Літаратура11

Героі — падлеткі з Мінска, якія бароняць свет ад Зла

У сакавіку выйшла другая кніга «Вольнераў» Валера Гапеева. Пра яе піша Зося Лугавая.

Першая кніга выходзіла летась, і па словах аўтара, ён ужо працуе над трэцяй часткай. Такая аўтарская прадуктыўнасць і выдавецкі спрыт — вельмі каштоўныя, бо раней беларускія фэнтэзі-серыі часта заставаліся незавершаныя ці выходзілі нерэгулярна: напрыклад, «Кніга здольных» Святланы Аўдзейчык ці «Ключ дарог» Ліліі Ільюшынай. Больш за ўсё спадзеваў на працяг «Казіка з Каменнай горкі» Алеся Кудрыцкага, які, як і «Вольнеры», выходзіў летась. Але ніякіх канкрэтных тэрмінаў ні аўтар, ні выдавецтва пакуль не агучвалі. 

«Вольнеры» — гэта беларускае фэнтэзі на падмурку тутэйшай міфалогіі. Героі першай кнігі — менскія падлеткі Цімафей (Цім), Крысціна (Крыс) і Эдуард (Эд). Фармальна яны ўсе аднакласнікі, але Эд знаходзіцца на хатнім навучанні, бо праз хваробу ўжо некалькі год перасоўваецца на інвалідным вазку. Цім і Крыс незалежна адно ад аднаго пачынаюць бачыць істотаў з іншасвету. А пасля, крыху сцяміўшы, што да чаго, самі трапляюць туды, каб аднавіць баланс паміж Дабром і Злом. Менавіта тады, калі яны па сваёй волі прымаюць рашэнне бараніць наш свет ад Зла, яны становяцца вольнерамі.

Сюжэт даволі пакручасты. На самым пачатку Жыва, багіня жыцця і вясны, падзяліла сусвет на два: міфічныя істоты засталіся ў адным, а людзі перайшлі ў другі. Берагіня ж стварыла кубак, з якога вада лілася ў крыніцы чалавечага сусвету. Дзякуючы яму людзі маглі адрозніць праўду ад няпраўды, а дабро ад зла. І тут прыгадваецца бэстселер фэнтэзі 2010-х — кніга «Сем камянёў» Аляксея Шэіна. У ёй таксама сюжэт завязваўся вакол вады і артэфактаў (камянёў), якія трэба знайсці. Але «Вольнеры» разлічаны на старэйшую аўдыторыю, таму тут фабула складанейшая. 

Зладзейка Лацынра, якая невядомым шляхам прыйшла ў іншасвет, захацела займець кубак Берагіні, каб валадарыць у свеце людзей. Слугі Лацынры скралі кубак, але па дарозе разбілі яго. Пярун абгарнуў аскепкі глінай, а крумкачы разнеслі іх па двух сусветах. Цяпер Лацынра шукае гэтыя аскепкі. Колькасць аскепкаў вызначае адсоткак злосці, абыякавасці і чалавечай абмежаванасці ў свеце.

Цягам першай кнігі баланс сілаў некалькі разоў мяняецца, і калі героі губляюць аскепак, то чалавечы сусвет змяняецца ў горшы бок. Напрыклад, у ім з’яўляецца культ спорту і здароўя, а інвалідам забаронена з’яўляцца ў грамадскіх месцах. Напрыканцы першай часткі вольнеры губляюць яшчэ адзін аскепак. Эд вырашае застацца ў іншасвеце, бо здагадваецца: у новай рэчаіснасці ён будзе максімальна ізаляваны і абмежаваны ў дзеяннях. Крыс і Цім вяртаюцца ў даволі вусцішную рэальнасць, дзе школа стала амаль казармай, школьнікі называюцца дапрызыўнікамі, а галоўны аспект у адукацыі — фізічная падрыхтоўка і патрыятычнае выхаванне.

«Пасля абеду мы мелі трыццаць хвілін вольнага часу. Потым дапрызыўная падрыхтоўка: стральба, фізічныя практыкаванні, але найбольш часу мы вучыліся маршыраваць, хадзіць строем, рабіць павароты, аддаваць чэсць, спяваць страявую песню. Ад сямнаццатай да васямнаццатай асабісты час. Але без дазволу пакідаць школу. Дзве з паловай гадзіны на самападрыхтоўку. Прагляд тэлевізійных навін і яшчэ якой-небудзь праграмы. Падрыхтоўка да сну. Вячэрні туалет. Адбой…»

Гэта сумны і бедны свет:

«Дзяльба туалетнай паперы гэта цэлы рытуал, на яго аддаецца пятнаццаць хвілін двухгадзіннага ўрока патрыятызму… Класная пры гэтым аж свеціцца. Яна не стамляецца падкрэсліваць, што дзяльба туалетнай паперы гэта найлепшы паказчык дэмакратыі ў нашай дзяржаве: кожны на свае вочы бачыць працэс справядлівага размеркавання даброт. Дэмакратыя, такім чынам, пачынаецца з туалетнай паперы, Дакладней, са справядлівай яе дзяльбы».

Розныя версіі сусвету добра прапрацаваны, у іх верыш і часам нават адчуваеш дрыжыкі на скуры. А вось міфалагічнасць выглядае ўтрыраванай: быццам міфічныя істоты натоўпам выйшлі са старонак энцыклапедычнага слоўніка «Беларуская міфалогія» і ласкава завіталі ў цыкл Валера Гапеева. У першай частцы гэта шэшкі, злыдні, смактуны, лойма і хатнік, зазоўкі, Вужыны кароль з вужалкамі. У другой кнізе да іх далучацца Балацянік з Балацяніцай, Дабрахожы, Мара, бог сонца і вясны Ярыла, багіня смерці Паляндра.

Валера Гапеева раней крытыкавалі за патрыярхальнасць, схематычныя жаночыя персанажы, а часам і за сэксізм. Але ў апошніх кнігах аўтар і гучыць сучасна, і грунтоўней прапрацоўвае жаночыя вобразы. Пра пазіцыю аўтара ў гендарным пытанні можна, дарэчы, даведацца ў красавіцкім выпуску падкаста «Літрадыё» з Андрэем Дудко. 

«…сам-насам з хлопцам дзяўчына заўсёды перайграе яго ў разумовай бітве! У нас планы, а любы план раскрыць можна. А вы непрадказальныя. Вы рашаеце ў адзін час тры праблемы пяццю спосабамі».

У другой кнізе цыкла аўтар мяняе апавядальніка. Калі ў «Прадвесці» пра прыгоды вольнераў расказваў Цім, то цяпер мы бачым падзеі вачыма Крыс. Акрамя гэтага, замест Эда да вольнераў далучаюцца яшчэ пяць аднакласнікаў: мацак Лёкса, мастак Яныч, разумнік Сяржук, прыгажуня Ніка і ціхоня Волечка. Парушыўшы безліч правілаў, падлеткі збягаюць са школы-казармы і спрабуюць знайсці дарогу да вёскі, дзе раней знаходзіўся праход у іншасвет. Знайсці яго няпроста, бо цяпер усё адбываецца не так, як папярэднія разы. Калі ж вольнеры туды трапляюць, аказваецца, што кожнаму з іх адведзеная свая роля. На ўсякім этапе выпрабаванняў хтосьці адзін мусіць застацца, каб іншыя рушылі далей. Напрыканцы Крыс застаецца адна і апошняе рашэнне ёй даводзіцца прымаць самастойна.

Сама ідэя падлеткавага фэнтэзі, якое абапіраецца на беларускую міфалогію, — файная, але калі першы том чытаўся даволі бадзёра, то другі хацелася б скараціць прынамсі на траціну. Сюжэт размываецца вялікай колькасцю зацягнутых дыялогаў. Героі шмат рэфлексуюць, прызнаюцца ва ўласных заганах, але робяць гэта так доўга і нудна, што часам проста немагчыма чытаць. Ёсць маналогі амаль на дзве старонкі. Прынцып «не расказваць, а паказваць», надзвычай актуальны менавіта для падлеткавай літаратуры, аўтар мала выкарыстоўвае. Усё гэта зніжае тэмп апавядання, тэкст губляе дынамічнасць.

«Сорамна ад аднаго ўспаміну, прашу цяпер прабачэння. А потым ты даверыўся мне цалкам са сваёй нібыта хваробай. У той вечар я забылася на свае… амбіцыі, так. Забылася, што табе са мной трэба адпавядаць маім патрабаванням. Забылася, што самой мне трэба трымацца нейкіх абавязковых правіл, каб быць… Кім? Каб адпавядаць чаму ці каму? Куды вялі мяне мае амбіцыі, кім я хацела стаць? Адрознай ад усіх? Дык мы ўсе, я ж так выразна сёння гэта бачу, розныя і тым цікавыя: сваёй рознасцю. Так, мая літара А амбіцыйнасць. Прабачце, калі яшчэ мільгане ўва мне гэтая рыса: патрабаваць ад іншых таго, чаго хачу я, а не патрабуе справа. Я абяцаю выправіцца…» 

У тэксце шмат цытат і адсылак да іншых аўтараў: ад класікаў беларускай літаратуры да сучасных класікаў рок-сцэны:

«У нас у мяне і маіх сяброў ёсць магчымасць вярнуць свет, у якім вы, мама і тата, летам бываеце ў археалагічных экспедыцыях. І спяваеце песню «Простыя словы, простыя рэчы». Той свет, я павярнулася да класнай, дзе, Яніна Дзмітрыеўна, Васіль Быкаў не забаронены пісьменнік. А любімы і паважаны. І Караткевіч не забаронены, і «Каласы пад сярпом тваім» мы вывучаем у школе, а Алесь Загорскі  ваш любімы герой»

Асобна хочацца адзначыць фігуру Дабрахожага. Прыязны дзядок, што зазірае ў хату, у якой на ноч спыніліся героі, пачынае спакушаць іх вярнуцца ў чалавечы свет. Прамаўляе ён так ладна, што ажно хочацца згадзіцца. А пасля разумееш: гэта той самы морак, якім тлумяць галовы людзям тыя, хто маюць уладу ці прагнуць яе:

«Трэба ва ўсім шукаць радасць, тады і шчасце знойдзецца! Ад дабра не дабра шукаюць, а лепшае вораг добрага. Хіба ж не так? У вас там будучыня акрэсленая, клопат пра вас вялікі, а ў іншым свеце як стане? А свет жорсткі, свет злы! Колькі расчаравання вас чакацьме, колькі непрыемнасцей наперадзе, слёз ды крыўды, расчаравання ды шкадавання сустрэнеце? А тут цярпенне ды памяркоўнасць свой плён прынясуць, трэба толькі яго дачакацца. На гэтым свет і стаіць, а не на пошуках невядома чаго…».

Што чакаць у трэцяй частцы «Вольнераў»? Мяркую, раскрыцця тэмы здрады, бо цягам апошняга падарожжа ў іншасвет Цім і Крыс пачынаюць падазраваць Эда. Сустрэўшыся з былым сябрам у фінале другой кнігі, яны амаль пераконваюцца ў адступніцтве. Але — не ўсё так проста…

«Вольнеры. Бясконцы дзень», Валер Гапееў. Выдавецтва «Янушкевіч», 2024.

Каментары1

  • Лёля з-пад Оршы
    17.07.2024
    Гапееў быццам і норм піша, але жаночыя персанажы ў яго ўсе нейкія аднолькавыя. І здаецца, што і тут тое ж самае. Цікава, ці навучыцца ўрэшце дзядзька іх рабіць больш жывымі і рознымі? ))

Купіць мільярд за €230 мільёнаў. Продаж Прыёрбанка азалаціў бізнэсменаў удачы пры Лукашэнку13

Купіць мільярд за €230 мільёнаў. Продаж Прыёрбанка азалаціў бізнэсменаў удачы пры Лукашэнку

Усе навіны →
Усе навіны

Зянон Пазняк расказаў, чым займаўся 10 дзён ва Украіне61

«Пратэст завадчан у 2024». Найлепшыя твіты тыдня3

Беларускі вундэркінд Аляксей Маёраў забіў чатыры галы за «Рэал» і прывёў у захапленне іспанскую прэсу4

Украінскі дэпутат на форуме «добрых рускіх»: Важна пераносіць вайну ў Беларусь170

Ксяндзу Анджэю Юхневічу пагражаюць фэйкавымі абвінавачаннямі ў педафіліі2

«Перавыхоўваюць і мілітарызуюць». Для суда ў Гаазе падрыхтавалі даклад пра тое, хто і як вывозіць украінскіх дзяцей у Беларусь4

Пісьменнік і цырульнік Сяргей Календа пастрыг Андрэя Хадановіча проста на сцэне ФОТАФАКТ2

У Жодзіне мужчына памёр у паліклініцы ў чарзе па талоны18

У Расіі жорстка затрымалі ваеннага блогера «Трынаццатага»8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Купіць мільярд за €230 мільёнаў. Продаж Прыёрбанка азалаціў бізнэсменаў удачы пры Лукашэнку13

Купіць мільярд за €230 мільёнаў. Продаж Прыёрбанка азалаціў бізнэсменаў удачы пры Лукашэнку

Галоўнае
Усе навіны →