». Хакеры атакавалі ўкраінскія ўрадавыя сайты і партал дзяржпаслуг «Дія»
Каментары