Краіны НАТА папрасілі Зяленскага не патрабаваць сяброўства Украіны ў альянсе
Галоўным чынам супраць удакладнення тэрмінаў уступлення Украіны ў альянс і паскарэння гэтай працэдуры выступаюць ЗША і Германія.
Саюзнікі Украіны папрасілі прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага не патрабаваць «немагчымага» — хуткага ўступлення краіны ў НАТА, піша Moscow Times са спасылкай на The Telegraph.
У прыватнасці, Зяленскага просяць не ціснуць на асобных членаў альянсу, каб яны не выступалі ў падтрымку дакладнага графіка ўключэння Украіны ў склад блока. Гэта звязана з расколам у альянсе па гэтым пытанні, які ўзнік яшчэ летась.
Галоўным чынам супраць удакладнення тэрмінаў уступлення Украіны ў альянс і паскарэння гэтай працэдуры выступаюць ЗША і Германія
Яны баяцца ўцягвання НАТА ў канфлікт з Расіяй у выніку такога кроку. У той жа час Вялікабрытанія, Літва і Францыя настойваюць, каб выніковы дакумент ліпеньскага саміту НАТА ў Вашынгтоне змяшчаў слова «запрашэнне» ў якой-небудзь фармулёўцы.
Па даных The Telegraph, на гэты момант саюзнікі прыйшлі да пагаднення, паводле якога на будучым саміце будзе зацверджана дарожная карта ўступлення Украіны ў НАТА ў знак падтрымкі гэтага працэсу.
«Гэта не запрашэнне, але гэта найбольш блізкі да гэтага крок», — растлумачыў выданню неназваны дыпламат.
Каментары