Злавілі ляшча. Незаконная рыбная лоўля каштавала жыхарам Любаншчыны 90 тысяч рублёў
Майскай ноччу двое мясцовых жыхароў выйшлі на промысел.
Яны паставілі 800 м сетак на Любанскім вадасховішчы, са звычайнай надзіманай лодкі, пішуць Мінск-навіны.
Лешч акурат ішоў на нераст, таму густа набіваўся ў сеткі.
Але затым дарогу браканьерам перакрылі прыродаахоўнікі.
Памер шкоды, нанесенай прыродзе, у Беларусі вымяраецца па спецыяльных таксах. Гэта абумоўленыя тарыфы ў базавых велічынях, дзе ўсё залежыць ад каштоўнасці таго ці іншага віду рыбы, яе арэала пражывання ды інш.
У мяшках знаходзіліся звыш 200 штук ляшча, некалькі самоў, судакоў, шчупакоў і ліняў. Падняць увесь улоў цяжка было нават утрох: яго вага склала 213 кг. На месца здарэння выклікалі следча-аператыўную групу Старадарожскага РАУС.
За спусташэнне Любанскага вадасховішча браканьеры павінны выплаціць 89 520 рублёў. А наперадзе яшчэ суд па ч. 4 арт. 281 КК (незаконная здабыча рыбы або іншых водных жывёл). Тут ім пагражае да шасці гадоў зняволення.
Каментары